Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Рымашэўскі: “БХД дасьць альтэрнатыву як уладзе, так і сыстэмнай апазыцыі”


У Менску ў Палацы культуры МТЗ прайшоў III устаноўчы зьезд партыі “Беларуская хрысьціянскай дэмакратыя”. Пасьля першых двух устаноўчых зьездаў Мін'юст партыі не зарэгістраваў. Актывісты спадзяюцца, што трэцім разам удасца дамагчыся афіцыйнай рэгістрацыі.

Зьезд чарговы раз прагаласаваў за стварэньне партыі, яе назву, статут і кіраўніцтва з тым, каб перадаць ужо 17 верасьня дакумэнты на рэгістрацыю ў Мін'юст. Гэтае пытаньне было фактычна тэхнічным, паўторам галасаваньняў, што адбываліся на ранейшых двух устаноўчых зьездах.


Асноўны зьмест сёньняшняга зьезду БХД быў перадвыбарны. Партыя паўтарыла сваё папярэдняе рашэньне аб вылучэньні кандыдатам на прэзыдэнцкія выбары аднаго з сваіх лідэраў Віталя Рымашэўскага і аб зацьверджаньні тэзісаў ягонай выбарчай праграмы.

З прамоваю на зьезьдзе выступіў сам кандыдат ад БХД. Рымашэўскі заявіў, у прыватнасьці, што Беларуская хрысьціянская дэмакратыя і на гэтых выбарах прадставіць “альтэрнатыву як уладзе, гэтак і сыстэмнай апазыцыі”. Задаўшы самому сабе пытаньне пра шанцы на перамогу, Віталь Рымашэўскі адказаў:
У сёньняшніх умовах мае шанцы, як і шанцы любога кандыдата, роўныя нулю...


“У сёньняшніх умовах мае шанцы, як і шанцы любога дэмакратычнага кандыдата, роўныя нулю. Але ці разьлічвалі на перамогу Кастусь Каліноўскі, Канстанцін Астроскі? Я ведаю, што ёсьць такая сытуацыя, калі трэба ўставаць і змагацца, трэба бараніць Беларусь”.

Рэцэптам перамогі Рымашэўскі назваў адпаведнасьць палітычнай сілы патрабаваньням народу, і “калі гэтага БХД дасягне, то Бог дасьць такую перамогу”.

Зьезд БХД вырашыў, што ў выпадку, калі Віталя Рымашэўскага не зарэгіструюць у якасьці кандыдата ў прэзыдэнты, то партыя будзе весьці кампанію актыўнага байкоту і заклікаць беларусаў на плошчу. Пад плошчаю кіраўніцтва БХД разумее заклік да беларусаў выйсьці на плошчы і дамагчыся некрывавай, аксамітнай зьмены рэжыму.

Гучала на зьезьдзе таксама прапанова поўнага байкоту выбараў ад самага пачатку кампаніі, але яна не знайшла падтрымкі большасьці.

Выказваючыся аб стратэгіі партыі БХД у цяперашніх умовах, адзін зь яе лідэраў Павал Севярынец заявіў:
Пакуль рэжым Лукашэнкі і Крэмль аслабляюць адзін аднаго, нацыянальныя сілы павінны нарошчваць сваю моц...


“Пакуль рэжым Лукашэнкі і Крэмль ваююць паміж сабою і аслабляюць адзін аднаго, нацыянальныя сілы павінны нарошчваць сваю моц, каб у адказны момант уклініцца ў гэтую барацьбу і ў вырашальны час здабыць перамогу”.

Павал Севярынец перакананы, што Лукашэнка ў гэтым процістаяньні змагаецца выключна за ўтрыманьне ўлады, а Расея дэманструе жаданьне захапіць Беларусь або асобнай фэдэральнай акругай, або ў складзе шасьці абласьцей.

Таксама на зьезьдзе былі прынятыя папраўкі ў праграму, сярод якіх цікавасьць і дыскусію выклікалі прапановы скасаваць падзел Беларусі на вобласьці і раёны і ўвесьці падзел на 23 паветы, а таксама вярнуць спрадвечныя назвы органаў самакіраваньня – такія, як магістрат і бурмістар.

Хвілінаю маўчаньня ўдзельнікі зьезду ўшанавалі памяць журналіста Алега Бябеніна



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG