Цыганкоў: Чаму беларускае кіно, не гледзячы на такія істотныя фінансавыя ўліваньні, не зрабіла ніякага прарыву?
Міндлін: Уся краіна знаходзіцца ў рэжыме ручнога кіраваньня. І кіно знаходзіцца ў такім рэжыме. Паставілі задачу — зрабіць оскараносныя фільмы, атрымаць прызы на фэстывалях. Але кіно — гэта творчасьць. Творчасьць не існуе паводле загаду.
Зь іншага боку, гэта вытворчасьць. А яна патрабуе ня толькі грошай, але і прафэсіяналаў. А яны зьехалі зь «Беларусьфільму» за гэтыя гады — і рэжысэры, і апэратары, і мастакі.
Цыганкоў: Якія ёсьць шанцы, што беларускае кіно ў найбліжэйшыя гады можа ўзьняцца трохі вышэй ад цяперашняга ўзроўню?
Міндлін: Узьняцца зь якой мэтай? Выйсьці на нейкі агульны кінарынак — расейскі ці сусьветны?
Цыганкоў: Ну, хаця б запаўняць свой, беларускі рынак у той ступені, як запаўняюць свой рынак чэскія ці польскія фільмы.
Калі рабіць добрае масавае кіно, тады і шэдэўры зьявяцца.
Міндлін: Гэта вельмі складана. Па-першае, няма такіх грошай, каб гэта рабіць. А па-другое, няма патрэбы ў нашым грамадзтве ў іншым кіно, у сваім кіно.
Цыганкоў: Кінэматографы ня самых вялізных краінаў выбіраюць паміж двух шляхоў — альбо рабіць кіно масавае, для ўласнай публікі, альбо арыентавацца на міжнародныя фэстывалі элітнага кіно. Што павінна выбраць беларускае кіно?
Міндлін: Калі рабіць добрае масавае кіно, тады і шэдэўры зьявяцца. Дарэчы, у Беларусі быў шанец выйсьці на рынак сэрыялаў у пачатку 90-х. Тады рэжысэр Юры Хашчавацкі прапанаваў зрабіць тут нешта накшталт Балівуда, вытворчую базу, якая рабіла б сэрыялы. Тады сэрыялы не рабілі ані ў Расеі, ані ва Ўкраіне. Сёньня, на жаль, гэты рынак ужо запоўнены.