Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Г.Г. Вік пра палітыку ЭЗ адносна Беларусі і пра З.Пазьняка


Нямецкі экспэрт па Беларусі, былы кіраўнік групы АБСЭ ў Беларусі Ганс-Гэорг Вік у інтэрвію Deutsche Welle выказаў свой погляд на цяперашнюю пазыцыю Нямеччыны ў дачыненьні да дыялёгу Эўразьвязу з Беларусьсю.

Прапануем вашай увазе пераклад інтэрвію.

Deutsche Welle: Ці ёсьць у Нямеччыны свая стратэгія пабудовы адносін з Беларусьсю, адрозная ад лініі Эўразьвязу?

Ганс-Гэорг Вік: Тое, што пазыцыя Нямеччыны ў дачыненьні да Беларусі карэнным чынам адрозьніваецца ад пазыцыі Эўразьвязу, -- гэта ўсё выдумкі крытыкаў эўрапейскай палітыкі, якія існуюць яшчэ з пачатку прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі.

Самым яскравым выразьнікам гэтага меркаваньня быў Зянон Пазьняк, які выступаў і супраць Расеі, і супраць Нямеччыны. Такога кшталту выказваньні могуць толькі азначаць, што намаганьні ЭЗ, і, у прыватнасьці, Бэрліна па прасоўваньні дэмакратыі ў Беларусі проста ігнаруюцца.

Абвінавачваньні ў адрас Нямеччыны ў тым, што яна занадта паблажліва ставіцца да рэжыму Лукашэнкі, -- гэта адначасова і абвінавачваньні на адрас Эўразьвязу ў цэлым. Такое разуменьне палітыкі ЭЗ палягае ў няправільнай інтэрпрэтацыі.

З дапамогай дыялёгу мы імкнёмся ўцягнуць Беларусь у дэмакратычныя працэсы. Напрыклад, праграма "Усходняе партнэрства" паказвае, што грамадзянская супольнасьць можа мець вагу і значэньне пры прыняцьці палітычных рашэньняў. Таму крытыка нібыта асаблівай пазыцыі Нямеччыны па беларускім пытаньні, якая закранула і мяне асабіста, калі я ўзначальваў місію АБСЭ ў Менску, скажае разуменьне эўрапейскай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі.

Deutsche Welle: Як вы можаце патлумачыць цяперашнюю пазыцыю Нямеччыны ў дачыненьні да афіцыйнага Мінску?

Ганс-Гэорг Вік: Для таго, каб інтэграваць краіну ў эўрапейскія працэсы, трэба сыгналізаваць ёй пра гатовасьць весьці дыялёг, а не пагражаць увесь час пакараньнямі. Эўразьвяз увёў частковыя санкцыі, выказваючы незадавальненьне аўтарытарнай палітыкай Лукашэнкі, якая не адпавядае дэмакратычным нормам, за якія выступае Эўразьвяз. У сувязі з гэтым супрацоўніцтва зь Менскам у пэўных сфэрах было прыпыненае.

Але ў цэлым, з краінай, якая з'яўляецца эўрапейскай, але ізалюе сябе ад Эўропы, нельга спыняць зносіны, інакш ёй і зусім не выйсьці з гэтай ізаляцыі. Праграма "Ўсходняе партнэрства" і можа стаць такім інструмэнтам наладжваньня дыялёгу. Дарэчы, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель была ў ліку нямногіх эўрапейскіх палітыкаў самага высокага рангу, якія прысутнічалі на саміце "Ўсходняга партнэрства" ў Празе ў 2009 годзе.

Паўтаруся: крытыка ў адрас Нямеччына за яе занадта мяккую пазыцыю ў дачыненьні да Беларусі, якая час ад часу з'яўляецца на мой погляд, цалкам не абгрунтаваная. Я не магу не прызнаць, што асобныя дробныя крокі ў бок дэмакратызацыі, прынятыя беларускімі ўладамі, у дыпляматычных колах нярэдка інтэрпрэтавалі як сыгнал аб карэнных зьмяненьнях палітычнай сытуацыі ў краіне. Такая ацэнка таксама няправільная і не будзе вернай да тых часоў, пакуль Менск не пачне сур'ёзныя рэформы.
XS
SM
MD
LG