Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць лома


Калісьці ў маім савецкім дзяцінстве вельмі папулярнай была прымаўка: "Супраць лома няма прыёму". На якую звычайна адказвалі: "Калі няма іншага лома". Цяжка сказаць, адкуль яна ўзьнікла, пэўна з асяродку гарадзкой шпаны, але сутнасьць справы абедзьве часткі народнай мудрасьці перадавалі дакладна.

У сувязі з усеагульным шумам, узьнятым беларускай паспалітай інтэрнэт-супольнасьцю з нагоды Указу №60, асабліва ў той яго частцы, дзе гаворыцца пра фільтрацыю інтэрнэт-сайтаў, падобная старая мудрасьць робіцца як ніколі актуальнай. Праўда, чаканага татальнага блякаваньня зь 1 верасьня не адбылося. Але, як кажа народная мудрасьць, "хто папярэджаны, той узброены", – лепш мець лом за пазухай.

А ламоў супраць цэнзараў у Сеціве на сёньня хапае. Не забывайма, што інтэрнэт першапачаткова ствараўся на замову вайскоўцаў як "незабівальная" кампутаровая сетка на выпадак ядзернай вайны. Так што пакуль ёсьць хоць нейкае выйсьце ў яе, заблякаваць непажаданую інфармацыю немагчыма.

Я ня стану тлуміць чытачам галаву рознымі складанымі спосабамі абыходжаньня фільтраў накшталт выкарыстаньня ананімных ці проста адкрытых проксі-сэрвэраў ці віртуальных абароненых каналаў. Дастаткова прыгадаць некалькі самых даступных.

Па-першае, вядомы праект torproject.org. Відэа інструкцыі можна паглядзець ТУТ і ТУТ.

Tor, праўда, часам працуе вельмі павольна, бо шмат хто з карыстальнікаў у вольным сьвеце ўжывае яго для спампоўваньня кантэнту, які забаронены з прычыны парушэньня аўтарскіх правоў ці ўтрыманьня, скажам, дзіцячай парнаграфіі. Але кіраўнікі праекту Tor змагаюцца з гэтым, і паступова сытуацыя паляпшаецца.

Апроч таго, і хутчэй найперш, існуе такая цудоўная канадзкая кампанія як Psiphon, што на замову розных мэдыйных арганізацыяў аказвае паслугі па "прабіваньні" інфармацыйнай блякады ў несвабодных краінах. У прыватнасьці, для Радыё Свабода яна адмыслова стварыла адрас svaboda2.net, празь які можна глядзець наш сайт скрозь фільтры. Дарэчы, глядзець можна ня толькі наш сайт, але й іншыя блякаваныя сайты. Адказваючы на пытаньне, якое мне ўжо часта задавалі, а што калі заблякуюць і гэты адрас, магу толькі перадаць словы спэцыялістаў кампаніі, якія сьцьвярджаюць, што зрабіць гэта немагчыма. Прыклад – пасьпяховае дзеяньне падобнага проксі ў Іране, дзе тамтэйшыя цэнзары лібэралізмам ніяк не вызначаюцца.

Так што гэта той выпадак, калі на лом знайшоўся калі ня іншы лом, то добры прыём.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG