Люсі Марыён ахарактарызавала ўказ такім чынам:
"Як бы прэзыдэнт ні назваў гэты ўказ, ён не прызначаны дзеля таго, каб пабольшыць свабоду Інтэрнэту ў краіне. Ён насамрэч робіць кантроль над Інтэрнэтам больш жорсткім. Ва ўказе ёсьць пункты, якія гаворыць аб тым, што пастаўнікі інтэрнэт-паслугаў павінны блякаваць доступ да сайтаў, якія ўрад лічыць экстрэмісцкімі, і што гэтыя пастаўнікі павінны захоўваць інфармацыю пра карыстанньне іхнімі паслугамі на працягу году. Гэта насамрэч захады, каб запэўніць лепшае сачэньне за грамадзянамі і за тым, што яны робяць і што чытаюць у сеціве. Гэта ня толькі спосаб, каб адсочваць дысыдэнтаў і людзей, якія крытыкуюць урад, але таксама спосаб застрашыць людзей, якія ў Інтэрнэце шукаюць інфармацыі, якой ім не хапае ў традыцыйных СМІ. Гэты ўказ мае ў выніку прымусіць людзей да самацэнзуры, што можа вельмі сур’ёзна паўплываць на свабоду выказваньня ў краіне ў будучыні".
Пра беларускі ўклад у міжнародную практыку кантролю над Інтэрнэтам Люсі Марыён сказала наступнае:
"Такія мэтады выкарыстоўваюць і іншыя краіны. Калі паглядзець на сьпіс "ворагаў Інтэрнэту", складзены арганізацыяй "Рэпартэры бязь межаў", дык можна знайсьці там такія краіны як Кітай, Бірма, Віетнам, Саудаўская Арабія, якія ўжываюць вельмі жорсткае фільтраваньне Інтэрнэту і сочаць за тым, што іхныя грамадзяне робяць он-лайн. Гэты крок, які ўзмацняе жорсткасьць цэнзуры ў Інтэрнэце ў Беларусі, адназначна залічвае краіну да згаданага клюбу "ворагаў Інтэрнэту". Гэта нельга назваць нечаканасьцю. Прэзыдэнт Лукашэнка раней заяўляў, што палітыка адносна Інтэрнэту будзе абапірацца на кітайскую мадэль. І дакладна так ён паступае".