Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Да партрэта любімага прэзыдэнта падмалявалі бараду, акуляры і яшчэ розныя непатрэбствы…”


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

У многіх школьных падручніках сёньня можна ўбачыць партрэт Аляксандра Лукашэнкі. Называць культам асобы гэта, відавочна, не выпадае, але тое, што Міністэрства адукацыі пасьлядоўна і настойліва пашырае ў школьных дапаможніках колькасьць адпаведных ілюстрацыяў — факт. І вось канкрэтная сытуацыя: атрымаў школьнік першага верасьня такі падручнік, а на яго са старонак кнігі пазірае Аляксандар Рыгоравіч, да непазнавальнасьці адрэтушаваны папярэднім карыстальнікам падручніка. Што ў такім разе рабіць?

Менавіта такі выпадак апісвае ў сваім лісьце на Свабоду Кастусь Сырэль з Ушачаў. Ён, у прыватнасьці, піша:

«Падслухаў я нядаўна расповед даволі маладой жанчыны. Сама яна хутчэй за ўсё з Полацку ці Наваполацку. Сын яе атрымаў на пачатку навучальнага году падручнікі ў школе. І вось настаўніца заўважыла, што ў адным зь іх (падазраю, што гэта быў падручнік „Дзяржава, грамадзтва, чалавек“, ці як ён там называецца) да партрэтаў любімага прэзыдэнта падмаляваныя барада, акуляры і яшчэ розныя непатрэбствы.Ну, канешне, шум, гвалт, вучня — у кабінэт да дырэктара, бацькоў — у школу. Хлопец бажыцца: „Я нічога не маляваў, такі падручнік атрымаў“. Ды што ты давядзеш! Запатрабавалі ў школе адкупіць новы падручнік. Але дзе ж ты яго купіш, калі яны не прадаюцца! Пачухаў бацька патыліцу і прыдумаў геніяльны выхад: знайсьці чысты падручнік, скапіяваць патрэбныя старонкі ды замяніць!

Здавалася б, чаго прасьцей! Ды аказалася, ня так проста знайсьці падручнік, дзе б любы прэзыдэнт быў без акуляраў, барады ды іншых непатрэбстваў. Толькі дзевятая па ліку кніга, знойдзеная дзеля такога выпадку, была не размаляваная.

Вось такая гісторыя. Я так думаю: калі гэта здарылася, як расказвала жанчына, тры гады таму, то тыя школьнікі, якія размалявалі Рыгоравічавы партрэты, на маючых адбыцца выбарах пойдуць галасаваць. І за каго яны, цікава, аддадуць свой голас?»
— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Кастусь Сырэль зь мястэчка Ушачы, што пад Полацкам.

Напэўна, школьнікі ва ўсе часы грашылі такога кшталту свавольствам. Асабліва, калі настаўнік ня надта строгі, а ягоныя расповеды ня дужа цікавыя. Праўда, падчас сталінскага тэрору за такое «мастацтва» можна было лёгка «вылецець» са школы і трапіць у турму для няпоўнагадовых злачынцаў… А вось пазьней, у эпоху паблажлівага Брэжнева, падручнікі размалёўвалі амаль беспакарана. Даставалася рознага кшталту героям працы і вайны, стаханаўцам, касманаўтам і ляўрэатам… Партрэтаў самога Леаніда Ільліча ў школьных падручніках, наколькі я памятаю, фактычна не было. Хіба ўжо толькі перад самым фіналам, калі ён заняўся літаратурна-мэмуарнай творчасьцю, і школьнікаў пачалі далучаць да ягоных кніг — «Малая зямля», «Адраджэньне» і «Цаліна»…


Наш слухач Мікалай Бусел зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну напісаў свой новы ліст, пачуўшы па Свабодзе разважаньні аналітыкаў Валера Карбалевіча, Юрыя Дракахруста, і Аляксандра Фядуты на тэму: «Што будзе, калі Расея не прызнае вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі». З нагоды пачутага спадар Мікалай піша:

«Сама пастаноўка пытаньня пра залежнасьць нашай Радзімы ад настрою крамлёўскіх інтрыганаў абразьлівая. Беларусь — гэта не ўлус Залатой Арды, каб паўзьці туды на каленцах. Не дасьць яна ярлык — тае бяды! Купім у Біяфры, у Замбезіі, у Паўднёвага Лібану, на Мадагаскары.
Разумней было б не варажыць, як лацьвей пазьбегнуць „вялікага гневу буйнага“, а як даць ашалелым дуумвірам усебеларускі адлуп.

У наскокаў крамлёўскага дуумвірату на нашага дыктатара ёсьць і той бок, што, зьеўшы яго, Алтын Арда пачне жэрці і ўсё астатняе і ўсіх астатніх. Таму разумней было б не варажыць, як лацьвей пазьбегнуць „вялікага гневу буйнага“, а як даць ашалелым дуумвірам усебеларускі адлуп. Парадаксальна і непрыемна, але, выступіўшы супраць маскоўска-кагэбісцкага брэху і гірканьня, мы заступаемся ня столькі за дыктатара, колькі за сваю сінявокую. Маскоўскія наскокі на нашага векавечнага — гэта зьвягня такіх жа нягоднікаў. То каб не трашчаў мужыцкі лоб, трэ бараніцца ад ворагаў, нават калі яны кажуць усім вядомую праўду.

Патрабую дэпрэміяваць усіх удзельнікаў тае перадачы, а завадатараў, як здрадцаў і прадажнікаў, аддаць ва ўчэпістыя рукі ідэалягічнай вертыкалі»
, — напісаў у сваім лісьце на Свабоду Мікалай Бусел зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёна.

І адкуль гэта, спадар Мікалай, такая нечаканая для Вас схільнасьць да жорсткіх адміністратыўных мераў датычна іншадумцаў? Шмат гадоў у сваіх лістах Вы паўставалі чалавекам ураўнаважаным, удумлівым, з павагай да чужога меркаваньня. А тут раптам — «дэпрэміяваць», «аддаць ва ўчэпістыя рукі «вертыкалі»… Калі зробім так з тымі, чые меркаваньні лічым памылковымі — то чым будзем адрозьнівацца ад цэнзураваных афіцыйных мэдыяў, зь якіх, дарэчы, Вы ня раз пасьмейваліся, назіраючы, як там абыходзяць альбо перакручваюць тую інфармацыю, якая нязручная для ўлады альбо паказвае ейныя непрыгожыя ўчынкі.


Пра сёньняшнія беларускія рэаліі, пра тое, ці варта папракаць апазыцыянэраў за бязьдзейнасьць разважае ў сваім лісьце на «Свабоду» Віталь Міхаевіч зь вёскі Стадолы Валожынскага раёну. Ён піша:

«Па-ранейшаму слухаю вашы перадачы, званкі іншых слухачоў, лісты… Цалкам падтрымліваю тых, хто выказваецца за зьмену цяперашняй улады. І не заўсёды пагаджаюся з абвінавачаньнямі на адрас апазыцыі. Адкуль можа быць бурная апазыцыйная дзейнасьць, калі ўсё наўкол у нас так заціснута адпаведнымі органамі? Свабодна ў Беларусі можна толькі ўслаўляць уладу. Гэта, дарэчы, адчуваецца і ў лістах, і ў званках, якія агучваюцца на Свабодзе. Рознага кшталту прыстасаванцаў, падпявалаў, халуёў паўсюль багата…

А тым, хто толькі крытыкуе апазыцыю, я б параіў самім зрабіцца апазыцыянэрамі. Хаця б у душы, таемна. Будзе такіх шмат — будзе і эфэкт. Улада ж выбіраецца…

Лічу, вельмі важны момант — тое, што праблема зьніклых апазыцыйных палітыкаў, а таксама тэма маральнага аблічча нашага прэзыдэнта набываюць такое гучаньне ў Расеі. Людзям трэба пастаянна нагадваць пра гэта, асабліва цяпер, перад выбарамі»
, — напісаў у сваім лісьце на Свабоду Віталь Міхаевіч зь вёскі Стадолы Валожынскага раёну.

Сьцьвярджаць, што ўлада ў сёньняшняй Беларусі выбіраецца — яўнае перабольшаньне, спадар Віталь. Свабодных выбараў у краіне даўно ўжо няма, а імітацыя галасаваньня праводзіцца паводле старых камуністычных сцэнараў, якія загадзя гарантуюць уладзе пераможны вынік — незалежна ад рэальных настрояў у грамадзтве.

Як доўга можа захоўвацца такі анамальны для сёньняшняй Эўропы парадак? Відавочна, да таго часу, пакуль большасьць беларусаў пагаджаецца моўчкі цярпець яго — не пратэставаць, не абурацца, не выходзіць на вуліцу.


З заўвагамі і прэтэнзіямі наконт асьвятленьня дзейнасьці апазыцыі зьвяртаецца да нас Міхаіл Леках з Латвіі, з Рыгі. У сваім новым лісьце на Свабоду ён піша:

«Апошнім часам у вашых перадачах шмат месца адводзіцца падзеям вакол грамадзкай кампаніі „Гавары праўду!“ Расказвалі вы і пра ператрусы, і пра затрыманьні актывістаў, і пра іншае. І вось у сувязі з гэтым я хачу спытаць: а ці заўсёды сама Свабода гаворыць праўду ў поўным аб’ёме?

На жаль, я не магу даць на гэтае пытаньне станоўчы адказ. Вось прыклад. Я неаднаразова тэлефанаваў вам на аўтаадказьнік
Я часта бываю ў Беларусі і ўвесь час шукаю кнігі, брашуры, артыкулы, дзе б апазыцыянэры расказалі і паказалі, як пераўтварыць беларускую эканоміку…
з пытаньнем: „Хто фінансуе замежныя паездкі кіраўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі?“ Больш за тое, у свой час гэта ж пытаньне я задаў асабіста спадару Лябедзьку, калі ён знаходзіўся ў ЗША ў студыі „Голасу Амэрыкі“. І атрымаў ад яго наступны адказ: „Не хвалюйцеся, я ня ежджу на грошы беларускіх падаткаплатнікаў“. Але ж канкрэтнага адказу на пытаньне: „А хто фінансаваў вось гэту вашу паездку ў ЗША?“ я так і не атрымаў.

І яшчэ адно сур’ёзнае пытаньне. Неяк па „Свабодзе“ я пачуў: спадар Мілінкевіч заявіў, што нібыта ведае, як на працягу пяці гадоў зрабіць у Беларусі ўзровень жыцьця такім жа, як у Заходняй Эўропе. Я часта бываю ў Беларусі (некалькі разоў на год) і ўвесь час шукаю кнігі, брашуры, артыкулы, дзе б апазыцыянэры расказалі і паказалі, як пераўтварыць беларускую эканоміку. Але, на жаль, акрамя бяздоказных сьцьвярджэньняў Мілінкевіча ды іншых апазыцыянэраў, нічога пераканаўчага няма — ніякіх публікацыяў.

Калі гэты мой зварот застанецца бяз увагі — у мяне не застанецца іншага выйсьця, як зьвярнуцца ў цэнтральны друк Беларусі»
, — напісаў у сваім лісьце на Свабоду Міхаіл Леках з Латвіі, з Рыгі.

Нічога дзіўнага ў тым, што Вам, спадар Міхаіл, зрэдзьчасу бываючы ў Беларусі, цяжка знайсьці кнігі, брашуры альбо іншыя публікацыі з дэталёвымі праграмамі апазыцыйных лідэраў. Цікава, дзе Вы іх шукаеце? У кнігарнях і газэтных шапіках? Дык гэта марная справа. Такой літаратурай ніводная беларуская кнігарня не гандлюе: забаронена. А любы індывідуальны распаўсюднік за падобныя кнігі і брашуры рызыкуе трапіць у кутузку і заплаціць вялізны штраф: мы ледзь не штодня паведамляем пра такія выпадкі.

Што да фінансаваньня замежных паездак апазыцыйных лідэраў. Вы часта і настойліва паўтараеце нам гэта пытаньне ў сваіх званках і лістах. Некалькі разоў у інтэрв’ю і падчас онлайн-канфэрэнцый кіраўнікі апазыцый адказвалі на іх. Адказ быў прыкладна той жа, які Вы пачулі ад спадара Лябедзькі: беларускі падаткаплатнік за такія паездкі ня плаціць ні капейкі. Хто плаціць? Відавочна, тая арганізацыя, якая запрашае палітыка альбо грамадзкага дзеяча за мяжу. Гэта і дзяржаўныя інстытуцыі, і міжнародныя структуры, і разнастайныя грамадзкія і дабрачынныя фонды, зацікаўленыя ў тым, каб Беларусь стала сучаснай дэмакратычнай эўрапейскай дзяржавай. Усе яны ўлічваюць той агульнавядомы факт, што дэмакратычныя партыі і рухі ў Беларусі пастаўлены ў такія ўмовы, што самастойна фінансаваць падобныя паездкі ня здольныя.


А на заканчэньне — кароткі ліст-падзяка ад Валера Лебядкова зь Менску. Слухач піша:

«Ведайце: нас, хто слухае і любіць „Свабоду“, насамрэч вельмі многа. Ваша праца надзвычай патрэбная дзеля нашай роднай Беларусі, дзеля ўсіх сумленных беларусаў».

Дзякуй, спадар Валер, Вам і ўсім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, Паштовая скрынка 111.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG