Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ чакае запрашэньня на выбары


Кіраўнік офісу АБСЭ ў Менску Бэнэдыкт Галер спадзяецца, што арганізацыя атрымае запрашэньне для назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі. Пра гэта ён заявіў у інтэрвію БелаПАН.

"Я таксама спадзяюся, што ў нас будзе магчымасьць ажыцьцяўляць назіраньне прафэсійна, гэта значыць і доўгатэрмінова, і кароткатэрмінова", — падкрэсьліў дыплямат.

Паводле яго слоў, прадстаўнікі АБСЭ гатовы пачаць працу, як толькі будзе абвешчаная дата прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. "Я ўпэўнены, што нашы калегі зь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ маральна таксама ўжо гатовыя пачаць працу і чакаюць пацьвярджэньня даты выбараў", — сказаў Галер.

Бэнэдыкт Галер
Камэнтуючы інфармацыю расійскіх СМІ пра тое, што памочнік прэзыдэнта Расеі Сяргей Прыходзька ўжо даў распараджэньне пачаць перамовы з БДІПЧ аб супольным маніторынгу прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, Галер сказаў: "У мінулым расейскія назіральнікі ўдзельнічалі ў місіях назіраньня ад СНД. Цалкам лягічна, калі б Расея як сябра АБСЭ даслала сваіх назіральнікаў і ў падтрымку місіі АБСЭ".

Пры гэтым Галер адзначыў, што раней ацэнкі вынікаў выбараў, дадзеныя расейскімі назіральнікамі і назіральнікамі ад АБСЭ, адрозьніваліся. "Хаця і не павінны былі б адрозьнівацца, таму што прафэсійнае назіраньне за выбарамі праводзіцца паводле пэўных мэтодык і прадыктаванае законамі самога жанру", — сказаў кіраўнік офісу АБСЭ ў Беларусі.

Варта адзначыць, што падчас апошніх парлямэнцкіх (сьнежань 2007) і прэзыдэнцкіх (сакавік 2008) выбараў у Расеі БДІПЧ АБСЭ адмовілася дасылаць на іх сваіх назіральнікаў з прычыны нежаданьня Масквы стварыць спрыяльныя умовы для працы місіі назіральнікаў.

У Беларусі БДІПЧ АБСЭ назірала за ўсімі парлямэнцкімі і прэзыдэнцкімі выбарамі, пачынаючы з 2000 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG