Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 25 жніўня


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.


ДОЖДЖ...


...і парывісты вецер, але цёпла: 16-21 С.

НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:


Сустрэча з Аленай Анісім на тэму "Уступленьне ў сілу Закона "Аб правапісе беларускай мовы". Менск, вул. Румянцава, 13, пачатак а 18.30.

ТАМ ДЗЕ НАС НЯМА:


Міністар замежных справаў Нямеччынв Гіда Вэстэрвэле пачынае трохдзённы тур афіцыйных візытаў у чатыры балканскія краіны (Харватыя, Боснія і Герцэгавіна, Сэрбія, Косава).

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


У 1840 расейскі царскі ўрад скасаваў дзеяньне ў Беларусі Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 году. На зьмену традыцыйнаму беларускаму праву былі ўведзеныя законы Расейскай імпэрыі.

У 1900 памёр Фрыдрых Ніцшэ, нямецкі філёзаф і пісьменьнік (нар. 1844).

У 1953 нарадзіўся беларускі пісьменьнік Уладзімер Арлоў.

У 1991 Вярхоўны Савет БССР надаў Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі статус канстытуцыйнага закону – Беларусь зрабілася незалежнай дзяржавай. Была адначасова прыпынена дзейнасьць КПБ.

ЁСЬЦЬ НАГОДА:


Тамаціна або Бітва таматаў у горадзе Буньёль на ўсходзе Гішпаніі — штогадовы "Таматны фэстываль", кульмінацыяй якога зьяўляецца бітва памідорамі на гарадзкім пляцы.

МІНУС 365:

Год таму на сайце Свабоды: "Ясь у канюшыне, а дзяўчына ў кукурузе".

ЦЫТАТЫ НА ПАМЯЦЬ:


"Для жанчыны мужчына — сродак; мэтай заўсёды зьяўляецца дзіця" Фрыдрых Ніцшэ.


Прыйшоў на сьвет
у год Зьмяі
паводле ўсходняга календара
і ў год сьмерці Сталіна
паводле календара савецкага,
пад знакам Дзевы,
у радзільні
насупроць Сафійскага сабору
у Полацку;
быў таемна ахрышчаны
праваслаўным папом,
якога схапіў за бараду
і не адпускаў,
пакуль не паказалі
салодкага пеўніка на палачцы;
узброіўшыся сьвечкай
і клубком бабуліных нітак,
у няпоўныя сем гадоў
выправіўся на пошукі лёхаў,
што ў часы Сьцяпана Батуры
злучалі
гарадзкія манастыры й храмы;
з тае пары
так і бадзяюся
па замурованых лябірынтах,
шукаючы
Полацкі летапіс,
крыж Эўфрасіньні
і сумнеўную славу;
памру ўлетку,
калі споўніцца
тысяча гадоў
князю Ўсяславу Чарадзею;
буду пахаваны
на полацкіх могілках
сьвятога Ксавэрыя
па грэка-каталіцкім абрадзе;
хтосьці пакладзе
на цёплую зямлю
букецік валошак
і тры гвазьдзікі
вядомых колераў;
у беларускім тэксьце
на помніку
згодна з нацыянальнай традыцыяй
будзе зробленая
артаграфічная памылка.


Уладзімер Арлоў, "Спроба завершанага жыцьцяпісу".
XS
SM
MD
LG