Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі санкцыі дзейнічаюць


Амэрыканскае выданьне The American Interest Online апублікавала артыкул двух былых амэрыканскіх дзяржаўных службоўцаў наконт палітыкі адносна Беларусі.

Аўтары Дэйман Уілсан – віцэ-прэзыдэнт і дырэктар праграмы міжнароднай бясьпекі дасьледнага цэнтру "Атлянтычная рада", у мінулым дырэктар аддзелу краін Усходняй і Цэнтральнай Эўропы Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША, Дэвід Крэмэр – старэйшы навуковы супрацоўнік у Нямецкім фондзе Маршала (ЗША, былы намесьнік памочніка дзяржсакратара ў справах Расеі, Украіны Беларусі і Малдовы. Спадар Крэмэр неаднойчы даваў інтэрвію Радыё Свабода.

У сваім артыкуле спадары Ўілсан і Крэмэр даводзяць, што менавіта палітыка санкцыяў прывяла да вызваленьня палітычных вязьняў у Беларусі ў 2008 годзе, і абвінавачваюць нямецкую дыпляматыю ў тым, што яна перашкаджала гэтаму вызваленьню. Паводле аўтараў артыкулу палітыка скасаваньня санкцыяў і дыялёгу з афіцыйным Менскам прывяла да пагаршэньня сытуацыі ў гэтай краіне.

Прапануем вам пераклад артыкулу.


Камэнтар нямецкага палітоляга, кіраўніка праграмаў Расеі і СНД Нямецкай рады зьнешняй палітыкі Аляксанда Рара можна прачытаць ТУТ.

Калі санкцыі дзейнічаюць


Лукашэнка адчуў ціск з усіх бакоў – санкцыі з Захаду, і блізкі подых вялікага мядзьведзя з Усходу.

Амаль адразу пасьля таго, як Рада бясьпекі ААН прагаласавала ў чэрвені за новую рэзалюцыю аб санкцыях у дачыненьні да Ірана, скептыкі засумняваліся, ці будуць яны мець рэальны ўплыў на паводзіны Ірану. І праўда, некаторыя аналітыкі аргумэнтавалі, што санкцыі ніколі не працавалі супраць тых, каму яны прызначаліся; яны толькі прыносілі шкоду шэраговым грамадзянам, часам ненаўмыснага дапамагаючы існаму рэжыму і дэмабілізуючы міжнародную супольнасьць за кошт стварэньня ілюзіі прыняцьця "нейкіх мераў".

Хаця дасьледчыкі ўвесь час даказваюць, якімі неэфэктыўнымі бываюць санкцыі, усе згаджаюцца, што ў некаторых выключных выпадках, санкцыі дзейнічалі. Станоўчыя вынікі сустракаюцца адносна рэдка (самыя аптымістычныя дасьледчыкі заяўляюць аб пасьпяховасьці ня больш чым у 34% выпадкаў), і яны дасягаюць мэты па розных прычынах, але сярод станоўчых прыкладаў рэжым апартэіду ў Паўднёвай Афрыцы і камуністычны ўрад у Польшчы.

Вось яшчэ адна гісторыя посьпеху, якой надаюць ня так шмат увагі: Беларусь. Кампанія санкцый супраць беларускага рэжыму, распачатая ў 2002 годзе, якую павялі ЗША пры шырокай эўрапейскай падтрымцы, прывяла да значных палітычных саступак, не зрабіўшы шкоды людзям. Беларусь пад кіраўніцтвам аўтарытарнага Аляксандра Лукашэнкі – гэта краіна з 10 мільёнамі жыхароў, якая ў 1992 годзе паўстала на руінах Савецкай імпэрыі. Беларусь, якая мае мяжу з Расеяй, Украінай, Польшчай, Літвой, і Латвіяй, знаходзіцца ў вельмі нацягнутых адносінах з заходнімі краінамі (і нават з Расеяй). Вядомы як "апошні дыктатар Эўропы", Лукашэнка кіруе клептакратыяй з савецкімі рысамі, і з часу свайго абраньня ў 1994 годзе пасьпяхова стрымліваў дэмакратыю і вольны рынак. У Беларусі мала прыродных рэсурсаў. Галоўнай крыніцай даходаў дзяржавы, і асабіста Лукашэнкі, быў продаж зброі, у тым ліку Іраку ў часы праўленьня Садама, Сірыі, Вэнэсуэле, Судану і Ірану.

Практычна па ўсіх крытэрыях лукашэнкаўская Беларусь – агіднае месца. Каля дзесяці гадоў таму з-за супрацьдзеяньня рэжыму "зьніклі" чатыры вядомыя апазыцыянэры; іх месцазнаходжаньне дагэтуль невядомае. У адказ ЗША і Эўразьвяз увялі супольную забарону на ўезд на тэрыторыю заходніх дзяржаў службовых асобаў, датычных да "зьнікненьняў". У 2002 годзе ЗША далучыліся да Эўразьвязу, які ўвёў дадатковыя візавыя абмежаваньні, уключаючы забарону для самога Лукашэнкі, пасьля таго, як быў зачынены Мінскі офіс Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтву ў Эўропе (АБСЭ), які займаўся маніторынгам выкананьня правоў чалавека ў краіне. Візавыя забароны былі зьнятыя на наступны год, калі беларускія ўлады дазволілі нанава адкрыць офіс. У 2004 годзе Кангрэс ЗША прыняў, а прэзыдэнт Джордж Буш падпісаў двухпартыйны Акт аб беларускай дэмакратыі, які ўзмацніў ціск, і ў якім гаварылася, што "у адзінай і свабоднай Эўропе няма месца для такога тыпу рэжыму".

У 2006 годзе Захад адказаў больш сур'ёзнымі санкцыямі ў дачыненьні да ўладаў пасьля фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў і жорсткай расправы зь мірнымі дэманстрантамі. ЗША павялі кампанію, якая каардынавалася з ЭЗ, наклаўшы як візавую забарону, так і замарозіўшы актывы некалькіх дзесяткаў вышэйшых чыноўнікаў Беларусі, уключна з Лукашэнкам, якія, як меркавалася, былі адказныя за парушэньне ўрадам правоў чалавека, фальсыфікацыю вынікаў выбараў, гвалт і масавую карупцыю. Мэтанакіраваны характар санкцый не пацягнуў за сабой праблем для насельніцтва, у той жа час была падкрэсьлена рашучасьць Захаду ўсталёўваць адказнасьць канкрэтных асобаў за злачынствы. Прымусіўшы чыноўнікаў панесьці асабістыя выдаткі за садзейнічаньне Лукашэнку, санкцыі павінны былі пасеяць рознагалосьсі і сумневы сярод яго галоўных памочнікаў.

Прыцягненьне Эўразьвязу да гэтай кампаніі, хоць гэта было і нялёгка, было вельмі важна для таго, каб выступаць з адзіных пазыцый. Гэта азначала адрэзаць Лукашэнку ад яго любімых месцаў гарналыжнага адпачынку ў Альпах і ад яго заходніх банкаўскіх рахункаў. Людзі зь яго атачэньня пацярпелі ня менш, у некаторых выпадках яны аказваліся ў зьневажальным становішчы пры выяўленьні праблем з крэдытнымі картамі заходніх банкаў (яны не працавалі). У некалькіх выпадках ЗША (хоць Эўразьвяз не падключаўся) пашыралі санкцыі, калі рэжым Лукашэнкі адмаўляўся ісьці на кампрамісы або аднаўляў рэпрэсіўную дзейнасьць.

Мінімальным абавязковым крокам з боку ўладаў для паслабленьня санкцыяў было вызваленьне шасьці палітычных зьняволеных, уключаючы Аляксандра Казуліна, які вёў актыўную кампанію супраць Лукашэнкі падчас прэзыдэнцкіх выбараў у 2006 годзе. На працягу некалькіх гадоў Вашынгтон і Брусэль ясна заяўлялі аб гатоўнасьці да "выбарачнага ангажаваньня" або "пакрокавага" падыходу: у адказ на памяншэньне рэпрэсіяў з боку ўладаў і вызваленьне вязьняў, Захад быў гатовы зьняць санкцыі і перайсьці да пазытыўнага ўзаемадзеяньня.

Аднак рэжым не адказваў да студзеня 2008 году. Стымулам да адказу паслужыла ўвядзеньне ЗША (якія дзейнічалі ў адзіночку і папярэдзілі Мінск аб будучых дадатковых санкцыях, калі патрабаваньні не будуць задаволеныя) у лістападзе 2007 году дадатковых санкцый у адносінах Белнафтахіму, беларускага дзяржаўнага нафтаперапрацоўчага прадпрыемства, у якім, як паведамлялася, былі і непасрэдныя інтарэсы Лукашэнкі. Скэптыкі моршчыліся: маўляў, наўрад ці санкцыі ў дачыненьні да аднаго канглямэрату, які мае невялікі бізнэс у ЗША, будуць мець посьпех. Але, замарозіўшы рахункі кампаніі Белнафтахіма, ЗША знайшлі слабае месца Лукашэнкі: там знаходзіўся яго кашалёк. Хаця прамы ўплыў замарожваньня актываў было мінімальным, дзеяньні Міністэрства фінансаў пашкодзілі рэпутацыі Белнафтахіму і павялічылі рызыку для любых міжнародных фінансавых арганізацый, вядучых зь ім бізнэс. У рэальнасьці, ускоснае ўзьдзеяньне санкцый прывяло да прыпынку фінансаваньня.

Праз два месяцы пасьля замарожваньня актываў Белнафтахіму, прадстаўнік ураду Лукашэнкі канфідэнцыйна зьвярнуўся ў амбасаду ЗША ў Менску з пытаньнем, які будзе адказ Амэрыкі, калі ўлады вызваляць палітычных зьняволеных. Заўважце, што рэжым зьвярнуўся менавіта ў амэрыканскую, а не ў якую-небудзь з эўрапейскіх амбасадаў, бо менавіта ЗША павялічвалі ціск на ўрад, пацьвярджалі сур'ёзнасьць сваіх намераў, калі рэжым не выконваў абяцаньняў, і чые палітыкі, пачынаючы з прэзыдэнта, рабілі жорсткія заявы і прама казалі пра аўтарытарызм і карупцыю ў Беларусі. Лукашэнка і яго памагатыя хацелі пазьбегнуць такой пільнай увагі і вызваліцца ад ціску санкцый, і адзіным выхадам было вызваленьне палітычных зьняволеных.

На працягу 48 гадзін пасьля амэрыканскага адказу на запыт рэжыму, быў вызвалены першы вязень. Большасьць іншых былі неўзабаве таксама вызваленыя. На жаль, непажаданае ўмяшаньне адной з эўрапейскіх амбасадаў у Менску замарудзіла вызваленьне Казуліна, самага далікатнага з усіх справаў палітычных зьняволеных. Амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Гэбхарт Вайс прапанаваў прадстаўнікам Лукашэнкі, што Германія паклапоціцца аб Казуліне і яго вельмі хворай жонцы, але Казулін адмовіўся ад гэтай прапановы, бо лічыў, што гэта будзе азначаць высылку. Умяшаньне Вайса, які не параіўся з Казуліным перш чым агучыць прапанову рэжыму, магчыма, адтэрмінавала вызваленьне Казуліна са зьняволеньня. Ірына Казуліна, якая была тады занадта хворая, каб рабіць якія-небудзь пераезды, памерла некалькі тыдняў пасьля доўгай, але адважнай барацьбы з ракам.

Урад ЗША асьцерагаючыся, што вызваленьне Казуліна было адмененае, а не проста адтэрмінаванае, у сакавіку 2008 года зноў зацягнуў пятлю санкцый. Гэта выклікала люты адказ рэжыму: амэрыканскі пасол быў выгнаны, а амбасада ЗША было вымушана скараціць штат супрацоўнікаў з больш чым трыццаці да пяці (Дзярждэпартамэнт адказаў тым жа, хоць і ў меншым маштабе, амбасадзе Беларусі ў Вашынгтоне). Да сёньняшняга моманту Злучаныя Штаты ня маюць амбасадара ў Менску (і ў Беларусі няма амбасадара ў Вашынгтоне), што сьведчыць аб тым, што адносіны працягваюць заставацца дрэннымі. Аднак, урэшце, у жніўні 2008 году, беларускія ўлады ўсё ж вызвалілі Казуліна, хоць гэта адбылося праз паўгода пасьля сьмерці яго жонкі. Яму дазволілі пакінуць сьцены турмы ўсяго на тры дні для прысутнасьці на пахаваньні жонкі ў сакавіку таго ж году.

Вызваленьне Казуліна азначала вызваленьне апошняга палітвязьня Беларусі, па меншай меры, у 2008 годзе. Хоць гэта запатрабавала значных часовых затрат і цярпеньня, санкцыі зрабілі сваю справу. Грунтуючыся на спробе ўладаў замірыцца з амбасадай ЗША ў студзені 2008 году, а таксама на іншай інфармацыі, якая была ў нас на той час, мы не сумняваемся, што ціск з боку Злучаных Штатаў, якiя мелі ў гэтым падтрымку з боку ЭЗ, гарантаваў вызваленьне палітвязьняў.

На жаль, жаданьне Эўразьвяза падтрымліваць ціск на Лукашэнку было вельмі слабым. Пасьля вызваленьня Казуліна і праз некалькі тыдняў пасьля парлямэнцкіх выбараў у верасьні 2008 году, якія не адпавядалі ніякім стандартам, Эўразьвяз прагаласаваў за прыпыненьне ўсіх санкцый супраць уладаў; гэта прыпыненьне з тых часоў працягвалася некалькі разоў. (Злучаныя Штаты пасьля вызваленьня Казуліна таксама адразу зьнялі некаторыя санкцыі, але ня ўсе; іх рашэньне не было прывязанае па часе так няўдала, як рашэньне Эўразьвяза, якое было прынятае пасьля раскрытыкаваных усімі парлямэнцкіх выбараў.) Лідэры ЭЗ будуць вырашаць у пачатку восені гэтага году, уводзіць санкцыі нанава ці працягваць іх прыпыненьне.

Некаторыя чальцы ЭЗ былі заклапочаныя тым, што працяглыя санкцыі супраць Беларусі прывядуць яе ў абдымкі Расеі, магчыма, нават прывядуць да палітычнага саюзу, хоць сумесныя санкцыі ЗША і ЭЗ былі прынятыя ў адказ на дзеяньні рэжыму супраць народу, а не ў сувязі зь яго адносінамі з Масквой. Эўрапейскі бізнэс і фінансавыя колы таксама адыгралі сваю ролю, хоць у Беларусі не так шмат заходніх інвэстыцый. Занепакоенасьць Эўропы тым, што Захад штурхае Менск і Маскву бліжэй адзін да аднаго, была абсалютна ілжывай, бо менавіта палітыка самой Расеі да Менску на самой справе адштурхнулі Беларусь ад Расеі. Расейцы былі занадта занятыя спробамі выцягнуць зь Беларусі ўсё, што можна, уключаючы спробы завалодаць асноўнымі беларускімі актывамі і інфраструктурай, карыстаючыся цаной на газ і нафту, як інструмэнтам супраць Лукашэнкі, каб зразумець, што прапанова дапамогі ў гэты момант магла б зьвесьці да нуля эфэктыўнасьць санкцый у дачыненьні да Беларусі. Падыход Масквы ў барацьбе за тое, што яна лічыла сфэрай сваіх інтарэсаў, пераканаў Лукашэнку, што саюз з Расеяй можа толькі абмежаваць яго ўладу.

І праўда, Расея ненаўмысна зрабіла заходнія санкцыі больш эфэктыўнымі, чым яны маглі быць пры іншым раскладзе. Замест таго, каб прапанаваць Лукашэнка палягчэньне шматгадовага заходняга ціску, Расея сама ціснула на яго, каб ён перадаў ёй беларускія актывы, пагражаючы, што інакш ён сутыкнецца з больш высокімі выдаткамі на энэргію, і прадэманстравала ўсю сур'ёзнасьць свайго рашэньня, скараціўшы пастаўкі нафты ў 2007 годзе. Пастаўкі зноў былі значна зьніжаны ў чэрвені гэтага году, але Лукашэнка зьдзівіў Маскву патрабаваньнем, што Менску павінны яшчэ 70 мільёнаў даляраў у выглядзе неаплачаных транзытных плацяжоў. У выпадку, калі б Расея адкрыла свае дзьверы для Лукашэнкі і працягнула б забясьпечваць яго энэргіяй па нізкіх коштах, заходнія санкцыі былі б менш адчувальнымі. Замест гэтага, Лукашэнка адчуў ціск з усіх бакоў – санкцыі з Захаду, і блізкі подых вялікага мядзьведзя з Усходу. З Захадам, як ён ведаў, адзіным спосабам зьнізіць напружаньне, было выкананьне патрабаваньня вызваліць палітычных зьняволеных. Што датычыць Расеі, адзіным спосабам палепшыць адносіны быў бы распродаж значных частак сваёй краіны і яе інфраструктуры, а ён ня быў да гэтага гатовы. Такім чынам, Захад павінен падзякаваць Расею за тое, што палітыка санкцый была такой эфэктыўнай. (Прадстаўленьне Лукашэнкам прытулку былому лідэру Кіргізстану Курманбэку Бакіеву, пакаранага Масквой за ашуканства ў пытаньні авіябазы "Манас" у 2009 годзе, і за яго адмову далучыцца да мытнага саюзу з Расеяй і Казахстанам, натуральна не палепшыць адносіны Менску з Расеяй).

Тыя, хто лічыць, што санкцыі ў дачыненьні да Беларусі ня дзейнічалі, і ўпэўненыя, што ўлады вызвалілі палітычных зьняволеных па іншых прычынах, павінны паглядзець, як разгортваліся падзеі ў Беларусі з тых часоў, як Эўразьвяз зьняў санкцыі (большасьць санкцый ЗША застаюцца). Пасьля першапачатковага рашэньня Эўразьвязу ў кастрычніку 2008 году прыпыніць санкцыі, шэраг чальцоў ЭЗ пераключылі сваю ўвагу непасрэдна на Лукашэнку, пакончыў зь яго ранейшым статусам дыпляматычнага ізгоя. ЭЗ запрасіў яго на Праскі саміт, калі быў дадзены старт праграме "Ўсходняе партнэрства" у траўні 2009 году (да палягчэньня чэскіх гаспадароў, Лукашэнка праігнараваў запрашэньне). Італьянец Сільвіа Бэрлюсконі ды іншыя эўрапейскія лідэры наведалі Менск у пошуках добразычлівасьці Лукашэнкі, а Лукашэнка і яго пяцігадовы сын наведалі Рым, дзе сустрэліся з Папам Бэнэдыктам XVI у красавіку 2009 году.

Але, нягледзячы на гэты шчыры падыход і эўрапейскія прапановы супрацоўніцтва, сытуацыя ў Беларусі пагоршылася. Рэжым узмацніў ціск на лідэраў апазыцыі, арыштоўвае грамадзкіх актывістаў, жорстка душыць пратэсты, перасьледуе польскую нацыянальную меншасьць і адмовіў у рэгістрацыі шэрагу газэт. У некаторых адносінах, рэжым зьмяніў выгляд рэпрэсіяў: ён пазьбягае крымінальных справаў супраць прыкметных палітычных дзеячоў, на якія міжнародная супольнасьць магла б зьвярнуць сваю ўвагу, што выклікала б праблемы з іміджам, аднак гэта не азначае, што ў краіне няма палітычных зьняволеных. Не трэба памыляцца: агульная палітычная абстаноўка і сытуацыя з правамі чалавека не палепшыліся і будзе, хутчэй за ўсё, толькі пагаршацца па меры таго, як Беларусь будзе падыходзіць да прэзыдэнцкіх выбараў у канцы гэтага году ці ў пачатку наступнага.

У адказ ад Эўразьвязу амаль не прагучала ніякай занепакоенасьці. Голас ЭЗ загучаў толькі тады, калі паўсталі супярэчнасьці ў адносінах да польскай нацыянальнай меншасьці. Нядзіўна, што галоўным абвінаваўцам выступіла Варшава. Польшча, аднак, таксама раней выступала за адмену санкцый з-за фальшывай турботы аб тым, які ўплыў яны мелі б на беларуска-расейскія адносіны. Большасьць эўрапейскіх назіральнікаў у Менску згодзяцца, што намаганьні Эўразьвязу па ўсталяваньні дыялёгу з уладай праваліліся, хоць некаторыя могуць сьцьвярджаць, што палітыка ўцягваньня павінна быць доўгатэрміновай.

На самой справе, цяперашняя эўрапейская палітыка прадэманстравала Лукашэнку, што, будучы карумпаваным аўтарытарным дэмагогам і знаходзячыся ў цэнтры Эўропы, ён можа выйсьці сухім з вады зь невялікімі выдаткамі. Погляд "Эўропы адзінай і свабоднай" раней адлюстроўваў кансэнсус, паводле якога Эўропа ня будзе цярпець такога лідэра. На жаль, у дзяржаваў-сябраў ЭЗ няма жаданьня аднаўляць санкцыі супраць рэжыму за працяглае парушэньне правоў сваіх грамадзянаў, хаця Лукашэнка зьвяртае ўвагу толькі на санкцыі (так званы "кулак").

Штэфан Фюле, Камісар ЭЗ па пытаньнях пашырэньня і эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва, паспрабаваў умацаваць агульны стрыжань ЭЗ, падвысіўшы патрабаваньні для Менску. Ён заявіў, што ЭЗ чакае, што Беларусь скасуе сьмяротнае пакараньне, пакладзе канец рэпрэсіям і правядзе дэмакратычныя прэзыдэнцкія выбары. Як і чакалася, Лукашэнка не пагадзіўся з эўразьвязаўскай канцэпцыяй "дарожная карта рэформаў", заявіўшы, што Беларусь "ня стане на калені перад Вамі, Расеяй ці Злучанымі Штатамі". Такім чынам, застаецца адкрытым пытаньне, ці прыме Брусэль рашэньне аб наступствах такой бескампраміснасьці ці проста абміне маўчаньнем той факт, што Лукашэнка працягвае існаваць як апошні дыктатар Эўропы.

Беларусь моцна адрозьніваецца ад Ірану, і гэта відавочна. Але па меры таго, як міжнародная супольнасьць працягвае спробы разабрацца ў тым, як супрацьстаяць непахіснаму і небясьпечнаму рэжыму ў Тэгеране, варта зьвярнуць увагу на ўрокі, якія можна атрымаць з ужытых у дачыненьні да Лукашэнкі санкцый: мэтанакіраваных, скаардынаваных з ЭЗ і такіх, моц якіх нарастала. Санкцыі будуць эфэктыўнымі, калі яны выявяць дакладнае ўразьлівае месца рэжыму; калі эфэктыўная каардынацыя блякуе шчыліны ў рэжыме санкцый і калі санкцыі могуць быць хутка зьмененыя ў залежнасьці ад паводзін рэжыму. Вопыт сьведчыць аб тым, што, калі ўсе гэтыя тры ўмовы не існуюць адначасова, санкцыі будуць неэфэктыўнымі і нават могуць прыводзіць да зваротных вынікаў. Вось аб гэтых парамэтрах трэба памятаць, калі гаворка ідзе пра Іран.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG