Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Людзі баяцца зьменаў: абы горш не было"


У эфіры "Званкі на Свабоду". Слухачы выказваюцца наконт маючай адбыцца прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Ці будуць аб'ектыўна падлічаныя галасы выбарцаў? Ці дадуць магчымасьць кандыдатам на пасаду прэзыдэнта выступіць перад шырокай аўдыторыяй? Ці адбудуцца тэледэбаты без цэнзуры? Якую тактыку трэба абраць лідэрам апазыцыі?

Многія слухачы Свабоды пэсымістычна ставяцца да магчымасьці сумленнага падліку галасоў у сёньняшніх беларускіх умовах. Вось адно з меркаваньняў:

"Пра Лукашэнку кажуць па тэлевізіі, па радыё, народ ведае пра яго. Я прапаную паставіць пытаньне: хто вы, Лукашэнка? Злачынца ці хто? Дзеля чаго ён гэта ўсё робіць? Для сваёй выгады ці для народа? І людзі адкажуць. І бузе ўсё ясна. Вось я пра яго ведаю, як ён сказаў, маўляў, Эўразьвяз не задаволены, што вельмі шмат за мяне прагаласавалі, і я даў каманду, каб старшыня ЦВК зьнізіла працэнт.

У іншага слухача такое ж меркаваньне:

" Што б вы там ні рабілі, 70% адсоткаў атрымае Лукашэнка.

Лідэр "Эўрапейскай кааліцыі" Мікола Статкевіч пагаджаецца, што аб'ектыўных выбараў у цяперашняй палітычнай сыстэме Беларусі адбыцца ня можа:

Мікола Статкевіч
"Самая вялікая таямніца ў Беларусі — гэта сапраўдныя вынікі выбараў. Мабыць іх ня ведае ніхто, таму што выбарчыя камісіі ад самага нізу падаюць наверх тыя працэнты, якія ім загадана падаць. Выбары пераўтвораныя ў рытуал. Можна казаць і 70% і 90%.

Думаю, што так яно й было, як сказаў спадар Лукашэнка. Паставілі задачу чыноўнікам на адзін працэнт, а кожны зь іх падумаў: "А раптам суседняя вобласьць дасьць болей, і я апынуся самым нелаяльным?". І пачалося такое спаборніцтва паміж гарадзкімі, раённымі і абласнымі "вэртыкалямі", хто дасьць большы працэнт за кіраўніка дзяржавы.

Вось і атрымалася, што дагналі да 93%, што ўжо зусім неверагодная лічба. Спадару Лукашэнку давялося скінуць 10%. А колькі ён атрымаў насамрэч, бог яго ведае. Мне падаецца, што менш за палову. А на гэтых выбарах ці атрымае траціну галасоў — пытаньне. Ярмошына намалюе лічбу, і ўсё гэта так і сыдзе, калі беларускае грамадзтва будзе маўчаць і пакорліва назіраць за гэтым".

Як трэба дзейнічаць апазыцыі напярэдадні прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі, каб у краіне адбыліся сапраўдныя выбары і пачаліся дэмакратычныя зьмены? Слухач Свабоды выказвае сваю думку:

"Улады ня далі згоды на правядзеньне мітынгу 16 жніўня. Ланцуг неабыякавых людзей быў нешматлікі. За гэтыя гады людзі прызвычаіліся да тых умоваў, людзі спачуваюць родным і блізкім знаёмых і бачаць, што нічога не зьмяняецца. Ніхто нічога ня ведае і ведаць ня будзе ў бліжэйшай будучыні. Таму на плошчу ў час выбараў таксама прыйдзе няшмат народу, бо за гэтыя гады людзі прызвычаіліся да ўмоваў свайго існаваньня, знайшлі нейкую нішу і баяцца зьменаў, каб не было горш. Калі б былі дэбаты на тэлевізіі ці па радыё паміж дзейным прэзыдэнтам і тымі, хто хоча балятавацца на гэтую пасаду, людзі маглі б параўноўваць. А так невядома, хто што прапанаваў, каб палепшыць становішча ў краіне. Вось і пытаньне: што робіць апазыцыя падчас уборкі ўраджаю… І такіх пытаньняў шмат".

А вось больш радыкальнае меркаваньне нашага слухача, які прыгадаў мінулую прэзыдэнцкую кампанію.

"У мяне ёсьць сваё меркаваньне наконт апазыцыі. Вось і ў званках на Свабоду часта чую: вось апазыцыя ня робіць. Дарагія слухачы, апазыцыя на сёньняшні дзень — гэта мы, гэта мы ўсе, хто атрымліваюць па 400-500 тысяч “лукашэй”, усе хто працуе і на пэнсіі, гэта ўсе тыя, хто недаядае, недаапранаецца, гэта ўсё апазыцыя — гэта большасьць. Таму мне падаецца, што сёньня Лукашэнка ўжо апазыцыянэр, а не кіраўнік, і сёньня выйграць можа толькі той, хто будзе змагацца за адсоўваньне Лукашэнкі ад удзелу ў выбарах. Гэта будзе справядліва, бо пасьля 16 гадоў бяспраўя ён ня мае права больш кіраваць дзяржавай і людзьмі. 16 гадоў кіраваў, з іх 10 гадоў незаконна, не прызнана, ён ня быў сьветам прызнаны. Ён загубіў сям’ю Казуліных, такіх паважаных людзей".

Лідэр Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк лічыць, што самай правільнай тактыкай апазыцыі падчас цяперашніх выбараў павінен быць байкот:

Зянон Пазьняк
"Байкот абгрунтоўваецца некалькімі тэзісамі. Першы, гэта тое, што Лукашэнка ня мае права ўдзельнічаць у гэтых выбарах. Ягоны ўдзел у выбарах будзе крыміналам, а з боку людзей будзе выглядаць як прызнаньне гэтага крыміналу. Лукашэнка ня мае права ўдзельнічаць у выбарах — гэта зьдзек з нацыі.

Калі б такая сытуацыя здарылася ў Польшчы, то ніводны паляк не пайшоў бы на выбары. Але там іншы ўзровень нацыянальнай сьвядомасьці і палітычнага досьведу.

Другі тэзіс байкоту — выбары не залежаць ад людзей, якія будуць галасаваць. Створана фальсыфікацыйная машына, і ня важна, як людзі галасуюць. Трэба, каб яны толькі прыйшлі на выбары. Бо, калі нікога ня будзе, то якая ж фальсыфікацыя? Тады ж ня будзеш казаць, што мяне народ падтрымаў, і я элегантна перамог. Хлусьня відавочная. Вось, калі гэтая хлусьня будзе ўсім зразумелая, гэта кансалідуе людзей як пратэст супраць ашуканства, як пратэст супраць улады. Гэта першы крок да кансалідацыі грамадзтва".

Анамальнае надвор'е -- асобная тэма званкоў на Свабоду. Вось адзін зь іх.

"Перажываючы цяпер амаль што апакаліпсіс (дзікунскую сьпёку, што апанавала нас), міжволі пачынаеш паважаць нашых далёкіх продкаў, якія пакланяліся прыродзе. У іх паганстве ёсьць нешта касьмічнае. А мы дайшлі да таго, што сталі царамі прыроды. Чалавецтва цягне зь зямлі ўсё, нарабіла мільёны тон зброі і сядзіць на ёй. Навыдумлялі розных ідэалёгій, што могуць усё ўзарваць. А цяпер адны краіны залівае вадой, у іншых — сухмень страшэнная. Ня так даўно па расейскім тэлеканале паказвалі новы ваенны самалёт, хваліліся, што аналягаў няма нідзе ў сьвеце. А здарыўся на прасторах Расеі магутны пажар — 12 краін дапамагалі тушыць яго. А ў іх няма такога ваеннага “супэр”, а ёсьць дапамога. З прыродай, напэўна, так і трэба: любоўю за любоў. І нават выкінутае сьмецьце да берагоў возера — гэта стаўленьне нашае да прыроды. Таму давайце быць і трохі паганцамі, тады і касьмічны розум ад нас не адступіцца. Дзякуй санітарным і пажарным службам Беларусі! А мы павінны быць дысцыплінаванымі і берагчы ад агню кожнае дрэва, кожнае птушынае гняздоўе, кожнага зьвярка.

Вы слухалі званкі на "Свабоду". Нагадаю, што тэлефон "Свабоды" ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG