Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спытай што іншае


Чарговы раз узьнікла тэма геапалітычнага выбару беларусаў. Па дадзеных лябараторыі НОВАК на пытаньне “У якім саюзе лепш жыць Беларусі: з Расіяй ці з ЭЗ?”, у ліпені 2010 года 42,5% рэспандэнтаў назвалі Расію, 38,4% — ЭЗ. У чэрвені гэтыя лічбы былі адпаведна 43,1% і 32,5%.

Цікава, што другі гулец сацыялягічнага рынку, НІСЭПД, дае іншыя паказьнікі адказаў на тое самае пытаньне : 37,75% за саюз з Расіяй і і 38,9% за саюз з ЭЗ па выніках ліпеньскага апытаньня.

Ці не падаецца вам, што пытаньне, чыя актуальнасць была, напэўна ж, абгрунтаваная недзе ў сярэдзіне дзевяностых, сёньня выглядае як мінімум зьдзекліва ў дачыненьні да таго самага “народа”, да якога так “па-даросламу” апэлююць узброеныя сацыялягічнымі дадзенымі палітыкі, журналісты і навукоўцы?

Сацыёлягі апраўдваюцца тым, што мадэляваньне такой сытуацыі для рэспандэнтаў год пры годзе дае магчымасьць “ацаніць вэктар адпаведнага геапалітычнага выбару, гатоўнасьць да пераменаў у адпаведным накірунку”. Хто можа карэктна адказаць, калі і кім быў вызначаны гэты накірунак, у чым яго адпаведнасьць і адпаведнасьць -- чаму? У якой акрабатычнай паставе пытаньне пра саюз з саюзам дзяржаваў (ЭЗ) ці з асобнай дзяржавай (Расея) зьліваецца з фалічным сымбалем сувэрэнітэту, які ўрачыста дэманструюць пры любой нагодзе і надвор’і як дзяржаўныя, так і апазыцыйныя палітычныя сілы?

Ці ўсё ж комплекс геапалітычнай, а з ёю і эканамічнай, культурнай і нават настроевай залежнасьці ўкаранёны настолькі моцна, што мы не можам нават уявіць сабе, як гэта Беларусь “ня хоча замуж”?

Спрабую ўявіць сабе, як такое пытаньне было б сфармуляванае для жыхароў, напрыклад, Нарвэгіі: “ У саюзе з якой краінай вы хацелі б жыць: Даніяй ці Швэцыяй?” І на падставе адказаў былі б зробленыя высновы аб “прадацкіх” ці “прашведзкіх” настроях нарвэжцаў?

Шчыра прызнаюся, што я б стала ў тупік, калі б давялося адказваць мне самой. Нас нехта ўжо паклікаў у Эўразьвяз? Ці нашыя шматгадовыя адказы на пытаньне, ці хочам мы жыць у саюзе з Расіяй, неяк паўплывалі на існаваньне СНД? АДКБ? ЭўрАзЭС? Ці можа пад саюзам з Расіяй маецца на ўвазе “магутная Беларусь ад Брэста да Ўладзівастока?”

Але моцна цешыць тое, што нягледзячы на сфакусаваныя высілкі зручна раскласьці грамадзкую думку ў адпаведнасьці з ўяўленьням тых, хто будуе свой палітычны рэсурс на “народным меркаваньні”, колькасьць рэспандэнтаў, якія ўпарта адмаўляюцца выбіраць найменшую з двух горасьцяў, застаецца нязьменнай – каля 25%. А аналітыка НІСЭПД кажа нават, што амаль палова апытаных наўпрост ці ўскосна адмаўляецца выбіраць паміж тым ці іншым саюзам, ды яшчэ пры больш разгорнутым мадэляваньні выяўляецца, што палова апытаных гатовая ў такіх умовах пагадзіцца і з адным, і з другім.

Чамусьці я думаю, што гэтыя 25% найбольш пэрспэктыўная і самастойная частка грамадзтва, якая абараняе сябе ад рызыкі быць укрыжаванай дзеля сымбалізацыі геапалітычнага выбару беларусаў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG