Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Яблакаў: "Атрымаецца як падчас Чарнобылю"


Аляксей Яблакаў
Аляксей Яблакаў

У сувязі з пажарамі ў Бранскай вобласьці вядомы расейскі эколяг Аляксей Яблакаў папярэдзіў пра магчымасьць разносу радыёнуклідаў на сотні кілямэтраў. Пра свае прагнозы экспэрт распавёў у інтэрвію Радыё Свабода.


Дракахруст: Спадар Яблакаў, ці шмат радыёнуклідаў захавалася зараз у раёнах, на якія яны выпалі пасьля Чарнобыльскай катастрофы?

Яблакаў:
Нягледзячы на тое, што пасьля Чарнобылю прайшло 25 гадоў і большасьць радыёнуклідаў зьнікла, асноўным
Пажары больш небясьпечныя, чым былі раней.
дозаўтваральным радыёнуклідам зьяўляецца цэзій-137 і ён напалову фізычным чынам зьнік. Але тая палова, што засталася, ёсьць больш небясьпечнай, чым яна была 5-10 гадоў таму. Радыёнукліды спускаюцца ў нізкія слаі глебы. Яны патрапілі ў тыя слаі, дзе шмат каранёў расьлін. І гэтыя расьліны цягнуць радыёнукліды ўверх, робяць іх даступнымі. І гэты рост колькасьці радыёнуклідаў у дрэвах будзе адбывацца яшчэ 6-7 гадоў.

Дракахруст: А ці небясьпечныя пажары на забруджаных тэрыторыях у сэнсе пераносу радыёнуклідаў?

Яблакаў: Пытаньне ці небясьпечныя пажары? Небясьпечныя. І больш небясьпечныя, чым былі раней. У 1992 годзе падчас пажараў у Беларусі колькасьць радыёнуклідаў у паветры ў Вільні павялічылася ў 100 разоў. Я з гэтага раблю выснову, што пажары ў Бранскай вобласьці могуць павялічыць колькасьць радыёнуклідаў у дзесяткі разоў на адлегласьці ў сотні кілямэтраў.

Уся гэтая сытуацыя патрабуе наладжваньня радыяцыйнага маніторынгу ў рэальным маштабе часу. Як мы чуем прагноз надвор'я, гэтак жа мы павінны ведаць, ці не павялічылася колькасьць радыёнуклідаў у Маскве гэтай раніцай, гэтым днём. Веды – сіла, хто папярэджаны – той узброены. Пакуль гэты маніторынг робіцца з вялікім спазьненьнем. Баюся, што атрымаецца як падчас Чарнобылю, калі мы даведаліся пра ўзроўні забруджанасьці сваіх тэрыторый праз тыдзень-два.
Трэба патрабаваць, каб органы, якія абавязаныя нам даваць інфармацыю, давалі нам яе ў гэтай надзвычайнай сытуацыі.


Дракахруст: Ну а што ў гэтай сытуацыі людзям рабіць?

Яблакаў: Што рабіць? Можна выцягнуць з загашнікаў радыёмэтры, лічыльнікі Гейгера. Іх было зроблена мільёнаў 5. Уставіць батарэйкі, не паленавацца схадзіць пратэставаць лічыльнікі і глядзець. Гэта прымітыўна, але нейкі паказчык. І трэба патрабаваць, каб органы, якія абавязаныя нам даваць падобную інфармацыю, давалі нам яе ў гэтай надзвычайнай сытуацыі.

Аляксей Яблакаў – доктар біялягічных навук, прафэсар, член-карэспандэнт РАН, дарадца РАН, кіраўнік фракцыі “Зялёная Расеі” партыі “Яблык”, аўтар шматлікіх навуковых працаў, у тым ліку манаграфіі “Чарнобыль: наступствы катастрофы для чалавека і прыроды” (у суаўтарстве з беларускімі навукоўцамі В. Несьцярэнкам і А. Несьцярэнкам).

***

Пажары ў Бранскай вобласьці не прывялі да зьмены радыяцыйнай абстаноўкі ў Беларусі, заявілі агенцтву "Інтэрфакс-Захад" у сераду ў Рэспубліканскім цэнтры радыяцыйнага кантролю міністэрства прыродных рэсурсаў Беларусі. "Нашы лябараторыі не зафіксавалі нейкай зьмены радыяцыйнай абстаноўкі ў памежных з Бранскай вобласьцю рэгіёнах Беларусі", – паведамілі ў цэнтры.

"Радыяцыйная абстаноўка ў рэспубліцы застаецца бязь зьменаў, як і раней, больш высокія значэньні магутнасьці дозы гама-выпраменьваньня захоўваюцца ў пунктах пастаяннага кантролю, разьмешчаных у зонах павышанага радыеактыўнага забруджваньня – Брагіне, Нароўлі, Слаўгарадзе, Чачэрску, Хойніках ", – паведамілі ў цэнтры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG