Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Нельга, каб жанчына састарэлася на працы"


Ва Ўкраіне ўзрост выхаду на пэнсію мужчын і жанчын зробяць аднолькавым — 60 гадоў. "Ці варта гэтаксама зрабіць у Беларусі?" На гэтае пытаньне адказвалі мінакі на вуліцах Магілёва.



Спадарыня: "Не. Не ўва ўсіх жанчын здароўе дапрацаваць да такога ўзросту. Ну й, канечне, лішнія грошы, калі працуеш. Аднак не ўва ўсіх хапае здароўя працаваць".

Спадарыня: "Не, так і пакінуць. Нават мужчынам можна зьменшыць узрост выхаду на пэнсію, бо, на жаль, яны ў нас жывуць менш за жанчын. Многія да шасьцідзесяці не дажываюць. Але тое, што не павялічваць — гэта адназначна".

Спадарыня: "Не. Ну, перадусім, каб жанчына сябе лічыла жанчынай. Вось мне падабаецца такая фраза, якую кажуць: "Нельга, каб жанчына састарэлася на працы". Гэта дужа слушна".

Спадарыня: "Ня трэба. Чаму? Я й ня ведаю, аднак, па-мойму, ня варта. Мне яшчэ далёка да гэтага. Аднак усё адно мне падаецца, што ня варта".

Спадарыня: "Не, няхай будзе як ёсьць, бо так ужо склалася. Усе чакаюць гэтага ўзросту. Навошта людзей траўмаваць? Я столькі гадоў адпрацавала. Я чакаю пяцьдзясят пяць, а тут раз — і ў шэсьцьдзесят. Давядзецца прыстасоўвацца неяк".
Цяжка пасьля пяцідзесяці пяці працаваць.


Спадар пэнсійнага веку: "Я наагул супраць, каб мужчыны й жанчыны ішлі на пэнсію ў адным узросьце. У нас жанчыны да пяцідзесяці пяці ледзь дацягваюць. Ім цяжка. Цяжка пасьля пяцідзесяці пяці працаваць".

Спадарыня пэнсійнага веку: "Я пэнсіянэрка, я пайшла на пэнсію ў пяцьдзясят пяць гадоў. Мне было гэтага дастаткова. Усё залежыць ад таго, як чалавек пачувае сябе. Я, напрыклад, хоць і на пэнсіі, я яшчэ працую. У мяне ёсьць сілы. Мяне гэта задавальняе".

Спадар: "На пэнсію ніхто з задавальненьнем не сыходзіць, бо пэнсіі замалыя. Калі б пэнсіі было б дастаткова, то тады б, канечне, працу кідалі. А людзі працуюць, бо пэнсіі замалыя. Яны стараюцца працаваць, атрымліваць заробак і пэнсію".

Спадарыня: "Не, нельга. У нас і так працягласьць жыцьця нізкая. Паглядзіце, асабліва мужчыны наагул. Ну, і жанчыны таксама, што вы думаеце…"

Маладая жанчына: "У нашай краіне немагчыма павысіць пэнсійны ўзрост, бо сьмяротнасьць перавысіць пэнсійны ўзрост. І жанчыны, і мужчыны павінны сыходзіць на пэнсію ў тым узросьце, які ёсьць цяпер".
У нашай краіне немагчыма павысіць пэнсійны ўзрост, бо сьмяротнасьць перавысіць пэнсійны ўзрост.


Спадарыня: "Для мужчын шэсьцьдзесят гадоў — дастатковы ўзрост, а для жанчын, па-мойму, завялікі. Жанчыны ў нас неяк старэюць дужа раней, чым мужчыны".

Спадар: "Не. Жанчыны, мне падаецца, павінны раней выходзіць на пэнсію. Жанчына ёсьць жанчына. У жанчын жа звычайна дзеці дома, сям’я, гаспадарка, і каб аднолькава з мужчынамі на пэнсію — я думаю, гэта няправільна".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG