Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Расеі выгадны слабы Лукашэнка"


Слухачы абмяркоўваюць паездкі Аляксандра Лукашэнкі ў рэгіёны, ягоныя выказваньні пра стасункі Расеі і Беларусі, а таксама разважаюць пра розныя канцэпцыі паходжаньня беларусаў.

Слухач з Маладэчна абураецца публікацыяй, што зьявілася нядаўна ў прэзыдэнцкай газэце "Советская Белоруссия":

"У суботнім нумары "СБ" надрукавана: "учора прэзыдэнт працаваў (ПРАЦАВАЎ!) у Віцебскай вобласьці". Дык я б канстатаваў, што прэзыдэнт у чарговы раз дэманстраваў спэктакль, перашкаджаючы працаваць іншым, ускосна прымушаючы паказваць "пацёмкінскія вёскі", марнуючы дзяржаўныя сродкі".

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька падзяляе меркаваньне слухача "Свабоды":

"Што тычыцца Аляксандра Лукашэнкі, то ў яго ненармаваны працоўны дзень. Я часта бачу, як картэж а 10-й раніцы едзе на Карла Маркса, а ў 14 вяртаецца назад і потым нікуды ня рухаецца. Што да паездак у рэгіёны, то ў час жніва кожная паездка Лукашэнкі — гэта палундра. Усе пачынаюць займацца ня ўборкай ураджаю, а арганізацыяй прыёму. Гэта значыць — кароў шараваць, як гэта было неаднойчы, класьці асфальт і г.д.
Анатоль Лябедзька

Я думаю, што ў нас падрыхтаваныя кадры, якія самі могуць разабрацца, калі сеяць, калі жаць, колькі куды патрэбна камбайнаў. Таму парада Лукашэнку толькі адна: не перашкаджаць падчас жніва ўбіраць ураджай. Тым больш калі гэта яшчэ суправаджаецца расказамі пра геапалітыку, то камбайнэру ці даярцы гэтыя размовы папросту да аднаго месца".

А вось яшчэ адзін званок ад нашага слухача наконт выказваньняў кіраўніка Беларусі пра стасункі Расеі і Беларусі падчас паездак у рэгіёны:

"Наш правадыр езьдзіць па рэгіёнах і ўсё пужае людзей, што нехта хоча канчаткова пасварыць Расію і Беларусь. Хачу сказаць, што жылі мы з Расіяй побач да цябе, Аляксандар Рыгоравіч, будзем таксама жыць і безь цябе. І калі ў цябе ня склаліся асабістыя адносіны з расейскім кіраўніцтвам, гэта твае праблемы. Пры чым тут увесь беларускі народ? І ніколі не атаясамлівай сябе з усім народам".

Слухачка "Свабоды" зь Менску, якая назвалася Надзеяй, у працяг тэмы "Праскага акцэнту" выказалася наконт пазыцыі расейскага кіраўніцтва ў справе зьмены ўлады ў Беларусі.

"Вось я ня думаю, што Расея сапраўды зацікаўленая ў цывілізаваных стасунках зь Беларусьсю і зацікаўленая, каб зьмяніць нашага дыктатара. Расея ж шмат гадоў датавала беларускую эканоміку не таму, што такая добрая, а таму, што зацікаўленая, каб беларуская эканоміка была нерэфармаваная і залежала ад расейскіх датацыяў і расейскага рынку. А цяпер расейскія алігархі могуць тут дыктаваць свае ўмовы — вось яны і спрабуюць ціснуць на нашага дыктатара, каб ён выконваў свае абяцанкі. А што ён абяцаў расейскім алігархам — невядома. Тое, што ведаюць аналітыкі, — гэта толькі надводная частка айсбэргу. Насамрэч там жа ёсьць і закулісныя дамоўленасьці. І вось гэтая сетка закулісных дамоўленасьцяў будзе пастаўленая пад пагрозу, калі прыйдзе новы прэтэндэнт на прэзыдэнцкую пасаду. А гэтага можна шантажаваць, вось яны і будуць яго душыць і шантажаваць і да апошняга верыць, што яны патрапяць яго падпарадкаваць".
Лявон Баршчэўскі

Вядомы навуковец і палітык Лявон Баршчэўскі камэнтуе выказваньні слухачоў "Свабоды":

"Безумоўна, Расея не зацікаўленая ў тым, каб замяніць Аляксандра Лукашэнку, каб не мяняць шыла на мыла, бо Аляксандар Лукашэнка заўсёды праводзіў прарасейскую палітыку. Што б ён ні гаварыў з часовых каньюнктурных меркаваньняў. Для сёньняшняга расейскага кіраўніцтва слабы Лукашэнка выгаднейшы. Таму іх мэта — не памяняць яго, а максымальна аслабіць. У такой сытуацыі, калі б Аляксандар Лукашэнка быў мужным чалавекам, то сышоў бы ў адстаўку. Вядома, што за 16 гадоў ён шмат чаго наабяцаў Расеі. Ён павязаны абяцаньнямі, сваім атачэньнем. Расеі патрэбны слабы Лукашэнка, а гэта кепска для народу. Лукашэнка павінен сысьці ў адстаўку, каб краіна магла адгарнуць новую старонку сваёй гісторыі".

Слухач "Свабоды"
прачытаў у календары "Родны край", што 9 жніўня — міжнародны Дзень карэнных народаў, і паставіў пытаньне пра дасьледаваньне паходжаньня беларусаў.

"Ёсьць пытаньне, на якое пакуль ніхто не адказаў: хто мы, сучасныя беларусы? І вучоныя, і палітыкі, асабліва апошнім часам, цьвердзяць аднагалосьсем, што беларусы — славяне, але ж ёсьць зьвесткі, што беларусы-ліцьвіны фактычна не зьяўляюцца славянамі, таму што ніколі нікуды не высяляліся, а спрадвеку пасьля адступленьня ледавіка жылі на сваёй зямлі. Мы народ, адкуль выйшлі славяне, мы праславяне, тутэйшыя. Трэба ведаць праўду, а не хлусьню акупантаў ды палітыкаў рознага кшталту".

Вы слухалі званкі на "Свабоду". Нагадаю, што тэлефон "Свабоды" ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG