Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 27 ліпеня


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

З ДАЖДЖОМ...


...але ўсё яшчэ душна. Тэмпэратура: 23-28 С.

НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:


У Раўбічах, у рэзыдэнцыі амэрыканскага амбасадара, адбудзецца музычны фэстываль "Амбасовішча". Выступяць: "Дали", "Хуткі смоўж", "Кальмары", "Ў", "Нейро Дюбель", "Босое солнце", Naka і гурт "Тhe Вishop" з ЗША.

Віцебскі актывіст апазыцыі Алег Сурган павінен быць вызвалены 27 ліпеня з калёніі ў горадзе Глыбокае. Ён быў асуджаны на 6 месяцаў турмы нібыта за напад на міліцыянта.

ТАМ ДЗЕ НАС НЯМА:


Міністар замежных справаў Нямеччыны Гіда Вэстэрвэле ў Турцыі.

У Жэнэве пачынаецца чарговы раўнд расейска-грузінскіх перамоваў.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


У 1841 у паядынку загінуў расейскі пісьменьнік Міхаіл Лермантаў (нар. 1814).

У 1900 годзе быў прададзены першы гамбургер — амэрыканскі гастраном Луі Лесінг у мячстэчку Нью-Гэйвэн паклаў катлетку між дзьвюма круглымі булачкамі, дадаў соўс і лісток салаты. Якраз у такім выглядзе гамбургер стаў адным з сымбаляў Амэрыкі.

У 1906 у Менску нарадзіўся Ежы Гедройц (пам. 2000), польскі інтэлектуал, заснавальнік польскага Літаратурнага інстытуту на Захадзе, выдавец і рэдактар часопісу "Kultura" ў Парыжы. Гедройц быў адным з самых пасьлядоўных польскіх прыхільнікаў ідэі незалежнасьці для ўсходніх суседзяў Польшчы — Літвы, Беларусі і Ўкраіны — ды наладжваньня добрасуседзкіх адносін паміж імі і Польшчай.

У 1990 Вярхоўны Савет Беларускай ССР прыняў "Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі". 25 жніўня 1991 гэтай дэклярацыі быў нададзены статус канстытуцыйнага закону, і БССР юрыдычна ператварылася ў незалежную Рэспубліку Беларусь. Дзень 27 ліпеня быў нацыянальным сьвятам краіны да рэфэрэндуму ў 1996 годзе, пасьля якога яго перанесьлі на 3 ліпеня.

У 2002 падчас авіяшоў на аэрадроме Скныліў каля Львову пацярпеў катастрофу зьнішчальнік Су-27. Самалёт упаў у натоўп гледачоў, забіўшы 77 чалавек і параніўшы больш за 100. Была гэта найбольш трагічная катастрофа ў гісторыі авіяшоў на сьвеце.

ЁСЬЦЬ НАГОДА:


Дзень соні ў Фінляндыі. Народнае сьвята нарадзілася ў партовым мястэчку Наанталі ў 1950-х. Па традыцыі, жыхары гэтага мястэчка выбіраюць героя дня, якім становіцца той сярод іх, якога яны лічаць найбольшым гультаём і аматарам паспаць. Каб прыдаць яму бадзёрасьці, яго прынародна кідаюць у гэты дзень у воды Фінскай затокі.

МІНУС 365:


Год таму на сайце Свабоды: "Скандал вакол блогу Zmagarki: жахлівае відэа часоў чачэнскай вайны".

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


"Рэвалюцыю робяць работнікі, ніхто іншы. А рэвалюцыя перамагае, калі яе падтрымлівае інтэлігенцыя. Гэта азбука. Іншая рэч, што потым гэтых работнікаў абуваюць у лапці" — Ежы Гедройц.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG