Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Рыцарскі фэст-2010” распачаўся ў Мсьціславе


Сьвята сярэднявечнай культуры “Рыцарскі фэст-2010” распачалося ў суботу ў Мсьціславе. Сёлета яго прымеркавалі да 600-годзьдзя перамогі войскаў Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства над Тэўтонскім ордэнам пад Грунвальдам.

Цягам двух дзён гарадзкі цэнтар Мсьціслава, мясцовы парк, замкавая гара ды старыя муры езуіцкага кляштару будуць месцамі правядзеньня мерапрыемстваў. Галоўныя іх удзельнікі – ваяры зь дзясятка беларускіх рыцарскіх клюбаў. У Мсьціслаў яны прыехалі з Магілёва, Менску, Віцебску, Рэчыцы, Гомелю, Барысава. Ачольвае рыцарскую грамаду польскі кароль Ягайла.

Сёньня рыцары пачалі сьвята шэсьцем ад Замкавай гары па вуліцы Савецкай да цэнтральнай гарадзкой плошчы з помнікам асьветніку і друкару Пятру Мсьціслаўцу. На невялікай пляцоўцы між помнікам ды будынкам райвыканкаму, агароджанай турнікетамі з двума ўваходамі, і адбылося ўрачыстае адкрыцьцё фэсту. Вітаў яго ўдзельнікаў па-расейску старшыня райвыканкаму Васіль Віцюноў.

На Замкавай гары рыцары ладзілі турніры. Майстэрства дэманстравалі мечнікі ды лучнікі. Ваяры штурмавалі замак, няволілі караля ды біліся “да апошняга, які стаяў на нагах”. Кошт прагляду гульбішчаў сучасных рыцараў вагаўся ад 1100 да 1500 рублёў.

Акрамя рыцарскіх забаваў, у праграме заплянаваны канцэрты гуртоў “Стары Ольса”, “Яварына” ды “Песьняры”. Мае адбыцца сярэднявечная дыскатэка з лазэрным шоў. Пройдуць экскурсіі, выстава, а таксама мерапрыемствы для дзяцей.

Завершыцца фэст заўтра, 25 ліпеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG