Пакой выдзелілі, вуліцу пашкадавалі
Гарачыя ліпеньскія дні, ператрываць цяжка, а пажылы нямоглы Мікалай Мельнікаў зноў ідзе ў выканкам, каб начальства не забывалася, што трэба вырашаць лёс музэйчыка Васіля Быкава, як ні адцягвай. Вынік ёсьць: нечакана для музэю пісьменьніка, вэтэранскай арганізацыі, якая яго стварыла, прапанавалі яшчэ адзін пакой, у той жа камяніцы. Яна, дарэчы, знаходзіцца ў добрым месцы — у гістарычнай забудове на вул. Савецкай. Мікалай Мельнікаў рады, канечне, але кажа, што канкрэтна пакуль невядома — на якіх умовах будзе арэнда. Гэта — адно, другое — яго расчаравала, што чыноўнікі не зацьвердзілі рашэньне наконт вуліцы Васіля Быкава.
Карацей — быццам бы пашырылі грамадзкі музэй. Але становішча працягвае нагадваць прагноз надвор’я: абяцаюць гарадзенцам з дня
Зьменаў няма, справа спынілася як сонца ў зэніце…
Мікалай Мельнікаў быў у партызанах, затым на фронце, доўгі час выкладаў у гарадзенскім унівэрсытэце Янкі Купалы. Яму незразумела — улада на адным з першых месцах трымае мінулую вайну, а вось на пісьменьніка, што сам ваяваў, а затым стаў самым вядомым беларускім празаікам, які пісаў пераважна пра чалавека ў ваенных умовах, творчасьць якога ўпісваецца ў сусьветную літаратуру, стараюцца паменш зважаць, замаўчаць яго. Мікалай Мельнікаў напісаў кніжку аб тым, як ствараўся грамадзкі музэй Васіля Быкава ў Горадні. Зрэшты, пакуль самой кніжкі няма, ёсьць толькі тэкст.
Ён піша: “Стварыўшы музэй Васіля Быкава, мы хочам сказаць усім грамадзянам Беларусі, што Горадня – горад Быкава, дзе ён пражыў амаль чвэрць стагодзьдзя і дзе напісаў ня толькі свае першыя апавяданьні, але ці не бальшыню сваіх цудоўных сусьветна вядомых твораў. Таму наша мэта і задача – не аддаць забыцьцю імя слыннага гарадзенца і славутага пісьменьніка сучаснасьці. Мы будзем рабіць усё неабходнае, каб яго постаць, жыцьцё і творчасьць сталі прадметам цікавасьці усіх і на яго прыкладзе расьлі і выхоўваліся нашы сучасьнікі”.
Адным — музэі і шыльды, іншым — не
Па сутнасьці, пра мэту стварэньня грамадзкага музэю Васіля Быкава сказана — проста, шчыра і пераканаўча. Між іншым, у Горадні празаікаў жыло зусім няшмат. Але існуе музэй Элізы Ажэшкі, якая памерла сто гадоў таму, ва ўнівэрсытэце ёсьць добры мэмарыяльны пакой яшчэ адной польскай пісьменьніцы — Зоф’і Налкоўскай, на доме, дзе яна жыла, — памятная шыльда. Хаця, па шчырасьці, вельмі многім невядомае такое імя. Аднак такая добрая традыцыя — ушаноўваць сваіх літаратараў абмяжоўваецца яшчэ толькі домам-музэем Максіма Багдановіча, які ў маленстве жыў з бацькамі ў Горадні.
Можна яшчэ назваць паэта Міхася Васілька. У кароткі дэмакратычны час удалося вуліцы Чапаева надаць імя паэта, які тут жыў, і адкрыць мэмарыяльную дошку на будынку, што стаіць на месцы дома Васілька. Праўда, дошку злодзеі неўзабаве зьнішчылі, але нядаўна яе аднавілі, што праўда — на новым месцы. Да слова, шыльдачкі на дамах чамусьці ўсе абцятыя: “вул. Васілька”, а ў яго ж імя было таксама!
Уласна кажучы, у Горадні жылі яшчэ два пісьменьнікі — Васіль Быкаў і Аляксей Карпюк, але ім нават шыльды пашкадавалі
Пісаў і ў прэзыдэнцкую адміністрацыю, ліст пераслалі “па інстанцыях”, нават у КДБ...
Гарадзкія ўлады паклікалі нават камісію ў справе музэю, абяцалі яго стварэньне асобным радком у сваю праграму “Спадчына” удрукаваць. Што ж, крок лягічны, не паспрачаесься, але ж у гэтай праграме ёсьць пункты, якія падоўгу не выконваюць, паклалі пад сукно. Калі чытаеш запіскі Мікалая Мельнікава, запыняеш сябе на думцы: гарадзкое начальства — гэта адно, а вось у міністэрства культуры таксама варта было б зьвярнуцца! Але далей ён піша, што і там пра музэй Быкава таксама ведаюць і таксама толькі “за”, аднак справа ня рухаецца.
Прыватныя мэмуары
Мікалай Мельнікаў займаўся ва унівэрсытэце філялёгіяй, пэдагогікай, але толькі калі ўжо даўно быў на пэнсіі, калі працаваць зрабілася цяжка, вырашыў абавязкова напісаць успаміны, перш — пра тое, як “раскулачылі” і саслалі ў канцлягер усю сям’ю Мельнікавых з дзецьмі. Яму ўдалося выдаць іх сваім коштам. Кніжка пра музэй Быкава — наступная, падрыхтаваць тэкст вельмі дапамог краязнаўца Алесь Госьцеў — адзін з тых, хто дбае сёньня пра музэй Быкава.
Прыкмета часу — зьвярнуцца ў архівы, запісаць свае ўспаміны пра родную вёску, пра свой род, пра падзеі, сьведкам якіх быў.
Людзі ўсьведамляюць, што ў беларусаў вельмі мала такіх прыватных мэмуараў. Адна знаёмая-гісторык мне сказала, што вырашыла напісаць пра мастацкае жыцьцё ў Горадні ў пасьляваенны час, бо рэальна невядома — як жылі тады мастакі, што малявалі, апроч афіцыйных заказаў? Успаміны былі тады “ня ў модзе”.
Чытаў аднойчы: нехта ўспамінаў, што ў Маскве ў пасьляваенны час у канцтаварах было мноства прыгожых нататнікаў, іх ніхто не купляў. Людзі падсьвядома жылі з думкай, што іхнія лісты абавязкова пэрлюструюць, тэлефонныя размовы праслухоўваюць, а любыя асабістыя запісы пры арышце могуць выкарыстаць супраць іх саміх. Жылі, не занатоўваючы, не запамінаючы абы не нашкодзіць сабе незнарок. Калі так было ў Маскве, у Горадні — пагатоў.