У Старыя Дарогі я прыехаў, каб выступіць перад школьнікамі, пазнаёміць дзяцей з жанрам аўтарскай песьні. У якасьці ганарару старадароскі краязнаўца Віталь Юрэвіч паабяцаў мне некалькі літраў мясцовага першаку. Самі разумееце, ад такой прапановы адмовіцца немагчыма.
Віталь: «Гэта даволі элітарны прадукт. Звычайна старадароская самагонка падаецца на стол дзеля добрых гасьцей. Наша мясцовасьць, яна ў лясах. І гэта дазваляе рабіць добрую якасьць. Лясы, менш можна злавіць, партызаніць».
Віталь нават пазнаёміў мяне з адным з галоўных браварнікаў. Пэнсіянэрам, які рэцэпт заваркі старадароскай гарбаты захоўвае ледзь не ад прадзедаў. І які не прымае пошлага слова «самагон».
Карэспандэнт: «А тут заўжды гэты напой называлі «гарэлкай»?
Стары: «Гарэлка. „Самагонка“ пайшла потым. Ад Кандрата Крапівы, ад вершаў, ад крытыкі. А так спакон вякоў была гарэлка. Адкрывалі палац культуры, Бабкіна прыяжджала. Ня ў гэтым справа. Хто б да нас ні прыяжджаў, мы заўжды частавалі. Але менавіта сваёй гарэлкай старадароскай. Якая не лічылася… Я падкрэсьліваю, старадароскай, чыстай, хлебнай. А ня той, якую робяць на чыгунках з цукру з мэтай нажывы. Таму што прадаваць хлебную — у трубу вылеціш. Працаёмкі працэс».
Але галоўны сюрпрыз мяне чакаў наперадзе. Блукаючы па Старых Дарогах, Віталь завёў мяне на вуліцу Астроўскага. Дзе на адным з дамоў красуецца вялізная шыльда «Лінія Лізуры». Пра народнага майстра, рэзчыка па дрэве Ігара Лізуру я чуў неаднойчы. І ад Уладзіміра Арлова, і ад Глеба Лабадзенкі, і ад шмат каго яшчэ. Але іншая справа — пабачыць тую «Лінію» на свае вочы. Фантазія, гумар і залатыя рукі гаспадара сядзібы зрабілі сапраўдны цуд. На «Лініі Лізуры» вы імгненна ператвараецеся ў дзіця, якое ня можа адарвацца ад сузіраньня незвычайных цацак. Тут і пэрсанажы беларускай міталёгіі,
тут і ваяры ўсіх часоў і народаў,
тут і скульптурныя выявы бытавых сцэн сёньняшняга жыцьця.
Кожную кампазыцыю можна разглядаць бясконца, бо ўсе дэталі, ад гузікаў да выразаў твару, выкананыя дасканала. Далібог, «Лінія Сталіна» са сваімі сапраўднымі танкамі мізарнее ў параўнаньні з тэракотавай арміяй Лізуры.
Ігар: «Вось у мяне адна кампазыцыя такая, „Афганістан“. Едуць душманы, дэсантнікаў прытарочылі, мула сядзіць зь вінтоўкай, жонкі ў чадрах, і душманы ідуць, ахоўваюць. Караван такі».
Карэспандэнт: «А дзе мужныя савецкія воіны?»
Ігар: «Прывязаныя. У цяльняшках. Іх у палон узялі. У палон, бедных, узялі».
Лізуравы выявы людзей — гэта не маленькія клясычныя скульптуры, а хутчэй нязлыя пародыі і шаржы на вядомых дзеячаў. Яны нагадваюць мультыплікацыйныя лялькі. Асабліва ўражваюць высокія караблі, дзе спачатку нават не дасі веры, што напятыя ветразі зробленыя таксама з дрэва.
Маю ўвагу прыцягнулі фігуркі хакеістаў.
Вусатыя мужыкі сумна пазіраюць з-пад хакейных шаломаў. У кнізе водгукаў ёсьць размашысты аўтограф Аляксандра Лукашэнкі.
«Огромное спасибо за детей, которых вы обучили своему ремеслу». Аўтар адказаў ніжэй.
Карэспандэнт: «Слухайце, а Аляксандар Рыгоравіч быў у вас?»
Ігар: «Дома ж то ня быў. Калі Палац адкрывалі, то мяне прымусілі са сваімі працамі стаяць. Ну і спадобіўся».
Карэспандэнт: «А хакеістаў ён ня бачыў?»
Ігар: «Не, сябе ён ня бачыў. За гэты артыкул, што напісаў у раённай газэце, раённае начальства доўга не віталася са мной».
Карэспандэнт: «А што там такое?»
Ігар: «Ну, напісаў, як яны мяне інструктавалі — стой, рукі па швах. А, во, Лукашэнка размашыста. Яму сказалі, што дзяцей я вучыў. „Спасіба, што дзяцей рэмеслу навучылі“. Як бы ў прэзыдэнта аўтограф узяць у сваю кнігу водгукаў? Яны ў мяне ўбяруць гэту кнігу, а я зноў. І так тры разы. У рэшце рэшт я аўтограф гэты ўзяў».
На дзяжурнае і банальнае журналісцкае пытаньне я атрымаў ад майстра адказ у стылі расейскага пісьменьніка Сяргея Даўлатава.
Карэспандэнт: «Вы ў дзяцінстве гэтай справай не займаліся. Ужо дарослым чалавекам, у 33 гады ўзяліся. І што падштурхнула?»
Ігар: «Я ў арміі служыў, у Асіповічах, і калі служыў, мне афіцэры кажуць: «Ты вось выразаеш, а бачыў у Валгаградзе, у паноптыкуме, рука такая з факелам?» Я кажу: «Бачыў». — «А ты ў кукіш можаш такую выразаць?» — «А навошта?» — «Ну выраж, нам трэба». А ў начальніка базы быў якраз дзень нараджэньня. І вось ён прыходзіць на апэратыўку, а ў яго кукіш стаіць на стале. Ён разьюшыўся, што я яму такую фігу выразаў. Кажу: «Папрасілі». «Ну, тады, — кажа, — будзеш сувэніры рабіць». Каму Дон Кіхота, каму Швэйка. І пайшло. А ў 75-м годзе прыехаў сюды ."Песьняроў" выразаў. Яшчэ маладыя былі яны. Вось Мулявін малады, вось Барткевіч«.
Карэспандэнт: «Вось Кашапараў стаіць».
Ігар: «Прыходзілі неяк новыя «Песьняры». Яшчэ Мулявін быў жывы. «Мулявіну падары!» — «Хай прыйдзе сам, я яму аддам. Пляшку пастаўлю, песьні сьпяём. А зараз „Песьняроў“ разьвялося. А вось гэта — „бацька“ з сынам. Чэсьць аддае».
Карэспандэнт: «Хуліганіце?»
Ігар: «Чаму хуліганю? Па тэлевізары пабачыў. А вось „бацька“ са мной. Як я яму падарунак уручаю на адкрыцьці нашага Палаца культуры. Ён бы не пакрыўдзіўся, здаецца, з гумарам мужык».
Карэспандэнт: «А чаму вас так цягне да Аляксандра Рыгоравіча?»
Ігар: «Я ж зь ім сустракаўся, ён мне падарунак падарыў».
Гледзячы на Лізуравых «Лукашэнак», зробленых бязь ценю злой іроніі, я б на месцы першага прэзыдэнта зрабіў бы майстру адмысловую замову. Бо такі драўляны «Лукашэнка» глядзіцца нашмат чалавечней і сымпатычней за казённыя партрэты, якімі заваленыя кнігарні.
Асобнае месца ў Лізуравай калекцыі займаюць шахматы. Мне пашчасьціла пабачыць шахматы на тэму расейскай рэвалюцыі, дзе чорны кароль Ленін і чорная каралева Крупская супрацьстаяць Мікалаю Другому і імпэратрыцы.
Таксама захапленьне выклікалі шахматы на тэму мінулай вайны.
Ігар: «Вось каралева „Крэмль“, а вось каралева „Рэйхстаг“. Вось Сталін з трубкай, кароль, а вось Гітлер. Коні — „кацюшы“ стылізаваныя. А ў іх „фаў“. Канцлягерныя вышкі аднолькавыя. Што ў іх, што ў нас. Такія шахматы. Зь Міністэрства культуры ўзялі ў мяне шахматы і павезьлі ў Вену ў 89-м. І там чарга стаяла да салёна мастацкага. Шахматы ўзялі ў мяне — „Хочаш у Парыж зьезьдзіць?“ — „Хачу“. — „Дай нам шахматы і яшчэ шэсьць работ, і ў Парыж звозім“. І вось з-за такіх шахмат Парыж пабачыў».
Больш за ўсё мяне дзівіла, што «Лінія Лізуры» робіцца высілкамі аднаго чалавека. Можна сабе ўявіць, што б меў гэты майстар, калі б ён жыў у той жа Польшчы. Мінімум сваю галерэю. Слова краязнаўцу Віталю Юрэвічу.
Віталь: «Лізура — чалавек вельмі таленавіты. Наколькі мне вядома, яго творы карыстаюцца папулярнасьцю ў беларускіх дзеячаў культуры. І Віктар Астаф’еў, вядомы аўтар „Цар-рыбы“, таксама замаўляў яму нешта. Творы яго карыстаюцца посьпехам. Шмат у якіх краінах ёсьць ягоныя творы».
Карэспандэнт: «Якія адносіны ў вас з раённым аддзелам культуры?»
Ігар: «Ніякіх. Вось я выстаўку зрабіў, аб’ява вісіць. Ніхто нават не зайшоў, ні з рэдакцыі, ні з аддзелу культуры — пацікавіцца, што ж там за „Лінія Лізуры“ такая? Ну і стаў у двары паказваць. Аб’яву павешу, і хто хоча — прыходзяць, глядзяць».
Карэспандэнт: «Ваша праца прыносіць нейкі прыбытак?»
Ігар: «У Старых Дарогах асабліва не разгонісься. Сотню даляраў якую заробіш раз у паўгода. Так, сувэнірчыкі раблю, на бутэльку, па дзясятцы. Лукашэнак гэтых».
Самы дзіўны твор Лізуравай калекцыі — «Чарнобыль 2086». Тут рукой беларускага мастака вадзіла муза Францыска Гоі. Двухгаловы страшны мутант з шалёнымі вачыма.
Ігар:
«Дзьве галавы, рукі чатыры,
заместа ступняў капыты.
То радыяцыі мутыры
зрабілі, Божа, а ня Ты.
Такімі нас праз сто год бачыць
вучоны сьвет, калі ня хлусіць.
І воблік вельмі незвычайны
чакае браткаў-беларусаў.
Галовы будуць мо кусацца
і зіркаць ў розныя бакі.
Адна к Расеі будзе рвацца,
другая — у захаднікі».
заместа ступняў капыты.
То радыяцыі мутыры
зрабілі, Божа, а ня Ты.
Такімі нас праз сто год бачыць
вучоны сьвет, калі ня хлусіць.
І воблік вельмі незвычайны
чакае браткаў-беларусаў.
Галовы будуць мо кусацца
і зіркаць ў розныя бакі.
Адна к Расеі будзе рвацца,
другая — у захаднікі».
Калі гэтым летам вам хочацца пабачыць нешта незвычайнае, дык выпраўляйцеся ў Старыя Дарогі. На вуліцу Астроўскага, дом 14. «Лінія Лізуры» заўжды чакае гасьцей.