Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падарунак для Віктара Януковіча і “падарункі” ад Віктара Януковіча


Віктар Януковіч
Віктар Януковіч


Нефармальны саміт СНД праходзіць сёньня ў Крыме. Яго прымеркавалі да 60-годзьдзя прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча. Экспэрты зьвяртаюць увагу на тое, што гэтае мерапрыемства раней не плянавалася. А ўзьнікла яно толькі пасьля таго, як высьветлілася, што прэзыдэнты шэрагу краінаў Садружнасьці пажадалі асабіста павіншаваць юбіляра.

Аляксандар Лукашэнка таксама паляцеў павіншаваць свайго ўкраінскага калегу. Пра гэта сёньня паведаміла прэсавая служба кіраўніка беларускай дзяржавы. Адзначаецца, што Лукашэнка знаходзіцца ва Ўкраіне з рабочым візытам. Ён мае намер удзельнічаць у нефармальнай сустрэчы лідэраў краін СНД і ў мерапрыемствах, прысьвечаных ушанаваньню юбіляра.

Кіраўнік прэсавай службы Павал Лёгкі, які таксама знаходзіцца ў Крыме, у тэлефоннай размове са «Свабодай» сказаў, што ў плянах Аляксандра Лукашэнкі пакуль няма сустрэчаў у
У плянах Аляксандра Лукашэнкі пакуль няма сустрэчаў у фармаце «адзін на адзін».
фармаце «адзін на адзін» са сваімі калегамі:

«Справа ў тым, што няма неабходнасьці у нейкіх спэцыяльна арганізаваных сустрэчах фармату „адзін на адзін“. Гэта з той простай прычыны, што саміт прадугледжвае даволі працяглыя кантакты кіраўнікоў дзяржаў у зручным для іх фармаце. Яны змогуць размаўляць і адзін на адзін, калі ўзьнікне такое жаданьне, і ў нейкім вузкім коле».

Спадар Лёгкі кажа, што у сёньняшняй сустрэчы фактычна няма парадку дня:

«Далёка не адну-дзьве гадзіны, а значна болей гэта будзе цягнуцца. І сама атмасфэра нефармальнага саміту дазваляе паразмаўляць сам-насам непасрэдна па ходу сустрэчы, і ў больш шырокім фармаце, і ў больш вузкім. Тут, зразумела, няма ніякага парадку дня. А гэта дае свабоду для выбару тэмаў і пытаньняў для абмеркаваньня».

Паколькі Аляксандар Лукашэнка паляцеў віншаваць юбіляра, я спытаў спадара Лёгкага: які падарунак падрыхтавалі ў Менску для Віктара Януковіча?:

Падарунак гатовы для кіраўніка ўкраінскай дзяржавы. Але, натуральна, што гэта за падарунак, я вам не скажу.
«Падарунак гатовы для кіраўніка ўкраінскай дзяржавы. Але, натуральна, што гэта за падарунак, я вам не скажу».

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі кажа: зусім нядаўна Аляксандар Лукашэнка быў у Астане, дзе віншавалі з 70-годзьдзем прэзыдэнта Казахстана:

«Але нам невядома, што ён там падараваў Назарбаеву. І што тут — невядома. Але своеасаблівым „падарункам“ можа быць наступная інфармацыя. Стала вядома, што міжурадавае пагадненьне наконт транзыту нафты для беларускіх заводаў праз Украіну не падпісанае. Пра гэта паведаміў украінскі бок. І мне падаецца, што калі ёсьць паведамленьне з Украіны і маўчаньне Беларусі, то ўзьніклі пэўныя праблемы».

Тут трэба дадаць, што гаворка ідзе пра нафту з Вэнэсуэлы, якую прывозяць танкерамі ў порт Адэсы, а ўжо адтуль перавозяць у Беларусь чыгункай. І Менск спадзяваўся атрымаць ад Кіева вельмі льготныя тарыфы

Учора, як ужо паведамляла «Свабода», Аляксандар Лукашэнка сустракаўся ў Менску з эўракамісарам Штэфанам Фюле. А Віктар Януковіч у гэты ж дзень сустракаўся ў Кіеве з прэзыдэнтам Эўрапейскай Рады Германам ван Рампэем. Паводле агенцыі УНІАН, Віктар Януковіч заявіў пра гатоўнасьць Украіны стаць мосьцікам збліжэньня Беларусі з Эўрапейскім Зьвязам. Умацаваньне эўрапейскага вэктару ў зьнешняй палітыцы Беларусі, інтэграцыя беларускай эканомікі ў рынак Эўразьвязу адпавядае нацыянальным інтарэсам Украіны, падкрэсьліў спадар Януковіч.

Раман Якаўлеўскі лічыць: такі «падарунак» ад Віктара Януковіча ня ўзрадуе Лукашэнку:

«Тут трэба памятаць — Лукашэнка заўсёды фармуляваў сваю пазыцыю ў гэтым пытаньні так: нам не патрэбна аніякіх пасярэднікаў».


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG