Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна-Беларусь: Авэрсам па рэвэрсе


Нядаўна ва ўкраінскіх СМІ прамільгнула паведамленьне, што Ўкраіна на працягу двух наступных гадоў плянуе перавесьці нафтавы трубаправод Адэса-Броды ў гэтак званы авэрсны рэжым і пачаць пампаваць нафту з порту Адэса ў Броды, а потым у Беларусь.

Будзе таньней, чым танкерамі?


Нагадаем, што цяпер расейская нафта ў гэтым нафтаправодзе цячэ ў гэтак званым рэвэрсным рэжыме, то бок, з Бродаў у Адэсу.

Паводле намесьніка міністра паліва і энэргетыкі Ўкраіны Ігара Кірушына, Расея ня будзе ставіцца адмоўна да гэтага пераключэньня нафтаправоду з рэвэрсу ў авэрс, а таму Ўкраіна ўжо распачала размовы на гэты конт зь "Белнафтахімам".

Якую нафту ўкраінцы мяркуюць пампаваць у Беларусь? Вядома ж, вэнэсуэльскую. Пакуль што вэнэсуэльская нафта плыве ў Адэсу танкерамі, а адтуль едзе ў Мазыр чыгункай.

Паводле ацэнак украінскіх экспэртаў, транспартаваньне вэнэсуэльскай нафты ў Беларусь трубаправодам абыдзецца Беларусі як мінімум у два разы таньней, чым цяпер у чыгуначных цыстэрнах. Пры гэтым украінцы плянуюць зарабіць на перапампоўваньні вэнэсуэльскай нафты 70-80 мільёнаў даляраў за год.

Ну што ж, вецер у сьпіну. Калі б сталася так, як пішуць украінцы, дык можна было б сказаць, што Аляксандар Лукашэнка забраў у БНФу ня толькі ідэю палітычнай незалежнасьці Беларусі ад Расеі, але і зрабіў значны крок у ажыцьцяўленьні ідэі эканамічнай незалежнасьці. Памятаеце ідэю Балтыйска-Чарнаморскага нафтавага калектара? Вось-вось, гэта было б нешта накшталт.

Чаму украінцы пампуюць расейцам?


Аднак ці дазволіць гэта Расея? У мяне асабіста ўзьнікаюць некаторыя сумненьні.

Давайце коратка прыгадаем гісторыю трубаправоду Адэса-Броды, каб ацаніць пэрспэктывы гэтага ўкраінска-беларускага калектара, так бы мовіць, у правільнай пэрспэктыве.

Нафтаправод пабудавалі за часоў Леаніда Кучмы, у 1996-2001 гг. Кошт пабудовы ацэньваўся на 100 мільёнаў даляраў. Меркавалася, што трубаправод будзе прадоўжаны з Бродаў да польскага гораду Плоцк (у якім існуе вялізны нафтаперапрацоўчы завод), які ўжо злучаны трубою з портам у Гданьску. То бок, ідэя была такая, каб перасылаць касьпійскую нафту ў Эўропу ў абыход Расеі. Аднак ўкраінскаму ўраду не ўдалося атрымаць ад нафтавых кампаній у рэгіёне Чорнага мора гарантый на загрузку трубы Адэса-Броды нафтай, і таму ідэя дабудовы трубы з Бродаў у Плоцк, нягледзячы на вялікую колькасьць украінска-польскіх урадавых мэмарандумаў, так і не скранулася зь месца. Проста ніхто не схацеў даць грошай пад трубу, якой не вядома што пампаваць.

Нафтаправод прастаяў пусты два гады (2002-2004) і Леанід Кучма, каб ратаваць трубу ад пераўтварэньня ў кучу паржавелага жалезьзя, быў вымушаны падпісаць дамову з Расеяй аб перапампоўваньні расейскай нафты з нафтаправоду "Дружба" ў Адэсу, то бок, у згаданым ужо рэвэрсным рэжыме. Кампанія ТНК-BP, якая падпісала дамову з расейскага боку, цяпер перасылае з Бродаў у Адэсу каля 10 мільёнаў тон нафты. Гэта значна меней за прапускную здольнасьць трубы, і нафтаправод час ад часу прастойвае, гэта значыць, не працуе ні ў якім рэжыме.

І хто б падумаў — гэта не Варшава і не Брусэль, а якраз Менск прапануе ўкраінцам вярнуцца да авэрсу і такім чынам падстроіць Маскве, так бы мовіць, доўгачаканую каверзу.

Ад каго больш залежыць — АД Чавэса ці АД Януковіча?


З паведамленьняў украінскіх СМІ вынікае, што Аляксандар Лукашэнка спадзяецца, што ў 2011 годзе Уга Чавэс прышле яму каля 10 мільёнаў тон нафты (трэба здагадвацца, такая лічба была паведамленая Віктару Януковічу падчас ягонага візыту ў Менск у красавіку). Ці хопіць гэтага Кіеву, каб кінуць пампаваць расейскую нафту і пераключыць нафтаправод на вэнэсуэльскую? Украінскія камэнтатары ставяцца скептычна да магчымасьці, што Януковіч рызыкне дапамагчы Лукашэнку і пасварыцца з Масквою, калі тая сапраўды захоча ўплываць на Беларусь ня толькі праз пастаўкі газу, але і праз пастаўкі нафты.

Безумоўна, калі б ідэя з вэнэсуэльскай нафтай прыйшла ў галаву Аляксандру Лукашэнку яшчэ за часоў Віктара Юшчанкі, справа магла б наладзіцца значна лягчэй. А цяпер — надвое бабка варажыла.

Гэта ня першы выпадак, калі Аляксандар Лукашэнка спрабуе "ламаць цераз калена" свае ранейшыя палітычныя ўстаноўкі, прыперты да сьценкі Крамлём. Будзем спадзявацца, што і не апошні. Бо на што іншае можна яшчэ паспадзявацца?

Схема магістральных нафтаправодаў ва Ўсходняй Эўропе:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG