Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цягам тыдня ў адміністрацыю прэзыдэнта бяз запісу


Уладзімер Макей правядзе «гарачую тэлефонную лінію» ў Менску
Уладзімер Макей правядзе «гарачую тэлефонную лінію» ў Менску

Цягам наступнага тыдня да кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімера Макея і яго намесьнікаў у рэгіёнах краіны грамадзяне змогуць патрапіць без папярэдняга запісу.

Памочнікі прэзыдэнта Беларусі — галоўныя інспэктары па абласьцях і Менску — у сваіх рэгіёнах таксама наўпрост сустрэнуцца з грамадзянамі 2-3 раёнаў кожны і па магчымасьці дапамогуць у вырашэньні праблемаў, перадае Інтэрфакс.

Кіраўнікі міжведамасных рабочых груп, як і падчас першага этапу, правядуць прыём грамадзянаў у 2-3 раёнах, вызначаных паводле графіку ў кожнай вобласьці.

Для тых, хто ня зможа прыйсьці ў гэтыя дні ў выканкам, ва ўсіх раёнах, якія правяраюцца, адміністрацыя прэзыдэнта правядзе «гарачыя тэлефонныя лініі». Па найбольш вострых фактах плянуецца зрабіць праверкі з выездам на месца.

Уладзімер Макей асабіста правядзе «гарачую тэлефонную лінію» ў Менску, а яго намесьнік Валерый Міцкевіч — у Докшыцкім раёне Віцебскай вобласьці.

Таксама грамадзяне могуць скарыстаць скрыні з блянкамі ананімных анкет, на якіх можна пакінуць паведамленьне пра недахопы ў працы мясцовай улады. Гэтыя скрыні разьмесьцяць у найбольш людных месцах у райцэнтрах (выканкамах, натарыяльных канторах, ЖЭСах, паліклініках, крамах).

Апроч таго, 9 міжведамасных рабочых груп працягнуць вывучэньне рэгіянальных сацыяльна значных праблем. У цэнтры ўвагі будуць пытаньні будаўніцтва жыльля і жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. 2 адмысловыя міжведамасныя рабочыя групы працягнуць вывучаць працу арганізацый сыстэмы Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва і Міністэрства жыльлёва- камунальнай гаспадаркі.

Усе вусныя і пісьмовыя скаргі будуць узятыя на кантроль і накіраваныя ў мясцовыя органы ўлады для аб’ектыўнага і прафэсійнага рашэньня.

«У выпадку выяўленьня абуральных фактаў парушэньня заканадаўства па працы са зваротамі грамадзянаў да вінаватых будуць тут жа прынятыя самыя жорсткія меры рэагаваньня», — паведамілі ў адміністрацыі прэзыдэнта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG