Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На радзіме Лукашэнкі неспакойна


 Удзельнікі грамадзкіх слуханьняў. У першых радах — кіраўніцтва «Александрыйскага», дзяржаўныя эколягі, чыноўнікі. Вяскоўцаў прыйшло пад сотню. У самім Старасельлі жыхароў пад паўтысячы.
Удзельнікі грамадзкіх слуханьняў. У першых радах — кіраўніцтва «Александрыйскага», дзяржаўныя эколягі, чыноўнікі. Вяскоўцаў прыйшло пад сотню. У самім Старасельлі жыхароў пад паўтысячы.
Жыхары Шклоўскага раёну, мясьцінаў, дзе вырас Аляксандар Лукашэнка, пратэстуюць супраць будоўлі ля іх хат экалягічна шкодных сельскагаспадарчых аб’ектаў.

У вёсцы Старасельле Шклоўскага раёну акцыянэрнае таварыства «Александрыйскае» зьбіраецца ўзьвесьці птушкафабрыку ды ўзбуйніць сьвінакомплекс з дваццаці пяці тысяч галоў да пяцідзесяці. Акрамя сьвінакомплексу, побач зь вёскай Старасельле ужо збудавалі буйную малочнатаварную фэрму. Будаўніцтва гэтых аб’ектаў небясьпечнае для навакольнага асяродзьдзя і здароўя людзей, лічаць вяскоўцы. Каб супакоіць пратэсты, улада ў Старасельлі правяла грамадзкія слуханьні.

На гутарку з народам улада пайшла пасьля шматлікіх скаргаў вяскоўцаў на аб’екты, якія ўжо існуюць. Людзі пісалі ў мясцовыя прыродаахоўныя інспэкцыі, зьвярталіся ў адпаведнае міністэрства. Сваё абурэньне яны выказвалі ў лістах кіраўніцтву Нацыянальнага банку, які апякуецца таварыствам «Александрыйскае». Дасылалі скаржнікі й фотаздымкі несанкцыянаваных магільнікаў.

Вольга Якаўлева.
«Мы заўжды ганарыліся чыстым паветрам у нашай вёсцы. У нас была чыстая вада. Ад гэтага ў нас цяпер нічога няма. Калі вецер дзьме з усходняга боку, нам усім гамон. Глеба, як высьвятляецца, ня ўсмоктвае гнаявой жыжкі, і ў сьцёкі яна не трапляе. Чаму ў адным месцы канцэнтруецца столькі небясьпечных аб’ектаў, невядома. Гэта проста дывэрсія па зьнішчэньні вёскі Старасельле», — заяўляла на грамадзкіх слуханьняў жыхарка вёскі Вольга Якаўлева.

Пераконвалі вяскоўцаў у тым, што ўзьвядзеньне дзясятка цэхаў птушкафабрыкі са сьвінакомплексам не пашкодзяць навакольлю, супрацоўнікі навукова-дасьледчага інстытуту «Экалёгія». Паводле досьледаў гэтага інстытуту, шкоды ад гаспадарчай дзейнасьці сельгасаб’ектаў ня будзе, праўда, пры ўмове выкананьня ўсіх захадаў бясьпекі.

Віктар Ходзін.
«Раней вы кароў ганялі па вёсцы, і было нармальна, Сёньня транспарт праехаў, бочка з гноем — і ўжо дрэнна. Цяпер уявіце, што гэты праект сыдзе адсюль. Што будзе зь вёскамі, колькі яны праіснуюць? Дачнікі там будуць, якія жывуць у горадзе, там зарабляюць, а сюды будуць прыяжджаць, каб адпачыць. Тутэйшым жа не застанецца ні працы, ні заробкаў, ні грошай», — адказваў на абурэньне людзей загадчык аддзелу прамысловай экалёгіі інстытуту Віктар Ходзін.

Дзяржаўныя эколягі, ведучы досьледы ў навакольлях Старасельля, самі сутыкнуліся з фактамі парушэньня прыродаахоўнага заканадаўства. У ручай зьлівалі адкіды з ачышчальных збудаваньняў забойнага цэху, а адна з фэрмаў наагул была ў недагледжаным стане. Казалі супрацоўнікі інстытуту й пра іншыя парушэньні. Па падрабязнасьці параілі зьвярнуцца да іхніх калегаў з раённай прыродаахоўнай інспэкцыі. Тыя адмовіліся гутарыць, спаслаўшыся на неабходнасьць тэрміновага ад’езду.

Віктар Дзюрдзь: У гаспадарцы ўсё добра.
Што да скаргаў людзей, то кіраўнік гаспадаркі Віктар Дзюрдзь назваў іх неабгрунтаванымі, а фотаздымкі — падробкамі: маўляў, фатаграфавалі ў іншых гаспадарках. Вяскоўцаў жа, якія зьбіралі подпісы пад пратэстамі, Дзюрдзь назваў ашуканцамі. Паводле яго, людзей змушалі расьпісвацца на чыстых аркушах паперы.

Гэта кіраўніцтва запалохвала людзей, каб тыя адмаўляліся ад сваіх подпісаў, цьвердзіць жыхарка вёскі Інэса Якаўлева. У вёсцы амаль усе залежаць ад начальства, таму баяцца казаць уголас, што думаюць:

«Гэта характарызуе іх далёка не са станоўчага боку і як кіраўнікоў, і як мужчын. Яны самі баяцца таго, што тут робіцца. Яны проста гэтага не паказваюць. Проста яны зарабляюць добрыя грошы, займаюць добрыя пасады, і яны баяцца гэта ўсё страціць».

Грамадзкія слуханьні праходзілі ў вясковым доме культуры.

Акцыянэрнае таварыства «Александрыйскае» ўтворанае на базе калгасаў «Дняпроўскі» і імя Дзяржынскага. За няпоўнае дзесяцігодзьдзе таварыства паглынула яшчэ чатыры гаспадаркі. Яго тэрыторыя займае каля паловы Шклоўскага раёну. Таварыству належыць і малочны камбінат у райцэнтры. Цэнтральная сядзіба гаспадаркі — вёска Александрыя. У ёй вырас Аляксандар Лукашэнка. Згодна з афіцыйнымі крыніцамі, усё, што будуецца ў таварыстве «Александрыйскае», адпавядае найноўшым сельскагаспадарчым тэхналёгіям.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG