Намесьнік старшыні АГП Яраслаў Раманчук і лідэр кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў сустрэліся ў Менску з дырэктарам офісу Сусьветнага банку ў Беларусі, Украіне і Малдове Мартынам Райзэрам.
Паводле Раманчука, гэтая сустрэча была працягам нядаўніх сустрэчаў у Вашынгтоне са спадаром Маккейнам, які паабяцаў паразмаўляць з прадстаўніком Сусьветнага банку наконт працы банку ў Беларусі.
«Сёньняшняя сустрэча — гэта спроба дыялёгу і каардынацыі дзеяньняў грамадзянскай супольнасьці і незалежных экспэртаў са структурамі банку. Я прадставіў праграму „Мільён новых месцаў працы“ і выказаўся адносна таго, як беларускі ўрад выконвае праграмы з МВФ і Сусьветным банкам адносна прыватызацыі, структурных зьменаў і лібэралізацыі. Я вельмі нэгатыўна ацэньваю захады, якія робіць беларускі ўрад, і запрапанаваў больш сьціслую працу ў трох накірунках. Гэта бюджэтна-падатковая сфэра, прыватызацыя і інстытуцыянальныя зьмены, а таксама сацыяльныя рэформы. Мы дамовіліся і надалей працягваць кансультацыі, каб Сусьветны банк чуў голас грамадзкасьці, а ня толькі чыноўнікаў. Мы запрапанавалі Сусьветнаму банку, каб ён таксама паспрыяў дыялёгу паміж уладамі і дэмакратычнымі сіламі, якія выступаюць за рынкавыя рэформы для сумеснай працы над антыкрызіснай плятформай», — сказаў Яраслаў Раманчук.