Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Гавары праўду” выйграла суд у Менгарвыканкаму


Менскі гаспадарчы суд адмовіў у задавальненьні пазову, пададзенага Менгарвыканкамам аб ліквідацыі адукацыйнай установы «Рух наперад», якая арганізавала кампанію «Гавары праўду».

Папярэдняе судовае паседжаньне адбылося 10 чэрвеня. Тады судзьдзя Андрэй Аляшкевіч пастанавіў задаволіць хадайніцтва прадстаўнікоў «Руху наперад» аб забесьпячэньні іх патрэбнымі дакумэнтамі, якія знаходзіліся ў апячатаным офісе ўстановы. 6 ліпеня прадстаўнікоў «Руху наперад» урэшце пусьцілі ў офіс, але дакумэнтаў там не аказалася. Таму пэрспэктывы разгляду справы для прадстаўнікоў руху выглядалі пэсымістычна.

Падчас сёньняшняга разгляду судзьдзя Андрэй Аляшкевіч задаваў шмат пытаньняў. Галоўным абвінавачаньнем з боку рэгістрацыйнага органа Менгарвыканкаму было тое, што «Рух наперад» падаў заведама непраўдзівую інфармацыю пра юрыдычны адрас. Судзьдзя настойліва дапытваўся, у чым ілжывасьць, у чым заведамасьць, наколькі адказчык рабіў гэта сьвядома, каму канкрэтна была нанесеная шкода. Прадстаўніца ўправы юстыцыі Менгарвыканкаму Эмілія Пазьняк спрабавала адказваць, але не заўсёды пераканаўча. Урэшце судзьдзя вынес рашэньне — адмовіць Менгарвыканкаму ў задавальненьні пазову аб ліквідацыі «Руху наперад».

18 траўня ў офісе ўстановы «Рух наперад», а таксама ў кватэрах больш як 20 актывістаў кампаніі «Гавары праўду» па ўсёй Беларусі прайшлі ператрусы. У актывістаў забралі кампутары, дакумэнты, грошы. Дырэктар установы, паэт Уладзімер Някляеў, актывісты Сяргей Вазьняк і Андрэй Дзьмітрыеў былі затрыманыя і тры дні правялі ў ізалятары часовага ўтрыманьня ў якасьці падазроных па справе паводле 250-га артыкулу Крымінальнага кодэксу — «распаўсюджваньне ілжывай інфармацыі аб таварах і паслугах». Абвінавачаньне па гэтай справе нікому ня выстаўленае дагэтуль. У Ленінскім РАУС Менску, дзе вядзецца справа, ад камэнтароў адмаўляюцца, спасылаючыся на незавершанасьць расьсьледаваньня. Забраныя кампутары, носьбіты інфармацыі, дакумэнты і грошы нікому з актывістаў дагэтуль не вярнулі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG