Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зэльва: улады адмаўляюцца надаць вуліцы Савецкай імя Ларысы Геніюш


Немэтазгоднасьць намесьнік старшыні райвыканкаму па ідэалёгіі патлумачыў тым, што "для большасьці жыхароў слова "Савецкая" зьяўляецца важным гістарычным паняцьцем, асацыюецца зь іх маладосьцю і ўпэўненасьцю ў заўтрашнім дні".

Такі адказ атрымаў мясцовы актывіст Яўген Скрабутан з райвыканкаму. Адказ падпісаў намесьнік старшыні па ідэалёгіі Валянцін Семяняка.

Са слоў Яўгена Скрабутана, ліст з просьбаю пераназваць вуліцу, на якой жыла Ларыса Геніюш, ён даслаў у Міністэрства культуры і Палату прадстаўнікоў у сувязі са 100-гадовым юбілеем пісьменьніцы, які будзе адзначацца 9 жніўня.

Гэты ліст быў перанакіраваны зь Міністэрства культуры ў Зэльвенскі райвыканкам, адкуль Яўген Скрабутан і атрымаў адмову.

Актывіст кажа, што абураны такім адказам, бо ўлады самі зьбіраюцца браць удзел у сьвяткаваньнях 100-гадовага юбілею пісьменьніцы.

Спадзяваньні ў актывіста засталіся яшчэ, зь яго слоў, на кіраўніцтва Гарадзенскага аблвыканкаму, бо з Палаты прадстаўнікоў ягоны ліст быў накіраваны на рэагаваньне менавіта туды і адказу Яўген Скрабутан дагэтуль не атрымаў.

Са слоў Яўгена Скрабутана, зараз ён зь іншымі зэльвенскімі актывістамі зьбірае подпісы за тое, каб у Зэльве зьявілася вуліца Ларысы Геніюш.

Яго зьдзіўляе яшчэ і той факт, што раённыя ўлады наагул не зацікаўлены, каб у Зэльве зьявілася вуліца імя знакамітай беларускай пісьменьніцы — пры тым, што адну з новых вуліц у горадзе назвалі вуліцай Знака. Што гэта азначае і дзеля чаго такая назва, са слоў актывіста, у горадзе ніхто ня можа зразумець.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG