Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёс купалоў для Барысаглебскай царквы вырашыць камісія


Цыбулепадобныя купалы ўжо стаяць побач з царквой. Фота Зьмітра Рагачова.
Цыбулепадобныя купалы ўжо стаяць побач з царквой. Фота Зьмітра Рагачова.
Міністэрства культуры Беларусі спыніла рэканструкцыю Барысаглебскай царквы ў Наваградку, у ходзе якой на гатычны храм меркавалася паставіць неўласьцівыя яму пазалочаныя купалы-цыбуліны. Адмысловае прадпісаньне накіраванае наваградзкім уладам і настаяцелю храму.

З пачатку гэтага тыдня пасьля кожнай публікацыі на сайтах Радыё Свабода, «Нашай Нівы» ды іншых наконт рэстаўрацыі Наваградзкай Барысаглебскай царквы ўзьнікалі гарачыя дыскусіі. Абыякавых няма — чытачы выказваюць абурэньне, што на гатычным храме зьбіраюцца ўсталяваць бізантыйскія купалы-цыбуліны.

Сёньня начальнік Упраўлення аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі паведаміў пра тое, што ў Наваградак накіраванае прадпісаньне спыніць працы на Барысаглебскай царкве.

«Пайшло, канечне. Прыпыніць працы. Зацьвердзіць у вызначаным парадку дакумэнтацыю. Атрымаць дазвол Міністэрства культуры. Вось прыблізна такія пункты там закладзеныя».

Але як паведаміў намесьнік старшыні Наваградзкага райвыканкаму Сяргей Фалюк, дакумэнты і дазволы Міністэрства культуры на ўсталяваньне купалоў у іх былі:

«Ёсьць дазвол на права правядзеньня прац па гісторыка-культурнай каштоўнасьці — Барысаглебскай царкве ад 26 студзеня 2010 году, на правядзеньне навукова-дасьледчых праектных прац па аднаўленьні купальных завяршэньняў храму. Потым ёсьць яшчэ адзін такі дакумэнт: „Заключэньне па праектнай дакумэнтацыі“. „Праектам прапануецца аднавіць характар завяршэньня вежаў паводле праекту рэканструкцыі 1866 году, які праіснаваў да 1990 году“. Ёсьць яшчэ дазвол на права правядзеньня працаў, падпісаны намесьнікам міністра культуры Курашам».

Цяперашні выгляд Барысаглебскай царквы ў Наваградку.
Менавіта з 1870-х гадоў 19-га стагодзьдзя і да 1990 году царква прастаяла з купаламі. Распавядае гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі:

«У адмыслова прысланых архітэктараў — Разанава, Чагіна — была мэта надаць царкве максымальна так бы мовіць, „яраслава-суздальскі выгляд“. І на пачатку 1870-х гадоў гэтая ўнікальная царква Сьвятых Барыса і Глеба ў Наваградку, унікальны помнік нашай і дагатычнай архітэктуры, і гатычнай у тым ліку, якая належала да таго часу колішнім базыльянам, — ёй надаваліся гэтыя купалочкі-бумбялочкі ў такім а-ля рускім аляпаватым выглядзе. І ў такім выглядзе, з гэтымі цыбулінамі, яна праіснавала да 1990 году».

А потым да галоўнага фасаду прыбудавалі прытвор, а гатычныя завяршэньні вежаў замянілі на гранёныя шатры з макаўкамі і какошнікамі.

У выніку рэканструкцыі скляпеньням і вежам царквы вярнулі першапачатковы гатычна-рэнэсансавы выгляд. Што будзе зараз, распавядае начальнік Упраўленьня аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі ў Міністэрстве культуры Ігар Чарняўскі:

«Пакуль што я б не рабіў трагедыі ніякай. Па-першае, там ёсьць дазвол на рамантаваньне асобных элемэнтаў даху. Падкрэсьліваю: даху і асобных элемэнтаў. Яго рамантаваць трэба, бязь зьменаў канструкцыйных асаблівасьцяў, бо ён праржавелы. Другое: адносна завяршэньня вежаў. На сёньняшні дзень няма праектнай дакумэнтацыі па завяршэньні вежаў, якая зацьверджана. Будзе прадстаўлена праектная дакумэнтацыя з абгрунтаваньнем праектнага рашэньня, будзе разгледжана — і калі абгрунтаваньне нармальнае, будзе прынята і зацьверджана. На сёньня зацьверджана ўсяго толькі эскізная прапанова для далейшага праектаваньня».

Сёньня ў Міністэрства культуры выкліканы начальнік упраўленьня культуры Наваградзкага райвыканкаму, у пятніцу ў Мінкульт запрошаны настаяцель храму. Мінкульт запэўнівае, што лёс далейшага аблічча Барысаглебскай царквы будзе вырашаць аўтарытэтная камісія.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG