Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гарадоччыне ўсталявалі крыж удзельнікам антысавецкага паўстаньня


Памятны крыж пастаўлены каля старога касьцёла ў вёсцы Рамні з ініцыятывы гарадоцкага актывіста Леаніда Аўтухова.

Леанід Аўтухоў
распавёў, што сродкі, выдаткаваныя на выраб і транспартаваньне крыжа ў вёску Рамні, — гэта ахвяраваньні грамадзкасьці. Жалезны памятны крыж каля трох мэтраў вышынёй было вырашана паставіць каля старога драўлянага касьцёла — помніка дойлідзтва 19-га стагодзьдзя.

Спадар Аўтухоў мяркуе, што гэта найлепшае месца для помніка ўдзельнікам антыбальшавіцкага паўстаньня, якое ахапіла ўсход Віцебшчыны ў 1918-19 гадах:

Леанід Аўтухоў
«Сьвятое месца, касьцёл. У паўстаньні бралі ўдзел жыхары Гарадоцкага раёну. І мне здаецца, што перад тым, як ісьці на змаганьне з антынародным савецкім рэжымам, яны абавязкова ў касьцёл заходзілі, каб памаліцца і атрымаць падтрымку Збаўцы нашага. Мы замовілі шыльду з граніту, і яна будзе выраблена да ўгодкаў паўстаньня, да лістапада, і будзе ўсталявана ля падножжа крыжа».

Пакуль што да крыжа прымацавана часовая шыльда з надпісам: «Каб па праўдзе жыць, трэба праўду казаць. Гавары праўду!»

На думку Леаніда Аўтухова, грамадзкая кампанія «Гавары праўду» абрала вельмі трапны слоган:

«Беларусь сёньня — гэта краіна, якая загразла ў хлусьні. А ў кампаніі „Гавары праўду“ знайшлі такія два словы, безь якіх немагчыма адолець дыктатарскі рэжым, які ўсталяваўся ў нашай краіне».

Старшыня Гарадоцкай раённай суполкі Партыі БНФ Леанід Аўтухоў, які браў удзел ва ўсталяваньні крыжа, сёньня ня змог трапіць на яго асьвячэньне. Машыну, якую вёў спадар Аўтухоў, пад Гарадком спыніла мясцовая ДАІ. Афіцыйная прычына затрымкі — блытаніна з нумарамі легкавіка, і таму на ёй давялося вяртацца ў Гарадок і каля дзьвюх гадзін разьбірацца зь міліцыянтамі.

Айцец Зьміцер сьвенціць крыж.
Грэка-каталіцкі сьвятар айцец Зьміцер, які адмыслова прыехаў дзеля гэтага зь Віцебску, асьвяціў крыж і памаліўся за тых, хто загінуў у змаганьні за сваю волю:

«Яны проста баранілі хаты свае. Але гэта быў прыклад супраціву. Бо часам кажуць, што беларусы такія — прыходзь і бяры іх, яны ўсіх вітаюць. Але гэта ня значыць, што яны віталі тут бальшавікоў. Бо яны ведалі, хто такія бальшавікі. Памолімся за палеглых тут. І асьвяцім крыж».

Паводле айца Зьмітра, ёсьць пэўны спадзеў, што асьвячаны крыж ня будзе зьнішчаны мясцовымі ўладамі. Хаця такі сумны досьвед ёсьць: у 2007-м годзе ўсталяваны таксама з ініцыятывы Леаніда Аўтухова крыж у гонар паўстанцаў каля вёскі Фралова прастаяў усяго тры дні. Потым бясьсьледна зьнік, і міліцыя так і не знайшла злодзеяў, хаця спадар Аўтухоў напісаў дзясяткі заяваў і скаргаў.

А сёньня міліцыя пакарала яго самога. Мала таго, што ён так і ня трапіў да новага памятнага крыжа, дык быў яшчэ аштрафаваны на 7 тысяч рублёў за налепку з «Пагоняй» на машыне. У ДАІ правялі праверку і заявілі, што іншых прэтэнзій да апазыцыянэра ня маюць.

Вернікі моляцца за спачын душаў паўстанцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG