Цікавыя праекты, якія ствараліся як беларускія, перавядуць зараз у расейскі ці заходні сэктар, дзе іх ніхто ня будзе чапаць, дзе яны ня будуць баяцца, што іх арыштуюць, аштрафуюць і г.д.
Караленка: Па-першае, наконт гэтага ўказу было шмат дыскусій. Як я ўжо казаў, сам указ па-сутнасьці, гэткае рэгуляваньне інтэрнэту, гэта нармальная практыка ўсіх краінаў. Калі вялікая колкасьць людзей стварае такую супольнасьць і пры гэтым не кантралюецца, то гэта можа стварыць праблемы для дзяржавы. Гэта нармальна. І ва ўсіх краінах так ці інакш інтэрнэт рэгулюецца. Але тыя ўзоры рэгуляваньня, якія стварыліся ў Беларусі, паказалі, па-першае,некампэтэнтнасьць чыноўнікаў, па-другое, жаданьне нейкім чынам выслужыцца, таму што бачна, што шмат пастаноў пасьля пратэстаў інтэрнэт-супольнасьці былі скасаваныя празь іх абсалютную бязглуздасьць. Зьменяцца ўмовы як для юрыдычных, так і для фізычных асобаў. Юрыдычныя асобы павінны будуць пераехаць на беларускі хостынг. Фізычных асобаў гэты пункт не датычыць. Напрыклад, калі грамадзянін Беларусі разьмяшчае свой сайт недзе ў Амэрыцы, яго гэты ўказ не датычыць. Але складанасьць у тым, што самыя цікавыя беларускія праекты ствараюць энтузіясты, фізычныя асобы, проста як хобі. І тыя невялікія грошы, якія яны могуць зарабляць у інтэрнэце праз банэрныя сеткі ці празь рэклямныя біржы – гэта ўсё цяпер робіцца незаконным. І гэта вялікая небясьпека для разьвіцьця беларускага інтэрнэту. Цікавыя праекты, якія ствараліся як беларускія, перавядуць зараз у расейскі ці заходні сэктар, дзе іх ніхто ня будзе чапаць, дзе яны ня будуць баяцца, што іх арыштуюць, аштрафуюць і г.д. Байнэт толькі страціць ад гэтага.
Соусь: Што станоўчага Вы бы адзначылі ва ўказе пра рэгуляваньне інтэрнэту, і якія асноўныя пункты, якія выклікаюць занепакоенасьць у карыстальнікаў інтэрнэту?
Ёсьць небясьпека, што... будзе абмяжоўвацца праца непажаданых з боку ўлады рэсурсаў.
Соўсь: Напрыклад, нядаўна беларускія вэтэраны слалі лісты пратэсту супраць сайту “Беларускі партызан”, нібыта ён абражае іх. Ці яшчэ да таго, як указ набыў моц, у Нацыянальнай бібліятэцы немагчыма было выйсьці на сайт Радыё Свабода. Указ яшчэ не дзейнічаў, а доступ да сайта быў абмежаваны, і складана было даведацца, якая аргумэнтацыя стаяла за гэтым.
Караленка: З гэтым сутыкаліся мы і падчас папярэдніх выбараў, быў абмежаваны доступ да некаторых апазыцыйных сайтаў, нават да Жывога журналу. Мы гэта праходзілі нават і без указу. З указам усё значна складаней, бо большая частка чыноўнікаў, адказных за правядзеньне яго ў жыцьцё, некампэтэнтныя, яны не абмеркавалі гэты працэс з спэцыялістамі, экспэртамі, не ўлічылі інтарэсы тых, хто ўжо даўно працуе ў гэтым сэктары. Яны напрымалі розных пастаноў, а гэта выклікала такія праблемы, што потым пад ціскам супольнасьці былі вымушаны ад іх адмовіцца. Гэта рэгістрацыя электронных скрыняў, пошліны за факт рэгістрацыі сайта і г.д. Я думаю, што ўсе гэтыя пастановы адгукнуцца яшчэ ня раз. Самая вялікая праблема ў тым, што тэрміны былі кароткія для таго, каб зарэгістраваць усе гэтыя сайты, пераехаць на беларускія хостынгі, каб наогул прывесьці сытуацыю ў байнэце ў адпаведнасьць гэтай пастанове. Таму цяпер большая частка рэсурсаў атрымліваецца па-за законам, і што зь ёй рабіць – незразумела. На канфэрэнцыі прадстаўнікам Міністэрства сувязі задавалі такія пытаньні, таму што было зразумела, што не пасьпеюць зарэгістравацца і пераехаць. Адказнасьць яшчэ не распрацавана – быў такі адказ. Значыць, што нібыта ніякіх санкцый ня будзе, але ў нашым жыцьці неаднаразова былі такія практыкі, што потым заднім чыслом штрафавалі і падатковая інспэкцыя, і іншыя органы. Паколькі парушэньне было, то гэта могуць прымяніць заднім чыслом – ці штраф, ці нейкую адміністрацыйную адказнасьць. Гэта дамоклаў меч, які вісіць над многімі рэсурсамі.
Соўсь: А над вамі вісіць?
Караленка: Канкрэтна над Акавітай не вісіць, бо яна ўжо даўно разьмяшчаецца на беларускім дата-цэнтры, і што тычыцца гэтага ўказу, нічога там не парушае.
Соўсь: Але нешта зьменіцца ў вашай працы?
Інтэрнэт-супольнасьць ня ведае сама, як быць далей, бо супярэчлівая інфармацыя паступае з розных крыніц..