Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байнэт у новым фармаце: рэальна — па-віртуальнаму


Ад 1 ліпеня пачынаюць дзейнічаць новыя правілы для беларускага сэктару інтэрнэту — байнэту. Ці здолеюць беларускія інтэрнэт-карыстальнікі пачаць працу ў поўнай адпаведнасьці з прэзыдэнцкім указам «Аб захадах дзеля ўдасканаленьня выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту сеткі Інтэрнэт», які вызначае ступень адказнасьці адным і забясьпечвае абсалютную «празрыстасьць» іншым?

Нашумелы ўказ № 60, які дагэтуль успрымаўся як блізкая пэрспэктыва, становіцца рэальнасьцю. Нарматыўны дакумэнт, згодна зь яго дэкляратыўнай часткай, перасьледуе наступныя асноўныя мэты:

— абарона інтарэсаў асобы, грамадзтва і дзяржавы ў інфармацыйнай сфэры;

— стварэньне ўмоваў для далейшага разьвіцьця нацыянальнага сэгмэнту глябальнай кампутарнай сеткі інтэрнэт;

— падвышэньне якасьці і даступнасьці інфармацыі пра дзейнасьць дзяржаўных органаў і арганізацый, якая прадстаўляецца грамадзянам.

Таксама да 1 ліпеня юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі абавязаныя забясьпечыць асобным катэгорыям пераход на выкарыстаньне інфармацыйных сетак, сыстэмаў і рэсурсаў на тэрыторыі Беларусі, а пастаўшчыкам інтэрнэт-паслугаў — дзяржаўную рэгістрацыю, якая ажыцьцяўляецца паводле заяўнага прынцыпу Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі і ўпаўнаважанымі арганізацыямі. Найперш, Дзяржаўнай інспэкцыяй па электрасувязі (БелГІЭ).

У сваю чаргу, інтэрнэт-правайдэры абавязаныя архіваваць і ня менш як 5 гадоў захоўваць усю інфармацыю пра карыстальнікаў сеціва, а на запыт адпаведных дзяржаўных структураў — фільтраваць трафік і абмяжоўваць доступ да «крамольных» рэсурсаў. Ці трэба казаць, што ўсё гэта вымагае ад удзельнікаў рынку дадатковых выдаткаў — на ўдасканаленьне тэхнічнай базы дзеля захоўваньня інфармацыі, цікавай перадусім для спэцслужбаў.

Адной зь першых цяжкасьцяў на шляху выкананьня прэзыдэнцкага ўказу сталася працэдура рэгістрацыі сайтаў у дзяржаўным рэгістры — згаданай інспэкцыі электрасувязі. З прыкладна паўсотні тысяч сайтаў беларускай прапіскі легалізаваліся — добра, калі некалькі тысяч. Усе няўлічаныя ад заўтра апынуцца па-за законам. Дырэктар адной з найбуйнейшых хостынгавых кампаній «Extmedia» Максім Саўчанка кажа, што нават не ўяўляе, з каго ўрэшце спытаюцца за «ўхілістаў»:

«Мы рэгіструем тых кліентаў, якія адказалі на нашы рассылкі з просьбай паведаміць дадатковыя зьвесткі. З кліентаў, якія прызналі, што яны не зьяўляюцца пастаўшчыкамі інтэрнэт-паслугаў, напэўна, большая палова зарэгістраваная. Ёсьць кліенты, якія паведамілі, што яны пастаўшчыкі інтэрнэт-паслугаў і бяруць абавязаньні па рэгістрацыі сваёй кліенцкай базы самастойна.
Мноства кліентаў, якія не адказалі на рассылку, праігнаравалі яе. Па сутнасьці, мы зараз ня ведаем, што зь імі рабіць.
Але мноства кліентаў, якія не адказалі на рассылку, праігнаравалі яе. Па сутнасьці, мы зараз ня ведаем, што зь імі рабіць. То бок складанасьці з тымі, хто не адказаў на дадатковыя пытаньні, і, такім чынам, мы ня маем магчымасьці іх зарэгістраваць. У нас перад гэтымі кліентамі ёсьць абавязак: разьмяшчаць іх сайты. Сайт павінен быць працаздольны. У дзейным заканадаўстве ніяк не прапісаныя нашы абавязаньні, каб можна было адключыць гэты сайт 1 ліпеня. Хоць некаторыя гарачыя галовы зь Міністэрства сувязі і Апэратыўна-аналітычнага цэнтру сьцьвярджаюць, што менавіта так мы і павінны зрабіць, але яны нам абсалютна не гарантуюць нашу прававую абарону, у дадзеным выпадку — ад пазоваў нашых кліентаў, якія мы можам атрымаць. Таму існуе рэальная нявызначанасьць».

Адно з надзённых пытаньняў — ці можа выкарыстоўвацца ўказ № 60 як інструмэнт палітычнай барацьбы з іншадумствам? Прадстаўнікі дэмакратычнага віртуальнага асяродку, прынамсі, гэтага не выключаюць. Супадзеньне ці не, але рэдактарку папулярнага сайту «Хартыя-97» Натальлю Радзіну акурат 1 ліпеня выклікаюць у сьледчы аддзел пракуратуры Менску. Прынагоднай падставай — прафэсійная датычнасьць да згаданага сайту.

Спадарыня Радзіна лічыць, што інтэрнэтны ўказ разьвязвае рукі сілавікам, якія цяпер могуць круціць ім што дышлам:

«Так, відавочна. Тое, што мяне выклікалі ў пракуратуру Менску ў сьледчы аддзел менавіта 1 ліпеня, сьведчыць, што ўлады вельмі сьпяшаюцца, паколькі да прэзыдэнцкіх выбараў засталося зусім мала часу і зусім верагодна, што яны пройдуць раней за месяц люты. І паколькі ад заўтрашняга дня ўступае ў сілу ўказ Лукашэнкі аб інтэрнэце, яны вырашылі адразу ж пакрысе пачаць ціск на незалежных журналістаў. Я расцэньваю гэта выключна як ціск на свабоду слова ў Беларусі. Гэта відавочна, што ўлады хочуць зьнішчыць папулярны незалежны інтэрнэт-рэсурс, і відавочна, што гэты ціск чыніцца ў сувязі з тым, што Андрэй Саньнікаў заявіў пра свой намер ісьці кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі».

Карэспандэнт: «Якая ўсё ж афіцыйная матывацыя выкліку ў пракуратуру?»

«Мне было сказана, што гэты выклік ніяк не зьвязаны з крымінальнай справай, па якой я праходжу сьведкай і якая была заведзеная паводле артыкула аб паклёпе на супрацоўніка КДБ. А зьвязаны выклік з тым, што ў іх ёсьць інфармацыя, што я зьяўляюся адміністратарам сайту «Хартыя-97».

Тым часам інтэрнэт-супольнасьці ўжо ўдалося «адбіць» некалькі абсурдных патрабаваньняў з боку кантрольных органаў. Перадусім, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі пад маштабным ціскам мусіла адмовіцца ад ідэі абавязковай рэгістрацыі ўсіх электронных паштовых скрыняў. Па-другое, БелГІЭ ўрэшце скасаваў абвешчаную ад пачатку плату за перарэгістрацыю сайтаў — паводле падлікаў спэцыялістаў, на роўным месцы дзяржаўная ўстанова магла зарабіць блізу 300 мільёнаў даляраў. Але на просьбу спрасьціць працэдуру рэгістрацыі ці ўвогуле адмяніць яе як «бессэнсоўную» прыйшоў адказ: у некаторых выпадках органы рэгістрацыі будуць абапірацца на дадзеныя ўнікальнага нумару падаткаплатніка. Як кажуць хостэры, цяпер ім папросту даводзіцца дубляваць справу звычайных выканкамаў:

Па сутнасьці, мы дублюем тую базу дадзеных, якую вядуць выканкамы. Навошта гэтае дубляваньне — зразумець цяжка.
«Сэнс у тым, што фактычна мы дублюем функцыі выканкаму, які вядзе рэестар усіх юрыдычных асобаў і паводле ўнікальнага нумара падаткаплатніка лёгка вам, як і любому дзяржаўнаму ўпаўнаважанаму органу, раскажа і пра юрыдычны адрас, і прозьвішча дырэктара з тэрмінам яго паўнамоцтваў, і г.д. Але дзеля чаго нам як пастаўшчыкам інтэрнэт-паслугаў гэта ўсё паведамляць, трымаць актуальнай гэту базу дадзеных, траціць на гэта свае намаганьні і, як вынік, — несьці дадатковыя выдаткі? Нам гэта незразумела. Бо, па сутнасьці, мы дублюем тую базу дадзеных, якую вядуць выканкамы. Навошта гэтае дубляваньне — зразумець цяжка. Бо гэта ўсё лішняя нагрузка на нас, лішнія патрачаныя грошы, намаганьні. Гэта ўсё нікому не цікава і не патрэбна. Карацей, лягчэй адназначна ня стала».

Адна з дэкляраваных мэтаў упарадкаваньня беларускага сэктару інтэрнэту — паступовая адмова ад манаполіі «Белтэлекаму» на рынку паслугаў электрасувязі. Наяўнасьць адзінага гаспадара прывяла да таго, што кошт доступу ў сеціва для беларусаў застаецца адным з самых высокіх у сьвеце, а многія дробныя правайдэры, якія спрабавалі канкураваць зь «Белтэлекамам», папросту збанкрутавалі. Праўда, з рэвалюцыяй на інтэрнэт-рынку прапанавана пачакаць да канца году — маўляў, калі будуць канчаткова сыстэматызаваныя ўсе прапановы. Між тым, як лічыць інжынэр-праграміст Ігар Маханёк, танны інтэрнэт — асноўны стымул да актыўнасьці патэнцыйных карыстальнікаў. Сам Ігар мае магчымасьць рэальна параўноўваць, бо працуе ў Цюрыху, у швайцарскім офісе кампаніі Google:

«Я не магу зьвязваць кошт з ініцыятывамі Саўміну і г.д., але тое, што зьніжэньне коштаў дакладна аблегчыць для людзей доступ у інтэрнэт і, як вынік, больш людзей змогуць і будуць карыстацца інтэрнэтам — гэта, я думаю, відавочная рэч. І калі будзе больш кампаній, якія, акрамя „Белтэлекаму“, змогуць арганізоўваць доступ у інтэрнэт, то сама па сабе канкурэнцыя прывядзе да зьніжэньня коштаў. У выніку больш людзей змогуць карыстацца інтэрнэтам, і таму карыстальнікі толькі выйграюць ад гэтага. Зрэшты, гэта якраз тое, што і ёсьць рэаліямі эўрапейскіх краін».

І хоць інтэрнэт-супольнасьць толькі пачынае жыць ва ўмовах новага ўказу пра інтэрнэт, навацыі выклікаюць у беларускіх інтэрнэт-карыстальнікаў яшчэ багата пытаньняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG