Лінкі ўнівэрсальнага доступу

TUT.by — гэта клон Yahoo! Юрыю Зісеру — 50


Сёньня 50-гадовы юбілей адзначае вядомы інтэрнэт-спэцыяліст, генэральны дырэктар кампаніі «Надзейныя праграмы» Юрый Зісер. Рэдкі карыстальнік інтэрнэту ў Беларусі не абраў у якасьці віртуальнай «настольнай кнігі» партал TUT.by — адно з галоўных «дзецішчаў» Зісера.


Карней: «Паводле разнастайных рэйтынгаў вы ўваходзіце ў лік самых пасьпяховых людзей Беларусі. І відавочна, што ваш маральны і матэрыяльны капітал грунтуецца на інтэрнэт-тэхналёгіях...»

Зісер: «Увогуле я па адукацыі праграміст і ўсё жыцьцё займаюся інфармацыйнымі тэхналёгіямі. Маёй фірме „Надзейныя праграмы“ дзевятнаццаты год, яе слоган — „Укараняючы інфармацыйныя тэхналёгіі, робім сьвет лепшым“. І калі зьявіўся інтэрнэт, то ён аўтаматычна лёг на місію маёй кампаніі. Гэта проста працяг таго, што я рабіў, іншымі сродкамі. Я зьезьдзіў на стажыроўку ў Злучаныя Штаты (тройчы нават), шмат чаго там бачыў, мне спадабалася, наколькі інтэрнэт уварваўся ўва ўсе сфэры жыцьця, і я падумаў: а чаму не зрабіць нешта падобнае ў Беларусі? Вось так і нарадзіўся партал TUT.by».

Карней: «Беларускі партал як праекцыя нацыянальнага маштабу?»


Зісер:
Я зьезьдзіў на стажыроўку ў ЗША, мне спадабалася, наколькі інтэрнэт уварваўся ўва ўсе сфэры жыцьця, і я падумаў: а чаму не зрабіць нешта падобнае ў Беларусі? Вось так і нарадзіўся партал TUT.by
"Увогуле на той момант быў папулярны ня Google, пра які яшчэ ніхто ня ведаў, а самым папулярным рэсурсам у сьвеце быў амэрыканскі партал Yahoo! зь ягонымі разьдзеламі. І, уласна кажучы, TUT.by — гэта клон Yahoo! То бок гэта такі рэсурс, на якім у прынцыпе ёсьць усё. Прынамсі, мы спрабуем рабіць, каб усё было. Хоць на ўсе 100% гэта рэалізаваць складана і немагчыма, але намагаемся, каб там было ўсё, што патрэбна беларусам. Іншымі словамі, менавіта тое, што спэцыфічна беларускае. Таму што мы ня можам быць мацнейшыя за Yandex у пошуку ці мацнейшыя за Google у пошце. Нават калі нам удалося паўтарыць заходнія тэхналёгіі, то на нашым рынку яны проста не акупяцца, бо мы не зьбяром такіх грошай. Таму мы зрабілі стаўку на беларускі кантэнт, на тое, што патрэбна канкрэтна і менавіта беларусам, тое, што беларусы нідзе ў сьвеце ня знойдуць«.

Карней: «Літаральна праз пару дзён зьмяняюцца правілы гульні ў беларускім сэктары інтэрнэту. Гэта будуць істотныя, з вашага гледзішча, зьмены — ці збольшага касмэтычныя?»

Зісер: «Я лічу, што нічога прынцыпова ня зьменіцца. Калі так разабрацца, то якіясьці былі працэдуры часткова бюракратычныя, часткова абмежавальныя — як, прыкладам, перанесьці хостынг. Ну, перанесьлі хостынг. І што зьмянілася? Нічога! Таму чым больш на словах усё зьмяняецца, тым больш усё застаецца па-ранейшаму. Так, можна ўсё выкарыстоўваць ня так, як трэба, але ж навошта да такога абсурду даводзіць?»

Карней: «Чым TUT.by зьбіраецца зьдзівіць карыстальнікаў бліжэйшым часам?»


Зісер: «Будзем разьвіваць цяперашнія сэрвісы. У прыватнасьці, будзе ў гэтым годзе сур’ёзнае разьвіцьцё сацыяльнай сеткі. Гэта што тычыцца бліжэйшага плянаваньня. То бок акцэнт на сацыяльных сэрвісах, а таксама на разьвіцьці нашага тэлебачаньня. Яно пакуль у досыць рудымэнтарнай форме, гэта такі пэрыяд станаўленьня, яшчэ шмат якія рэчы па-аматарску адбываюцца на ім. Перадусім з-за таго, што няма яшчэ таго калясальнага вопыту, якім валодаюць нашы тэлекампаніі. То бок пакуль гэта ўсё ў зародку і аўдыторыя несувымерная. Але паглядзім, як пойдзе. Пакуль гэта ў стадыі экспэрымэнту».

Карней: «Трэба сказаць, што экспэрымэнт з онлайн-відэаканфэрэнцыямі, інтэрнэт-трансьляцыямі ўспрыняты вельмі станоўча...»

Зісер: «Так, людзі глядзяць. Усё больш і больш глядзяць з кожным месяцам, хутка расьце аўдыторыя. Прычым ня так глядзяць у онлайне, як потым глядзяць ролікі. А яшчэ больш людзей усё роўна чытаюць: людзям усё ж больш звыкла чытаць, ім шкада столькі часу траціць на прагляд. Навошта глядзець цэлую гадзіну, калі можна за 10 хвілін прабегчы вачыма?»

Карней: «Вялікая справа, якая стымулюе да працы, — гэта тылы, найперш сямейныя. Яны ў вас гэткія ж надзейныя, як і „Надзейныя праграмы“?»

Зісер: «Сям’я падтрымлівае ва ўсіх сэнсах. Канечне, перш за ўсё маральна, таму што я знаходжу разуменьне ў тым, што раблю. Больш за тое, у мяне жонка ўжо вядзе дзьве перадачы на TV-TUT.by. Падтрымка нават фізычная: вось мне сям’я на дзень нараджэньня падарыла дарагое шыкоўнае крэсла, каб я дома не псаваў сабе сьпіну. Гэта менавіта для дома, на працы гэткае ж, як і ўва ўсіх мэнэджэраў».

Карней: «Наколькі я ведаю, дачка таксама працуе ў вашай структуры?»

Зісер: «Так, працуе. Літаральна на мінулым тыдні яна атрымала дыплём і працуе па спэцыяльнасьці — піяр-мэнэджэр. У яе менавіта такая прафэсія, у дыплёме напісана: спэцыяліст па інфармацыі і камунікацыі, грамадзкіх сувязях. Вось яна і працуе мэнэджэрам па грамадзкіх сувязях».

Карней: «А калегі на працы вас ужо „абдарылі“?»

Зісер: «Вось якраз зьбіраюся пайсьці атрымаць падарунак, хоць, шчыра кажучы, ведаю, што будзе, бо сам жа і замаўляў. Але ўсё роўна гэта вельмі прыемна, бо гэта такі, я б сказаў, нават невялікі паварот у маім жыцьці. Перадусім тэхналягічны, таму што я ўпершыню цалкам пераскокну на ноўтбук з тачскрынам. Жыцьцё крута зьменіцца!»


Юры Зісер
Нарадзіўся 28 чэрвеня 1960 года ў Львове. Скончыў Санкт-Пецярбурскі Паўночна-Заходні політэхнічны інстытут па спэцыяльнасьці «Электронныя вылічальныя машыны». Прафэсійны праграміст, сыстэмны аналітык. З 1987 году жыве ў Менску. Ад 1992-га — дырэктар і ўладальнік унітарнага прадпрыемства «Надзейныя праграмы». Пад эгідай «Надзейных праграмаў» у 2000 годзе быў створаны беларускі партал TUT.BY.

Займаецца распрацоўкай і суправаджэньнем праграмнага забесьпячэньня электронных банкаўскіх тэхналёгіяў, самы вядомы праграмны прадукт — сыстэма абслугоўваньня насельніцтва ў банку «Праграма 35», адаптаваная ў банках Беларусі, Расеі, Украіны, Малдовы.

Трэнэр шэрагу бізнэс-школаў, праходзіў стажыроўкі ў ЗША, Нямеччыне, Францыі. Намесьнік старшыні арганізацыі інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгій «Белінфакам», сябра Грамадзка-кансультатыўнай рады пры адміністрацыі прэзыдэнта.

Жонка Юлія Чарняўская — кандыдат культуралёгіі, дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў. Дачка Яўгенія Чарняўская — мэнэджэр па сувязях з грамадзкасьцю УП «Надзейныя праграмы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG