Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэта "газавая" вайна – ня першая і не апошняя


Канфлікт вакол разьлікаў за пастаўкі ў Беларусь расейскага газу і газавы транзіт "Газпрому" праз беларускую тэрыторыю выклікаў шырокі розгалас. Камэнтары прадстаўніка МЗС і эканамістаў да цяперашняй сытуацыі.

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных сёньня заявіў, што "дадзенае пытаньне ўжо была дастаткова выразна акрэсьленае прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь". Да гэтага афіцыйны прадстаўнік МЗС дадаў наступнае:

"Мы шкадуем, што гэтае пытаньне набыло такі маштаб і вастрыню. Неабходна прадэманстраваць здаровы сэнс і здольнасьць канструктыўна дамаўляцца па ўсіх пытаньнях, па якіх ёсьць рознагалосьсі. Мы разьлічваем, што бліжэйшым часам суб'екты гаспадараньня здолеюць выйсьці на рашэньне па ўсіх пытаньнях, якія будуць адэкватнымі і будуць адпавядаць высокаму ўзроўню палітычных і сяброўскіх кантактаў, якія існуюць паміж нашымі краінамі і нашымі народамі".

Інжынэр Аляксандар Мех 14 гадоў працаваў у сыстэме "Белтрансгазу" і добра ведае ўсе праблемы газавай галіны. Ён упэўнены: Беларусь ня мела альтэрнатывы абавязковай аплаце атрыманага газу:

Аляксандар Мех
"Газу ў нашых газасховішчах няшмат. Пратрымаліся б яшчэ тыдні два, ня болей. У нас толькі два газасховішчы, якія працуюць — у Асіповічах і Прыбускае. А тое трэцяе, якое меркавалася пабудаваць, не працуе. Хаця там і шмат грошай патрацілі. Гэта побач з Калінкавічамі, і там выяўлены разлом глебы".

Інжынэр Мех лічыць: каб добра падрыхтавацца да падобнай сытуацыі, патрэбна шмат часу:

"Фактычна такой падрыхтаванасьці няма. Калі рыхтаваць краіну да такой небясьпекі, то гэта трэба рабіць гадоў пяць-шэсьць, ня меней. Трэба глядзець наперад і ўжо сёньня рыхтавацца".

Эканаміст Леў Марголін перакананы: гэты канфлікт Масквы і Менску — далёка не апошні:

Леў Марголін
"Як мне падаецца, зь беларускага боку гэта выпрабаваньне, іспыт Масквы. І ёсьць жаданьне яго паўтараць і паўтараць. Гэта, ведаеце, як задзірлівы хуліган. Ён чапляецца і чапляецца да людзей. А калі ад некага атрымае па пысе, дык лезе да іншага".

Спадар Марголін упэўнены: канец газавым войнам настане тады, калі паліва будзе прадавацца выключна па рынкавых коштах. А ўсялякія прэфэрэнцыі і зьніжкі толькі ствараюць глебу для разнастайных канфліктаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG