Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь раззлавала Эўропу


Заходні друк пра беларуска-расейскі газавы канфлікт.

Атакай на Эўрапейскі Зьвяз называюць афіцыйныя асобы рашэньне Беларусі спыніць транзыт газу праз сваю тэрыторыю. Такая ацэнка прагучала ўпершыню ў сераду, адзначае сёньня International Herald Tribune, калі пастаўка газу ў Літву скарацілася сама мала на 40%.

“Гэта праблема ня толькі адной дзяржавы – сябра Эўразьвязу, -- цытуе амэрыканская газэта The New York Times Гюнтэра Отынгера, эўракамісара ў справах энэргетыкі. – Гэта атака на ўвесь Эўразьвяз. Мы спадзяемся, што гэты крызіс і палітычныя праблемы паміж Расеяй і Беларусьсю не павінны пераходзіць на Эўропу.”

Канфлікт уздымае пытаньні, ці ў стане Масква надзейна пастаўляць газ у Эўразьвяз. Спрэчка прымусіла эўрапейцаў, якія памятаюць падобны канфлікт з Украінай напачатку 2009, панэрвавацца – тады мільёны сем'яў у Эўропе засталіся без ацяпленьня.

“Урад Беларусі хоча ўцягнуць Эўропу ў свае праблемы, і гэта не ОК, -- цытуе Отынгера брытанская Financial Times.

Газэта таксама прыводзіць словы кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Сяргея Лёвачкіна, які заявіў пра гатовасьць Украіны перапампоўваць дадатковую колькасьць газу ў Эўропу. Кіеў ня хоча выйграць на гэтай спрэчцы, але хоча “паказаць надзейнасьць нашай газавай сыстэмы”, акцэнтуе ўвагу брытанская газэта на словах кіеўскага палітыка.

Хаця канфлікт будзе хутчэй за ўсё непрацяглым, піша амэрыканская газэта Wall Street Journal, ён можа надалей пашкодзіць іміджу Расеі як надзейнага партнэра ў галіне энэргіі.

Справа ня ў газе, а ў імкненьні Расеі далучыць Беларусь да мытнага саюзу, -- цытуе публікацыя на сайце euobserver.com беларускіх аналітыкаў і нагадвае, што Эўрапейскае Партнэрства давала шанец Менску далучыцца да эўрапейскай зоны свабоднага гандлю. Уступленьне ў мытны саюз з Расеяй зробіць некаторыя эўрапейскія тавары значна даражэйшымі для беларусаў.


Нямецкая Suddeutsche Zeitung піша, што хаця на двары лета, Расея і Беларусь спрачаюцца за газ: “Эўропа змучаная падозраньнямі глядзіць на маномэтры і думае, ці давядзецца ёй пакутаваць з-за гэтай спрэчкі”.

Яшчэ адна нямецкая газэта, Die Welt, піша, што нягледзячы на размовы пра “Набука” і іншыя альтэрнатывы ненадзейнай Расеі, нічога не адбываецца на практыцы: “Тыя крытычныя аналітыкі, якія заклікаюць да дывэрсыфікацыі, павінны набрацца сьмеласьці і падаць ясныя сыгналы такі краінам – вытворцам, як Азэрбайджан і Туркмэнія.”

“Кожная новая газавая спрэчка будзе каштаваць Расеі некаторай долі на рынку, ”-- падсумоўвае эканамічныя вынікі канфлікту нямецкая Berliner Zeitung.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG