Абурэньне інтэрнэт-супольнасьці новымі правіламі кантролю прымушае адказныя ведамствы на хаду карэктаваць ранейшыя рашэньні. Так, пасьля хвалі незадавальненьня пастановаю пра платнасьць дзяржаўнай рэгістрацыі Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнце скасаваў пошліну, заявіў пра нямэтазгоднасьць рэгістрацыі паштовых скрыняў, а цяпер заяўляе пра далейшае спрашчэньне рэгістрацыі інтэрнэт-рэсурсаў. У прыватнасьці, можа быць зьніжаны аб'ём інфармацыі для юрыдычных асобаў, а частку зьвестак магчыма будзе замяніць унікальным нумарам падаткаплатніка. Дзяржрэгістрацыя прадугледжаная ўрадавай пастановай № 644 і прэзыдэнцкім указам № 60. Працэдуру плянуецца скончыць да 1 ліпеня, пасьля чаго зьвесткі аб рэсурсах будуць перададзеныя ў згаданы цэнтар.
Экспэрт у галіне інтэрнэт-тэхналёгій Фёдар Караленка лічыць, што спробы "адкруціць гайкі" пасьля таго, як удзельнікам рынку былі абяцаныя вялікія праблемы, робяцца занадта позна — гэта пацьвярджае і практычна нулявая актыўнасьць у справе рэгістрацыі рэсурсаў:
"Турбуе тое, што фактычна ніхто не зарэгістраваўся. З тысяч сайтаў зарэгістраваліся некалькі дзясяткаў. Яны і так спрашчаюць ужо гэтую рэгістрацыю — і пошліну адмянілі, і яшчэ нейкім чынам спрашчаюць мэханізм. Але праявілі сябе чыноўнікі вельмі некампэтэнтнымі; зараз бачаць, што ніхто не спраўляецца, таму і робяць нейкія палёгкі. Але больш за ўсё непакоіць наступнае: з улікам таго, што ніхто зарэгістравацца не пасьпее (прынамсі абсалютная большасьць), фактычна пасьля 1 ліпеня гэтыя сайты будуць па-за законам. І што зь імі рабіць — ніхто ня ведае. На пытаньне прадстаўніку кантрольнага органу (Апэратыўна-аналітычнага цэнтру) — што будзе з такімі сайтамі, якія будуць супраць іх ужытыя санкцыі, ці будуць судовыя працэсы, — той адказаў, што пакуль гэта заканадаўствам увогуле не ўрэгулявана. Значыць, фактычна ніхто нічога пакуль што рабіць ня будзе, але ў нашай дзяржаве частыя выпадкі, калі потым заднім чыслом прад'яўляюць штрафы ды прэтэнзіі".
Ад 1 ліпеня інтэрнэт-правайдэры будуць архіваваць усе зьвесткі пра карыстальнікаў. Разам з абавязковай рэгістрацыяй інтэрнэт-рэсурсаў гэта сьведчыць пра жаданьне дзяржавы паступова манапалізаваць віртуальную прастору, якая дагэтуль заставалася непадкантрольнай. Апроч гэтага, у адпаведнасьці з указам № 60 Апэратыўна-аналітычны цэнтар вызначае пасьля ўзгадненьня з кіраўніком дзяржавы пералік апэратараў электрасувязі, якія маюць права на пропуск міжнароднага трафіку і далучэньне да сетак электрасувязі замежных дзяржаў. Адзін з актыўных гульцоў інтэрнэт-рынку так тлумачыць сутнасьць меркаваных захадаў:
уся гэтая прыдумка з рэгістрацыяй сайтаў — нішто іншае, як бюракратычная працэдура, якая ёсьць толькі ў "страшных" краінах і ў Францыі ...
"Гэта толькі дзеля таго, каб усё ведаць, каб сачыць за карыстальнікамі, за іхнымі магчымымі выказваньнямі і г.д. Бо відавочна, што падтэкст толькі такі — каб ніводнае выказваньне не магло застацца без кантролю. Дарэчы, нельга сказаць, што гэта цалкам наша прыдумка. У некаторых нават краінах Эўропы нешта падобнае адбываецца, проста там раней гэта пачалося і ў працэсе эвалюцыі набыло прыстойны выгляд. А мы ж толькі ўступаем у этап, які яны ўжо прайшлі — калі слова ў інтэрнэце пачынае нешта азначаць. Калі раней сеціва ўспрымалася збольшага як забава, то цяпер гэта занадта ўплывовая рэальнасьць, каб яе ігнараваць. Увогуле ўся гэтая прыдумка з рэгістрацыяй сайтаў — нішто іншае, як бюракратычная працэдура, якая ёсьць толькі ў "страшных" краінах і ў Францыі. Яна таксама бюракратычная краіна, і там ёсьць вось такая працэдура. Таму і гэта ня нашая вынаходка".
Абвешчана, што цягам бліжэйшага часу будзе створана міжведамасная Кансультатыўная рада ў пытаньнях разьвіцьця інфармацыйных тэхналёгій, у якую ўвойдуць прадстаўнікі як органаў рэгуляваньня, так і апэратараў сувязі. Мяркуючы паводле дэкляраваных функцыяў, савет збольшага будзе дублёрам Апэратыўна-аналітычнага цэнтру, паколькі зьбіраецца разглядаць пытаньні разьвіцьця нацыянальнага сэгмэнту сеткі інтэрнэт праз аб'яднаньне высілкаў дзяржструктураў і прыватных арганізацый. Інтэрнэт-экспэрт Фёдар Караленка спробу стварыць яшчэ адно кантрольнае падразьдзяленьне лічыць прызнаньнем памылак у працэсе фармаваньня нарматыўнай базы:
Кансультацыі пачаліся толькі пасьля, калі стала відавочна, што нагарадзілі крыху больш, чым трэба было ...
"Той факт, што гэтым пастановам па шэрагу пунктаў пачалі даваць задні ход — адмена рэгістрацыі паштовых скрыняў, адмена аплаты пошлінаў — сьведчыць толькі пра тое, што гэтыя дакумэнты пачалі прасоўваць і прымаць непадрыхтаванымі, без адпаведных кансультацый са спэцыялістамі. Кансультацыі пачаліся толькі пасьля, калі стала відавочна, што нагарадзілі крыху больш, чым трэба было…"
На пачатку кампаніі вакол "уніфікацыі" нацыянальнага сэгмэнту інтэрнэту было абяцана, што ў Беларусі зьнікне манаполія "Белтэлекаму", якая прывяла да фактычнага банкруцтва не аднаго прыватнага правайдэра. Аднак цяпер ініцыятары карэктуюць такія выказваньні — маўляў, трэба з рашэньнем пачакаць да канца году.