Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пятро Васючэнка – пра найлепшыя беларускія драматургічныя творы


Пятро Васючэнка
Пятро Васючэнка

Свайго Мальера ў Беларусі не было. Як, зрэшты, і Шэкспіра. Ня кажучы ўжо пра Бэртольда Брэхта. Гэтыя стэрэатыпы ўспрыняцьця нацыянальнай драматургіі абвяргае літаратуразнаўца і пісьменьнік Пятро Васючэнка.




Каятан Марашэўскі. Камэдыя. У кнізе “Беларуская дакастрычніцкая драматургія”. Менск, “Навука і тэхніка”, 1978.


Гісторыя літаратуры кажа, што ў 1787 годзе прафэсар Каятан Марашэўскі, які выкладаў рыторыку і паэзію ў Забельскай гімназіі пры дамініканскім манастыры, напісаў камэдыю, якая так і называлася - “Камэдыя”. Яна ў такой ступені камэдыя, што я на свае вочы бачыў у Малым тэатры глядачку, якая ад сьмеху звалілася з лавы і качалася пад самай сцэнай, дрыгаючы ножкамі. Прафэсар, які жыве ў XVIII стагодзьдзі, адно паказвае палец, і вось яму адказвае здаровым рогатам глядач ХХІ стагодзьдзя. Але насамрэч гэта ня проста палец, а гэта прыём, які называецца сцэнічная правакацыя. Селянін Дзёмка пайшоў з чортам у заклад, што прамаўчыць гадзіну. І вось Мужык сядзіць ды ўпарта маўчыць, як куляшоўскі камсамолец на допыце, нават губу сабе гатовы зашыць, каб слоўца ня выпусьціць, бо надта яму хочацца атрымаць чортавы грошы. Але паказваюцца правакатары – то дурнаватыя падшпаркі, то звар’яцелы дзед з дудою, і прымушаюць яго парушыць зарок маўчаньня. Нячысьцік цягне селяніна ў пекла, а Дзёмка крычыць: “Квасу! Дайце квасу!” Вось ён, віталізм па-беларуску. Жывучасьць беларускага мужыка перадалася і “Камэдыі”.


Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Пінская шляхта. У кнізе “Клясыка”. Менск, выдавец Віктар Хурсік, 2008.


Твор-загадка, значнасьць якога таксама вымяраецца яго жывучасьцю ў ХХІ стагодзьдзі. Сюжэтныя вытокі п’есы шэкспіраўскія. Гэта гісторыя пра палескіх Рамэа і Джульету – Марысю і Грышку. Бацькі б’юцца за сваё шляхецтва, а дзеці кахаюцца. Ды вось з’яўляецца найясьнейшая карона, якая ўсім дасьць рады. Асэсар Кручкоў уяўляецца мне як пэрсаніфікацыя Ўлады, настолькі страшнай у вачах затурканай шляхты, што яна верыць у неіснуючыя статуты і ўказы, на якія спасылаецца найясьнейшая карона. “Пінская шляхта”, як і трагедыя Шэкспіра, ставілася ў нас нямерана, ды я найбольш люблю вэрсію Мікалая Пінігіна 2008 году і той момант у ёй, калі дзеяньне паехала кудысьці набок і агаліліся жанравыя падмуркі п’есы. Калі разумееш, што Дунін-Марцінкевіч напісаў драму абсурду.


Янка Купала. Паўлінка. Менск, “Мастацкая літаратура”, 2006.


Гэтую п’есу любяць усе – школьнікі, студэнты, працоўныя, пэнсіянэры, госьці сталіцы, і іншаземны пасол сьмяецца і радуецца на паказе, бы дзіця, якому невядомыя згрызоты існаваньня... Прычына ня ў песьнях, ня ў скоках, не ў нацыянальным калярыце, ня ў тым, што Пранцысь Пустарэвіч вось ужо бадай сто гадоў раскідвае па падлозе свае драўляныя лыжкі. Купала прыадчыніў у “Паўлінцы” таямніцу беларускае душы і паказаў, што яна жаноцкая, актыўная, гарэзьлівая, дзейсная, бы ў шэкспіраўскіх гераіняў. Б’юцца ў пошуках беларускага брэнду... Нашто шукаць, калі ёсьць “Паўлінка”?


Янка Купала. Тутэйшыя. Мюнхэн, “Бацькаўшчына”, 1953.


Я невыпадкова вылучаю гэтае мюнхэнскае выданьне 1953 году, хоць “Тутэйшыя” выдаваліся і раней, і пазьней. Але й забараняліся штораз, і ў Мюнхэне п’еса выйшла за часамі яе працяглай забароны тут. Існаваньне твора можна параўнаць з быцьцём зоркі-пульсары. Мігценьне. Купала геніяльна ўлавіў гэтую асаблівасьць беларускага быцьця і маркіраваў яе пазнакаю “тутэйшасьць”. А тутэйшасьць можна разумець па-рознаму – і як адменьнік нацыянальнага гонару (мы былі й будзем тут), і як сындром нацыянальнага імунадэфіцыту (СНІД скарочана). Герой п’есы Мікіта Зносак прагназаваў глябалізацыю, калі мроіў: “...Напладзілі сабе людзі языкоў, як тая трусіха трусянят, і мне, меджду протчым, як ідуць немцы – вучыся па-нямецку, як ідуць палякі – вучыся па-польску, а як будуць ісьці нейкія іншыя – вучыся па нейкаму па-іншаму... Эх, каб я быў, меджду протчым, царом!.. Ад Азіі да Аўстраліі, ад Афрыкі да Амэрыкі і ад Смаленску да Бэрліну завёў бы адзін непадзельны рускі язык. І жыў бы сабе тады прыпяваючы. А то круці галавой над языкамі, як баран які над студняй”.


Уладзімер Караткевіч. Старыя беларускія хронікі. Менск, “Мастацкая літаратура”, 1988.


Уладзімер Караткевіч ня толькі бэлетрызаваў і рамантызаваў беларускую гісторыю. Ён яшчэ яе тэатралізаваў, а гэта значыць, зьдзейсьніў тое, што й Шэкспір для сваёй нацыі. Ён увасобіў мінуўшчыну ў хроніках. А хронікі – гэта ня толькі падзеі, а перадусім людзі, сярод якіх і сонечныя героі-рыцары, накшталт Кастуся Каліноўскага, і чорныя душы, такія, як генэрал Мураўёў, і такія барочныя пэрсанажы, як шляхціц Заруба, і, вядома, загадкавыя, прыўкрасныя панны. Кніга чытаецца як адзіны твор, як пэнталёгія, кожная частка якой – новая эпоха беларускай гісторыі. Каб Караткевіч тварыў даўжэй, ён тэатралізаваў бы ня пяць, а ўсе эпохі беларускай гісторыі, як намерваўся. Ён, як і Карусь Каганец, кіраваўся тым прынцыпам, што “Беларусь трэба падымаць”, і падыходзіў да Беларусі, як да хаты, якую трэба падперці з усіх бакоў. Сёньня гэта за яго робяць пасьлядоўнікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG