Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговае папярэджаньне "Народнай Волі"


Папярэджаньне – трэцяе па ліку. Папярэднія Міністэрства інфармацыі вынесла ў лістападзе і сьнежні летась.


Папярэджаньне за подпісам міністар інфармацыі Алега Праляскоўскага тычыцца сэрыі публікацый Ільлі Копыла "Нябышына. Вайна", што друкавалася ў выданьні ў сакавіку 2010 года.

Спасылаючыся на заключэньне Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Мінінфармацыі цьвердзіць, што шэраг прыведзеных у публікацыях гістарычных зьвестак не адпавядае рэчаіснасьці.

"Распаўсюд непраўдзівай інфармацыі, …якая дыскрэдытуе партызанскі рух у Беларусі, дзеяньні Чырвонай Арміі ў пэрыяд Вялікай Айчыннай вайны", стаў прычынай правядзеньня грамадзянамі…пікетаў, а таксама новых праяваў негатыўнай грамадзкай рэакцыі".

Тэкст папярэджаньня апублікаваны на сайце Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Паводле артыкулу 51 Закону "Аб сродках масавай інфармацыі" выхад выданьня можа быць спынены пры ўмове: "вынясеньне юрыдычнай асобе, на якую ўскладзеныя функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, альбо заснавальніку (заснавальнікам) сродку масавай інфармацыі цягам году двух і больш пісьмовых папярэджаньняў".

"Мяне гэта абсалютна не хвалюе. Ёсьць свабода слова ў журналістаў і свабода слова ў чыноўнікаў. Кожны па-свойму разумее і кожны па-свойму дзейнічае ў адпаведнасьці са сваімі функцыямі", - заявіў Свабодзе галоўны рэдактар "Народная волі" Іосіф Сярэдзіч.

Камэнтар Ільлі Копыла: "Вельмі сумна, што так здарылася. Магчыма, і мая віна ў гэтым ёсьць, можа, ня трэба было публікаваць ім мае успаміны? Але ж калі паглядзець на лісты, якія прыйшлі ў "Народную волю", то грамадзтва патрабуе менавіта такой праўды пра вайну. Таму, я лічу, што трэба сказаць праўду, трэба пачынаць. Я проста паставіў пытаньне перад грамадзтвам, перад гісторыкамі, што з вайной ня ўсё ў парадку, і трэба разьбірацца, трэба пісаць праўду. І вось гэтыя лісты чытачоў "Народнай Волі" – гэта і ёсьць народная праўда пра вайну ".

У красавіку вэтэраны і актывісты БРСМ пікетавалі рэдакцыю "НВ" на знак пратэсту супраць публікаці Копыла.

Ільля Копыл, маёр артылерыі ў адстаўцы, нарадзіўся 2 жніўня 1934 году ў вёсцы Нябышына Бягомельскага раёну. Пасьля заканчэньня ў 1957-м Менскага артылерыйска-мінамётнага вучылішча служыў у Прыволскай вайсковай акрузе. З 1961 году праходзіў службу ў ракетных войсках стратэгічнага прызначэньня СССР. У часе вайны сям'я Копылаў была на акупаванай тэрыторыі. Успаміны аўтара пра ваеннае дзяцінства сталі асноваю кнігі “Нябышына. Вайна. Акупацыя вачыма падлетка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG