Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвет асуджае ізраільскую атаку на канвой у Газу


Атака ізральскіх спэцназаўцаў на канвой шасьці караблёў з гуманітарным грузам, якія спрабавалі прабіць блякаду сэктару Газы, выклікала вострыя дыпляматычныя рэакцыі ва ўсім сьвеце. У выніку атакі загінула ня менш чым дзевяць чалавек з канвою, было таксама шмат параненых.

Кэтрын Эштан, вярхоўная прадстаўніца Эўразьвязу па зьнешніх сувязях, заклікала Ізраіль правесьці поўнае расьследаваньне інцыдэнту з канвоем і зьняць блякаду Газы.

Рада бясьпекі ААН на надзвычайным пасяджэньні 31 траўня асудзіла дзеяньні ізраільскіх вайскоўцаў супраць прапалестынскіх актывістаў ля берагоў Газы. У адмысловай заяве, ухваленай празь дзесяць гадзінаў дэбатаў за зачыненымі дзьвярыма, Рада бясьпекі заклікала правесьці "сумленнае" і "празрыстае" расьсьледаваньне інцыдэнту.

Турцыя, чые грамадзяне пацярпелі найбольш ад атакі на канвой, адклікала свайго амбасадара з Ізраілю. "Гэтая акцыя, якая была праведзеная насуперак міжнароднаму праву, зьяўляецца нялюдзкім дзяржаўным тэрарызмам", — заявіў прэм’ер-міністар Турцыі Рэджэп Эрдаган. У Стамбуле тысячы людзей узялі ўдзел у антыізраільскай дэманстрацыі.

Словы асуджэньня ізраільскай вайсковай акцыі прагучалі ў шмат якіх эўрапейскіх сталіцах. Прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі назваў ізраільскую рэакцыю на спробу канвою праламіць блякаду паласы Газы "непрапарцыйнай".

На тле гэтай дыпляматычнай буры прэм’ер-міністар Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу скасаваў заплянаваную на сёньня сустрэчу з прэзыдэнтам ЗША Баракам Абамам і вярнуўся з афіцыйнага візыту ў Канаду дадому.

На відэароліках ізраільскай атакі на канвой, якія зьявіліся ў інтэрнэце і на некаторых тэлеканалах, відаць, як зь верталётаў на вяроўках спускаюцца на караблі спэцназаўцы, якія сустракаюць гвалтоўны адпор людзей на палубе, узброеных палкамі або нечым, што палкі нагадвае.



Ізраільскае міністэрства абароны заявіла, што караблі з канвою будуць заведзеныя ў ізраільскі порт Ашдод на поўнач ад Газы, дзе "ваенна-марскія сілы правядуць праверкі, каб ідэнтыфікаваць людзей на караблях і іхнае абсталяваньне".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG