Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэскія выбары перабудавалі палітычную сцэну


У Чэхіі пачаліся кааліцыйныя перамовы паміж трыма правымі і правацэнтрысцкімі партыямі, якія пасьля парлямэнцкіх выбараў на мінулым тыдні здабылі большасьць у парлямэнце.


Пераможцы, якія прайгралі

Па выніках парлямэнцкіх выбараў 28-29 траўня ў Чэхіі можна зрабіць прынамсі дзьве важныя высновы.

Першая з гэтых высноваў даволі парадаксальная: партыі, якія намінальна выйгралі гэтыя выбары — сацыял-дэмакраты (ČSSD) і Грамадзянская дэмакратычная партыя (ODS) — насамрэч пацярпелі моцную паразу.

Сацыял-дэмакраты ў гэтым годзе здабылі 56 дэпутацкіх мандатаў (у 2006 — 74), Грамадзянская дэмакратычная партыя – 53 мандаты (чатыры гады таму — 81). Гэта сыгнал, што чэхі выразна стаміліся ад папярэдніх урадаў, якімі папераменна кіравалі ODS i ČSSD, і захацелі нечага новага, сьвежага.

Новыя і старыя ў палітыцы

Прыток сьвежай крыві ў чэскай палітыцы забясьпечылі дзьве маладыя партыі, вынікі якіх у сёлетніх выбарах можна разглядаць як немалую сэнсацыю і, паводле чэскіх СМІ, нават як землятрус у палітычным жыцьці краіны. Партыя TOP09 — арганізаваная былым міністрам замежных справаў Чэхіі, князем Карлам Шварцэнбэргам, у 2009 годзе — атрымала 41 мандат, а партыя пад назвай "Публічныя справы" (VV), заснаваная ў 2001 годзе, здабыла 24 мандаты.

І толькі Камуністычная партыя Чэхіі і Маравіі (KSČM) засталася на непарушнай пазыцыі, атрымаўшы сёлета 26 мандатаў — роўна столькі, колькі ў 2006.

Трыюмф правых

Другая выснова з гэтых выбараў такая: чэхі выразна аддалі перавагу правым і цэнтрыстам, гэткім чынам парваўшы з палітычнай традыцыяй "стабільнай нестабільнасьці" ў посткамуністычны пэрыяд гісторыі краіны, калі левыя мелі ў 200-мандатнай ніжняй палаце парлямэнту дакладна столькі або амаль столькі дэпутатаў, колькі цэнтрысты і правыя.

У гэтых выбарах левыя (ČSSD i KSČM) маюць 82 мандаты, а правыя і цэнтрысты (ODS, TOP09, VV) — 118 мандатаў. Ясная справа, што ўрад сфармуюць якраз гэтыя тры партыі.

Добры ўспамін пра "апалітычных"

Цікава адзначыць, што "тэхнічны ўрад" Яна Фішара, які прыйшоў на зьмену ўраду Мірка Тапаланка з ODS пасьля ўрадавага крызысу ў сакавіку 2009, атрымаў высокія ацэнкі чэхаў. Паводле апытаньняў грамадзкай думкі, "апалітычны кабінэт адмыслоўцаў" Фішара на працягу 12 месяцаў сваёй дзейнасьці падтрымлівалі ня менш чым 75 адсоткаў грамадзянаў.

Ян Фішар (нар. 1951), у 1980-1989 належаў да Камуністычнай партыі Чэхаславаччыны. Пасьля падзеньня камунізму Фішар не зьвязаўся зь ніводнай палітычнай сілай, засяродзіўшыся на кар’еры эканаміста і статыстыка. З 2003 году Фішар зьяўляецца кіраўніком Чэскай статыстычнай управы.

Пачаткова Фішар меўся кіраваць урадам да датэрміновых выбараў у чэрвені 2009, але ў выніку пратэстаў супраць новага выбарчага закону ягоны ўрад застаўся пры стырне краіны поўныя 12 месяцаў, да выбараў, якія адбыліся ў нармальны, канстытуцыйны тэрмін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG