Цыганкоў: Ці можна сказаць, што палітычныя прычыны зноў становяцца даволі істотнымі і важнымі ў дачыненьнях паміж афіцыйным Менскам і Брусэлем? Здавалася, што мінулыя год-два Эўропа стала надаваць ім менш значэньня і больш надаваць увагі геапалітычным чыньнікам? Цяпер, як выглядае, менавіта з-за палітычных прычынаў зрываецца супрацоўніцтва ў тым самым «Усходнім партнэрстве»?
Лагвінец: Выглядае менавіта так. У свой час Эўразьвяз прыплюшчыў вочы на тое, што беларускі рэжым моцна не зьмяніўся, а зрабіў абмежаваную колькасьць пазытыўных крокаў. Тады беларускім уладам была працягнутая рука ва ўмовах пэўнай геапалітычнай сытуацыі.
Аднак у пакеце, які прапаноўваўся афіцыйнаму Менску, таксама былі пытаньні правоў чалавека і дэмакратыі.
Мне здаецца, што ці не адзіная тэма, у якой варта кантактаваць з беларускімі ўладамі — гэта спрашчэньне візавага рэжыму.
Цыганкоў: Спрашчэньне візавага рэжыму з ЭЗ сёньня абмяркоўваецца з Украінай, Малдовай, Грузіяй, Армэніяй, Азэрбайджанам, з усімі краінамі «Ўсходняга партнэрства», акрамя Беларусі. Ці мэтазгодная такая палітыка? Ці эўрапейцы зразумелі, што «пернік» ужо не прываблівае афіцыйны Менск? Столькі часу казалі пра магчымыя візавыя спрашчэньні, але гэта не паўплывала на паводзіны беларускіх уладаў…
Лагвінец: Мне здаецца, з боку Брусэлю існуе пэўнае неразуменьне таго, для каго патрэбны гэты «пернік», для каго гэты пазытыўны сыгнал. Калі размова ідзе пра візавыя спрашчэньні, то яны павінны тычыцца простых беларусаў, якія хочуць мець больш кантактаў з краінамі аб’яднанай Эўропы. На сёньня мы ведаем, што афіцыйныя ўлады праблемаў зь візамі ня маюць — акрамя тых чыноўнікаў, што трапляюць у сьпіс невыязных.
Але звычайныя грамадзяне Беларусі ад такой палітыкі Эўразьвязу нічога не выйграюць. Мне здаецца, што ці не адзіная тэма, у якой варта кантактаваць з беларускімі ўладамі — гэта спрашчэньне візавага рэжыму. Бо ўлады сёньня чыста кан’юнктурна пачалі крычаць пра парушэньні правоў беларусаў у консульствах краінаў Эўразьвязу. А такі крок — спрашчэньне візавага рэжыму і зьніжэньне цэанаў на візы — быў бы для беларусаў магутным пазытыўным сыгналам для ўсяго беларускага грамадзтва напярэдадні прэзыдэнцкай кампаніі.