Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітрапаліт Філарэт падаў заяву пра адстаўку


Філарэт
Філарэт

Кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліт Філарэт падаў патрыярху маскоўскаму Кірылу заяву пра адстаўку. Цягам гэтага тыдня яна будзе разгледжаная сынодам Расейскай праваслаўнай царквы.

Зварот мітрапаліта Філарэта мае фармальнае значэньне, і верагоднасьць таго, што экзарх пакіне сваю пасаду, малая. Як распавёў "Свабодзе" афіцыйны прадстаўнік Беларускага экзархату архімандрыт Аляксій Шынкевіч, прашэньне мітрапаліта Філарэта пададзенае згодна са статутам РПЦ, які патрабуе, каб архірэі, якія дасягнулі 75-гадовага ўзросту, пісалі заяву аб адстаўцы. Рашэньне Сьвятога сыноду ў гэтай справе чакаецца ў канцы тыдня.

У БПЦ спадзяюцца, што мітрапаліт Філарэт застанецца кіраваць праваслаўнай царквою ў Беларусі, зазначыў айцец Аляксій Шынкевіч:

"Мы спадзяемся і мы ведаем, што патрыярх і сынод дадуць магчымасьць прадоўжыць мітрапаліту Філарэту далейшае служэньне на Беларусі ў якасьці экзарха і мітрапаліта Менскага і Слуцкага".

Паводле айца Аляксія, сам уладыка Філарэт хоча прадоўжыць службу ў Беларусі.

Мітрапаліт Філарэт у свае 75 гадоў мае нямала хранічных захворваньняў. Ён хварэе на цукровы дыябэт, летась перанёс апэрацыю на назе. У выпадку малаверагоднай адстаўкі мітрапаліт Філарэт, хутчэй за ўсё, паедзе ў Расею, пад Масквою ён мае рэзыдэнцыю — дом сваіх бацькоў, кажа айцец Аляксій:
Ён усё ж такі чалавек маскоўскі, масквіч, ён, канечне, паедзе на сваю радзіму ...

"Ён усё ж такі чалавек маскоўскі, масквіч, ён, канечне, паедзе на сваю радзіму. Хаця і Беларусь для яго стала радзімай, але ўсё ж такі, як ён падкрэсьлівае: "Я на послушании".

Пісаць успаміны мітрапаліт Філарэт пакуль не зьбіраецца, хаця ўзгадаць яму ёсьць што. Ён кіраваў БПЦ на пераломе эпох, а раней быў фактычна міністрам замежных спраў РПЦ, быў сьведкам і ўдзельнікам шмат якіх гістарычных падзей:

"Ён ведаў патрыярха Аляксія I, быў у яго іпадыяканам, патрыярха Пімена, патрыярха Аляксія II… Пры чатырох патрыярхах ён ужо быў вядомым царкоўным чалавекам. Ён у шчасьлівы час пажыў і жыве ў шчасьлівы час, калі царква мае такую свабоду, якой ніколі ня мела на Беларусі".

Рэдактарка парталу "Царква" Натальля Васілевіч у магчымасьць адстаўкі мітрапаліта Філарэта ня верыць, ягоную заяву яна разглядае як фармальнасьць. Мітрапаліт Філарэт мае вельмі высокі статус у РПЦ: ён — кіраўнік буйнога экзархату, сталы сябра Сьвятога сыноду, старшыня багаслоўскай камісіі Маскоўскага патрыярхату. Такія асобы ў царкоўных структурах застаюцца на пасадах пажыцьцёва. Гаворыць Натальля Васілевіч:

Наталка Васілевіч
"Служэньне мітрапаліта Філарэта дзеліцца на два асноўныя пэрыяды, датычныя Беларусі. Першы пэрыяд — гэта савецкі час, калі мітрапаліт вельмі шмат зрабіў для царквы, быў здольны на нейкія імправізаваныя крокі. Чалавек рэальна моцнага духу, ён змог дасягнуць таго, што царква стала даволі незалежнай ад уладаў. Другі пэрыяд — пасьлясавецкі, калі сытуацыя зьмянялася, і з прыходам да ўлады Лукашэнкі мяняліся дзяржаўна-царкоўныя адносіны. Многія крытыкуюць БПЦ, і небеспадстаўна, што царква была проста рэтрансьлятарам нейкіх ідэяў, якія навязваліся ёй кіроўным рэжымам".

Паводле спадарыні Васілевіч, апошнія некалькі год былой актыўнасьці мітрапаліт Філарэт не выяўляе, і ў царкве наступіў пэўны застой. А гэта не адпавядае дынамічнаму стылю кіраваньня новага патрыярха Кірыла. Натальля Васілевіч мяркуе, што ў любым выпадку зьмены ў БПЦ будуць — не цяпер, дык пазьней.

Былы старшыня Вярхоўнага савету Беларусі 12 скліканьня, у якім Філарэт быў дэпутатам, Станіслаў Шушкевіч называе мітрапаліта адукаваным і інтэлігентным чалавекам, але не патрыётам Беларусі. А праваслаўная царква пад яго кіраўніцтвам садзейнічае русыфікацыі Беларусі, кажа спадар Шушкевіч:

Станіслаў Шушкевіч
"Ён паступае так, каб царкве было лепей, а тое, што ад гэтага часамі Беларусі бывае горш, мне здаецца, ён не заўважае. Калі ён езьдзіць разам з нашым так званым усенародна абраным і гаворыць на розных перадвыбарчых мерапрыемствах, што ўся ўлада ад Бога, то відавочна, што гэта добра адбіваецца на царкве. А зразумела, што ён патрыёт Расеі і Расейскай праваслаўнай царквы".

Аднак спадар Шушкевіч сумняецца, што ў цяперашняй Беларускай праваслаўнай царкве існуе лепшая за Філарэта альтэрнатыва на пасаду мітрапаліта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG