Адна з найстарэйшых удзельніц беларускага адраджэнскага руху, вязень савецкіх ГУЛАГаў.
Нарадзілася 24 лютага 1927 году на Слонімшчыне. З восенi 1941-га вучылася ў Слонiмскай беларускай гiмназіi, дзе ўступіла ў Саюз Беларускай Моладзі. У сьнежні 1944-га пад час масавых арыштаў сяброў СБМ у Слонiме перайшла на нелегальнае становiшча, потым пераехала да сваякоў у Казахстан, дзе ў 1949-м была арыштаваная. Засуджаная да 25 гадоў папраўча-працоўных лягераў і 5 гадоў пазбаўленьня правоў. Пасьля вызваленьня ў 1956-м вярнулаcя на радзіму, працавала на гаспадарцы ў Слонімскім р-не, потым перабралася ў Менск. З-за свайго лягернага мінулага была абмежаваная ў магчымасьцях выбару месца работы. Аўтарка трох кнігаў вершаў і ўспамінаў. Жыве ў Калодзiшчах пад Менскам.
Што для вас свабода?
У мяне свабоды ніколі не было. Хацелася быць свабоднай для сябе і свайго народу, але я гэтай свабоды не атрымала ад дзяцінства да гэтых гадоў.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Абмяжоўвае несправядлівасьць і тое, што людзі падзеленыя на розныя катэгорыі.
Што для вас шчасьце?
Шчасьце, калі ты жывеш на сваёй зямлі. Для мяне найбольшае шчасьце, што я вярнулася дахаты і жыву сярод сваіх людзей гэтакіх думак, як я, і што на сваёй зямлі памру.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Я ўжо цяпер нічога не баюся.
Які талент вы хацелі б мець?
У мяне быў талент, але мне яго змарнавала савецкая карная сыстэма.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Я захапляюся маладафронтаўцамі.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Сустракацца са сваімі аднадумцамі.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Мае думкі і жаданьні, каб мы жылі ў Беларусі так, як жывуць ва ўсіх дэмакратычных краінах, засталіся нязьменнымі ад мададосьці да сёньня. Гэта — пажыцьцёва.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Некалі, калі я была зусім малой дзяўчынкай і пачынала вершы пісаць, то мне бацькі і паэт Сяргей Новік-Пяюн казалі, каб я не пісала ні пра Гітлера, ні пра Сталіна, а толькі пра сваю школу і свае кветачкі. Але гэтая парада ня выратавала мяне.
Які ваш улюбёны дэвіз?
Некалі дзяўчынкай я склала сама сабе дэвіз: «Жыць на карысьць для народа свайго, калі ён тут будзе гаспадарыць, і штосьці такое зрабіць для яго, каб добрую думку аставіць!»
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
Я хацела заўсёды жыць у сваёй роднай незалежнай Беларусі, у якой усім было б даступна да вучобы, і каб усе маглі працаваць і жыць для свайго народа.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
У вольнай Беларусі.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
Цяперашнюю, але каб намі кіраваў сапраўдны шчыры беларус.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Дала б маладым магчымасьць вучыцца на сваёй роднай мове, але пры гэтым, каб Яны вывучалі і ведалі шмат моў, стварыла б ім такія ўмовы, каб яны не ўцякалі потым за мяжу, а працавалі на сваёй зямлі.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Хацелася б, каб была Беларусь роўная з другімі краінамі.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Хочацца, каб тыя адносіны былі добрыя, але ня дай Бог, каб Беларусь і Расея злучыліся.
Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?
Я хачу, каб намі кіравалі свае разумныя людзі, каторыя дастойныя быць кіраўнікамі.
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Яшчэ доўгі час прабудзе гэтая ўлада. Але можа здарыцца і так, што яна зьменіцца на горшую.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Ужо крышку пачынаюць загаворваць, але калі б загаварылі вярхі, то нізы за імі хутка загаварылі б.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Пакуль ёсьць мова, датуль будзе беларуская дзяржава, а як зьнікне мова, то зьнікне і дзяржава.