Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З “Новага жыцьця” хочуць спагнаць праз суд $100 000


Сёньня супрацоўнікі Камітэту аховы прыроды Менгарвыканкаму сустрэнуцца ў судзе зь вернікамі царквы "Новае жыцьцё", каб спагнаць зь іх 100 000 даляраў штрафу. Паводле эколягаў царква нанесла шкоду навакольнаму асяродзьдзю, бо ў пробах грунту знайшлі нафтапрадукты. Вернікі адмовіліся плаціць штраф і абвінавацілі ўлады ў эканамічных санкцыях супраць царквы. 6 траўня пратэстанцкую суполку зноў наведалі эколягі і цяпер вернікам давядзецца плаціць новы штраф, памер якога яшчэ ня вызначаны.

Вернікі пратэстанцкай суполкі "Новае жыцьцё" заяўляюць, што плаціць штраф яны ня будуць. Яны даказвалі, што супрацоўнікі камітэту аховы прыроды бралі пробы грунту бязь сьведак. Нагадвалі, што да таго, як вернікі набылі будынак і расчысьцілі тэрыторыю вакол яго, там была гарадзкая звалка, у тым ліку старых аўтамабіляў.

Юрыст царквы Сяргей Луканін зьвяртаў ўвагу суду на тое, што камітэт аховы прыроды падпарадкоўваецца Менгарвыканкаму, а менавіта ён у 2005 годзе пазбавіў вернікаў спачатку зямельнага надзелу, а потым і будынку (былога калгаснага кароўніка), які зьяўляецца храмам «Новага жыцьця». Цяпер гэта ўласнасьць гарадзкіх уладаў. Справа часу, калі туды дашлюць спэцназ для захопу будынку, які вернікі добраахвотна аддаваць ня будуць.

Штраф на агульную суму 271 мільён 548 тысяч 725 рублёў вернікі лічаць эканамічнымі санкцыямі супраць суполкі.

Мы лічым, што штрафы ёсьць эканамічнымі санкцыямі супраць нашай царквы з мэтай яе ліквідацыі
Вернікі так і не атрымалі адказу ўладаў на прапанову стварыць адмысловую камісію дзеля вырашэньня канфлікту паміж царквой “Новае жыцьцё” і ўладамі Менску з удзелам прадстаўніка кіраўніка краіны, беларускага офісу АБСЭ, кіраўнікоў пратэстанцкіх канфэсій і праваабарончых арганізацый.

Доказам таго, што супраць царквы пакуль ужываюць эканамічны ўціск з мэтай яе ліквідацыі, яны называюць новыя санкцыі гарадзкіх уладаў. 6 траўня супрацоўнікі камітэту аховы прыроды склалі новы пратакол. Эколягі палічылі што зроблены газон для дзіцячай пляцоўкі каля будынку храма пашкодзіў урадлівы слой глебы.

Памер штрафу яшчэ ня вызначаны, але юрысту царквы паведамілі, што ён будзе больш за 100 000 даляраў.

Гаворыць юрыст суполкі Сяргей Луканін:

"Мы казалі раней у судзе, што гэта немагчыма, каб царква забрудзіла тэрыторыю на такую суму. Але яны нас ня слухалі. Мы лічым, што штрафы ёсьць эканамічнымі санкцыямі супраць нашай царквы з мэтай яе ліквідацыі.

Цяпер эколягі падлічваюць суму новага штрафу за дзіцячую пляцоўку. Яны кажуць, што ён будзе большы, чым той за нафтапрадукты. Штраф больш за 200 000 даляраў?! Гэта абсурдная сума.

Дзеяньні эколягаў сьведчаць аб тым, што іх задзейнічалі супраць царквы".

Вернікі "Новага жыцьця" разьмясьцілі на сваім сайце фотаздымкі несанкцыянаваных сьметнікаў недалёка ад будынку царквы на тэрыторыі, якая належыць гарадзкім уладам. Яны просяць напісаць камэнтар чаму эколягі ігнаруюць такія грубыя парушэньні.

Вернікі ўпэўненыя, што судовае рашэньне будзе не на іх карысьць. Яны вырашылі прайсьці ўсе судовыя працэдуры, каб мець магчымасьць зьвяртацца ў міжнародныя структуры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG