Цыганкоў: Навошта Лукашэнку патрэбны Ўсебеларускі Сход? Якая функцыя надаецца гэтаму мерапрыемству, чаму безь яго не пачынаецца ніводная прэзыдэнцкая кампанія?
Булгакаў: Безумоўна, варта адзначыць функцыю мабілізацыі дзяржаўнага апарату. Беларускім грамадзянам актыўна ўводзіцца ў вушы, што дзяржаўны апарат працуе зладжана, кампэтэнтна і бяз збояў. Але на самой справе гэта далёка ня так — на месцах пануе карупцыя, адсутнасьць дысьцыпліны і ўвогуле дэмаралізацыя, якая цяпер фактычна тычыцца ўсіх структураў улады.
Таму такое мерапрыемства пакліканае даць новы імпульс, сыгнал дзяржаўнаму апарату, перш за ўсё — вэртыкалі. Сыгнал пра тое, што неўзабаве надыходзіць ключавая для пяцігадовага палітычнага цыклю кампанія, таму трэба напружыцца, каб надзейна забясьпечыць патрэбны вынік.
Дзейны рэжым успрымае выбары фактычна як паўвайсковую спэцапэрацыю.
Цыганкоў: У распараджэньні Лукашэнкі сказана, што прэзыдэнт Беларусі даручае кіраўніку Адміністрацыі Уладзіміру Макею і прэм’ер міністру Сяргей Сідорскаму да 1 ліпеня 2010 года падрыхтаваць прапановы па даце правядзеньня сходу і колькасьці яго ўдзельнікаў. Сыходзячы з гэтага, ці можна меркаваць, калі пасьля правядзеньня Сходу пачнецца прэзыдэнцкая кампанія?
Булгакаў: Мяркую, што дата выбараў будзе знаходзіцца не пазьней чым праз 6 месяцаў ад даты правядзеньня Сходу. Як і мінулыя разы, Лукашэнка будзе выкарыстоўваць нестандартныя, нетрывіяльныя сюжэты. Першае, што прыходзіць у галаву — гэта зьмяненьне даты выбараў, каб патэнцыйныя апанэнты ня здолелі мабілізавацца для правядзеньня паўнавартаснай кампаніі. Таму гэтая выбарчая кампанія будзе несьці з сабой шмат якія неспадзяванкі, спробы напусканьня туману, «маскіроўкі».
Дзейны рэжым успрымае выбары фактычна як паўвайсковую спэцапэрацыю. Таму грамадзянская супольнасьць мусіць быць гатовая да ўсяго.