Міхась Скобла: «Спадарыня Натальля, нядаўна вы вярнуліся зь Лёндану, дзе адбылася прэзэнтацыя вашай кнігі. Як яна прайшла, і якія першыя водгукі суайчыньнікаў на «Беларусаў у Вялікабрытаніі»?
Натальля Гардзіенка: «Прэзэнтацыя кнігі была зладжаная 17 красавіка ў Беларускім доме ў Лёндане і прымяркоўвалася да сьвяткаваньня ўгодкаў 25 Сакавіка. Нягледзячы на тое, што зь вядомых кліматычных прычынаў ня ўсе, хто зьбіраўся быць, змаглі дабрацца да Лёндану, на мерапрыемства прыйшло даволі шмат народу. Было больш за 40 асобаў, сярод якіх багата маладых беларусаў. Водгукі на кнігу былі добрыя. Найбольш каштоўнымі для мяне былі думкі найстарэйшых беларусаў, прадстаўнікоў паваеннай эміграцыі. Асабліва мяне ўсьцешыла тое, што даволі высока ацаніў маю працу айцец Аляксандар Надсан».
Скобла: «У сваёй кнізе вы сыстэматызавалі дзейнасьць шматлікіх беларускіх асяродкаў (як грамадзкіх, гэтак і рэлігійных) у Злучаным Каралеўстве. Два найбуйнейшыя зь іх — гэта Згуртаваньне беларусаў Вялікай Брытаніі і Ангельска-беларускае таварыства. Зь першым усё зразумела — беларусы, асабліва, на чужыне, ахвотна гуртуюцца. А вось сярод заснавальнікаў другога — прадстаўнікі ангельскіх арыстакратычных родаў. Што знаходзілі ангельскія арыстакраты ў падобнай дзейнасьці?»
Гардзіенка: «Ангельска-беларускае таварыства было створана ў 1954 годзе. Для брытанскіх арыстакратаў на той час Беларусь была чымсьці экзатычным, невядомым, незразумелым, а таму — цікавым. У той час брытанскія арыстакраты наогул цікавіліся народамі, якія апынуліся пад савецкай уладай (украінцамі, альбанцамі, славакамі і г.д.). Гэта быў час пачатку „халоднай вайны“, і ў такой цікавасьці прысутнічалі найперш палітычныя матывы. Але тыя брытанцы, якія спрычыніліся да ўтварэньня Англа-беларускага таварыства, супрацоўнічалі ў ім, сапраўды цікавіліся Беларусьсю, ведалі пра Беларусь і яе праблемы. Гэткім быў, прыкладам, Обэран Гэрбэрт, які шчыра цікавіўся беларусамі, мовай і культурай, і дапамагаў беларускай грамадзе».
Скобла: «У некаторых замежных краінах у апошнія гадоў пятнаццаць узьнікалі беларускія арганізацыі, альтэрнатыўныя тым, якія ўжо існавалі. Новаўзьніклыя, як правіла, падтрымлівалі палітыку дзейных уладаў у Беларусі. Падобная арганізацыя зьявілася і ў Вялікабрытаніі. Які яе лёс?»
Гардзіенка: «Сапраўды, у другой палове 90-х беларускай амбасадай у Лёндане было ініцыяванае стварэньне Брытанска-беларускага таварыства. Аднак гэтая ініцыятыва не была падтрыманая прадстаўнікамі беларускай дыяспары, Згуртаваньнем беларусаў у Вялікабрытаніі. Найперш з гэтай прычыны названае таварыства ня мела аніякага працягу і закончыла сваю дзейнасьць, фактычна, не распачаўшы».
Скобла: «Той, хто цікавіцца гісторыяй беларускай эміграцыі, ведае, зь якой цяжкасьцю набываліся за мяжой беларускія дамы. Але вось што можна даведацца з вашай кнігі. Дом Сьвятога Кірылы ў Лёндане — прададзены ў 2007 годзе. Беларускі дом у Брадфардзе — прададзены ў 2000-м. Беларускі дом у Манчэсьцеры — прададзены ў 1999-м… Чаму так? Хіба нашым суайчыньнікам не патрэбныя свае дамы, дзе можна зьбірацца, адзначаць нейкія сьвяты?»
Гардзіенка: «Беларускія дамы набываліся ў Вялікабрытаніі вялікай ахвярнасьцю паваеннай беларускай эміграцыі. Скажам,
У 1948 годзе заробак беларускай жанчыны за тыдзень складаў каля 2,5 фунтаў. Пры гэтым фунт выдаткоўваўся на беларускія справы.
Скобла: У Вялікабрытанію пасьля Другой усясьветнай вайны трапілі сотні і сотні беларусаў. Хто зь іх дасягнуў заўважных ня толькі для суродзічаў вынікаў у сваім родзе заняткаў?"
Гардзіенка: «Шмат хто зь беларусаў дасягнуў выдатных посьпехаў у прафэсійнай дзейнасьці. Праўда, нельга сказаць, што сярод беларусаў было шмат людзей багатых, але ёсьць цікавыя прыклады. Адзін наш заможны лёнданскі суайчыньнік Ян Дамінік, усьцешаны абвяшчэньнем незалежнасьці Рэспублікі Беларусь, прапанаваў адзін са сваіх дамоў у добрым раёне Лёндану для афіцыйнага беларускага прадстаўніцтва ў Вялікабрытаніі. І новаадчыненая напачатку 90-х гадоў беларуская амбасада сапраўды разьмясьцілася ў гэтым доме і выкарыстоўвала яго абсалютна бясплатна. Аднак пасьля ганебнага рэфэрэндуму 1995 году, калі было прынятае рашэньне пра зьмену беларускай сымболікі, калі ўлады адмовіліся ад бел-чырвона-белага сьцягу, ужо жонка таго Яна Дамініка папрасіла беларускую амбасаду шукаць сабе іншае памяшканьне. У яе доме іншага сьцягу, акрамя бел-чырвона-белага, быць не магло. А гаспадар, Ян Дамінік, да гэтага рэфэрэндуму не дажыў».
Скобла: «Прыканцы мінулага году гэты сьвет пакінула Вера Рыч, карэнная лёнданка, перакладчыца, якая вельмі шмат зрабіла для беларускай культуры. Наколькі я ведаю, спадарыня Вера была надзвычай ураўнаважаным чалавекам. Але аднойчы і яна была ўцягнутая ў палітычны скандал, апісаны на старонках вашай кнігі…»
Гардзіенка: «Справа ў тым, што ў 1971 годзе пад эгідай ЮНЭСКА мелася пабачыць сьвет падрыхтаваная Верай Рыч ангельскамоўная анталёгія беларускай паэзіі „Як агонь, як вада“. На вокладцы кнігі мастак намаляваў вялікую Пагоню, і менавіта яна выклікала незадавальненьне прадстаўнікоў Савецкага Саюзу. Ад іх былі прапановы зьнішчыць увесь наклад кнігі. У выніку працяглых перамоваў было вырашана перарабіць вокладку на больш нэўтральны варыянт з дубовым лістом. Але некалькі асобнікаў зь першым варыянтам вокладкі ўсё ж засталіся. Адзін зь іх я бачыла ў лёнданскай Скарынаўскай бібліятэцы».
Скобла: «У Беларусі пра гэтую бібліятэку людзі начутыя. Але, аказваецца, там знаходзяцца ня толькі цікавыя кнігі. На фота ў вашай кнізе — лягерная кашуля Ларысы Геніюш. Як яна трапіла ў Лёндан?»
Гардзіенка: «Кашулю перадаў у бібліятэку-музэй сын паэткі Юрка Геніюш. Трэба заўважыць, што ў музэі Скарынаўкі даволі шмат і іншых цікавых рэчаў, зьвязаных з савецкай лягернай тэматыкай. Там ёсьць рэчы, што належалі беларускім сьвятарам і выкарыстоўваліся імі ў часы зьняволеньня. Багата ў Скарынаўцы і іншых рарытэтаў беларускай культуры і гісторыі. Там ёсьць грошы Вялікага Княства Літоўскага, пячаткі, ёсьць цікавыя маркі і беларускія грошы рэвалюцыйных часоў ХХ стагодзьдзя. Ёсьць таксама аўтэнтычныя слуцкія паясы і шмат іншых каштоўных рэчаў».
Скобла: «Беларусы ў Вялікабрытаніі» — не адзіная ваша кніга. У 2004-м выйшлі «Беларусы ў Аўстраліі». Якую наступную краіну абераце вы для дасьледаваньня?»
Гардзіенка: «Краіну я ўжо абрала. Наступная мая кніга будзе прысьвечаная найперш беларускай Францыі, але разам зь ёй і астатнім краінам Эўропы, беларускай прысутнасьці там. Карыстаючыся нагодаю, хачу яшчэ раз падзякаваць усім, хто дапамагаў у выданьні гэтай кнігі, найперш Згуртаваньню беларусаў у Вялікабрытаніі. Мне хочацца спадзявацца, што эміграцыязнаўчыя дасьледаваньні будуць мець падтрымку і выклікаць цікавасьць ня толькі ў замежжы, але і ў мэтраполіі».