Хто зь беларусаў зьдзейсьніў ваколсьветнае падарожжа? Ці надаюцца падарожжы пад канвоем для памятных уражаньняў? Пра тэматычны выпуск гадавіка “Запісы БІНіМ” Міхась Скобла гутарыць з рэдактарам нумару гісторыкам Натальляй Гардзіенкай.
Міхась Скобла: “Асноўная тэма новых “Запісаў” – падарожжы. Існуе распаўсюджаная думка, што беларусы – не аматары вандраваць. “Народ аседлы мы – ня птушкі пералётныя” (Ларыса Геніюш), “Так хочацца вам глянуць за мяжу? Паверце мне – я гэтага баюся” (Уладзімер Дудзіцкі). Перачытаўшы як рэдактар столькі падарожных твораў (у розных жанрах), адкажыце на пытаньне: дык ці любяць беларусы падарожнічаць?”
Натальля Гардзіенка: “У жаданьні або нежаданьні вандраваць беларусы наўрад ці адрозьніваюцца ад прадстаўнікоў іншых нацыяў, бо гэта, хутчэй, уласьцівасьць чалавечая, а не нацыянальная. Цягам сваёй гісторыі беларусы часта траплялі ў становішча “вымушаных” падарожнікаў, і гэта накладала пэўны адбітак на ўспрыманьне імі іншых краінаў і народаў. Ілюстрацыяй пэўных адчуваньняў тут могуць быць радкі таго самага Ўладзімера Дудзіцкага: “Я пазнаў і Эўропу, і Азію / і Аўстралію вызнаць шчэ мусіў; / думка сэрца маё уразіла: / не пазнаў што як сьлед Беларусі”… Гэтае жаданьне вяртаньня да Беларусі, да сваіх і гуртавала беларусаў у суполкі на Захадзе. І цалкам зразумелае таму жаданьне беларускіх эмігрантаў-вандроўнікаў наведаць суайчыньнікаў у іншых краінах сьвету. Апісаньнямі такіх падарожжаў-адведак поўніліся старонкі эміграцыйнай пэрыёдыкі, у тым ліку газэтаў “Бацькаўшчына” і “Беларус”.
Скобла: “Ужо сталіся клясыкай жанру “Паломніцтва Мікалая Крыштофа Радзівіла ў Сьвятую Зямлю”, “Авантуры майго жыцьця” Саламеі Пільштыновай”, “Мае падарожжы” Ігната Дамейкі. Якія “вандроўныя” тэксты з апублікаваных у “Запісах” маюць права застацца ў гісторыі нашага прыгожага пісьменства?”
Гардзіенка: “Тэмай новага нумару “Запісаў” сталі ня столькі самі падарожжы, колькі травэлёгі – апісаньні падарожжаў, падарожныя нататкі, зробленыя пераважна беларускімі эмігрантамі паваеннай хвалі. З аднаго боку, гэта тэксты, аўтарамі якіх выступаюць вымушаныя падарожнікі, якія выяжджалі ў іншыя краіны пад ціскам абставінаў. Найбольш яскравыя тэксты – падарожныя лісты з Францыі, Новай Зэляндыі, Вэнэсуэлы, Мадагаскару. Яны цікавыя сваім апісаньнем абставінаў жыцьця ў той ці іншай краіне, своеасаблівым беларускім поглядам. З другога боку, эмігранты апынуліся ў больш прывабным становішчы ў параўнаньні з жыхарамі мэтраполіі – што да добраахвотных вандровак, і скарыстоўвалі з гэтага. Безумоўна, ня ўсе мелі жаданьне падарожнічаць па сьвеце, але шмат хто ажыцьцяўляў і ажыцьцяўляе такія падарожжы. Апісаньні такіх падарожжаў у “Запісах” прадстаўленыя “Манастырскім дзёньнікам” Лявона Юрэвіча ці “Знаёмствам з Аляскай” Зоры Кіпель. Менавіта апошнія мне падаюцца знакавымі тэкстамі сярод беларускіх травэлёгаў”.
Скобла: “Калі чалавек падарожнічае па сваёй волі – адны ўражаньні. Калі выпраўляецца ў вымушанае падарожжа – зусім другія. Два прыклады-антыподы: Рыгор Крушына, які аб’езьдзіў паўсьвету і адну са сваіх кніг назваў “Дарогі”, і Алесь Салавей, які пасьля напаўгалоднага існаваньня ў лягерах DP, мусіў выпраўляцца ў накрайсьветную Аўстралію. Якія падарожжы пераважаюць у нашай травэлягічнай літаратуры?”
Гардзіенка: “Статыстыка падарожжаў не заўсёды адпавядае статыстыцы твораў. Большасьць людзей, у тым ліку і сярод эмігрантаў, падарожнічаюць без ідэі і жаданьня апісаць бачанае. У асяродзьдзі вымушаных падарожнікаў пераважаюць травэлёгі ў выглядзе лістоў як магчымасьць падзяліцца з суайчыньнікамі ўласнымі посьпехамі ці праблемамі на новым месцы. Такой цікавай эпісталярнай спадчыны застаецца яшчэ багата неапублікаванай, і яна можа быць падставай для спэцыяльных дасьледаваньняў. Добраахвотныя падарожнікі –турысты – цікавыя менавіта сваім беларускім поглядам на розныя краіны. Такіх твораў, мне здаецца, сярод вядомых на сёньня травэлёгаў, усё ж менш. Трэба адзначыць, што ў сваім уступным артыкуле “Моваю травэлёгу” Лявон Юрэвіч якраз і паспрабаваў даць характарыстыку вядомым на сёньня беларусім травэлёгам. Аднак у “Запісах” мы ня мелі на мэце цалкам раскрыць тэму падарожжаў і падарожных нататак. Гэта, хутчэй, “адкрыцьцё” тэмы, пастаноўка праблемы, прапанова кірункаў для наступных дасьледнікаў”.
Скобла: “У гэтым нумары “Запісаў” (дарэчы, 600-старонкавым!) зьвяртаюць на сябе ўвагу нататкі Зоры Кіпель пра Аляску. Кажуць, што карэнныя жыхары Аляскі адрозьніваюць два дзясяткі адценьняў сьнегу. А што на Алясцы кінулася ў вочы беларусам?”
Гардзіенка: “Зора і Вітаўт Кіпелі аб’езьдзілі ўсе штаты ЗША і мелі пры гэтым дзьве выразныя мэты. Адна зь іх – турыстычнае знаёмства з краінай, культурай, адметнымі помнікамі, традыцыямі, як у звычайных турыстаў. Другая важная мэта – пошук беларускіх сьлядоў. І тэкст пра падарожжа на Аляску выразна гэта ілюструе. Кіпелі цешацца з падарожжа ў Запаляр’е і адначасова сустракаюцца зь людзьмі, якія могуць засьведчыць беларускую прысутнасьць у гэтым штаце, шукаюць беларускія выданьні ў мясцовых бібліятэках”.
Скобла: “Мы ведаем пра падарожжы Фёдара Конюхава, Тура Хеердала… А хто зь беларусаў зьдзейсьніў ваколсьветнае падарожжа і зафіксаваў свае ўражаньні на паперы?”
Гардзіенка: “Я неаднаразова чула ад розных беларусаў на эміграцыі, што яны зьдзяйсьнялі падарожжы вакол сьвету. Аднак пісьмовых сьведчаньняў такіх падарожжаў няма. Выключэньне, хіба, – падарожжа Міколы Нікана, апісанае на старонках газэты “Беларус”. Гэты аўстралійскі беларус на пачатку 70-х ажыцьцявіў сваё падарожжа вакол сьвету за 75 дзён, у часе якога адведаў Азію, Эўропу, Амэрыку. Адной з мэтаў яго вандроўкі было наведваньне Бацькаўшчыны, і апісаньню гэтага падарожжа адведзены асобны разьдзел дзёньніка Міколы Нікана. Прыканцы ён заўважыў: “Вяртаўся ў іншы сьвет, дзе тыя самыя словы маюць іншы зьмест. Таму гэтак цяжка паразумецца. Гаворачы фармальна аб тым самым, разумеецца і ўяўляецца ўсё па-рознаму, па-свойму…”
Скобла: “Травэлёгі, аднак, – не адзіная тэма новых “Запісаў”. Немагчыма прамінуць, напрыклад, артыкул Лявона Юрэвіча “Бінімаўская Купаліяна”. У свой час Янка Запруднік перадаў аўтограф верша “О так, я пралетар!..” у Купалаўскі музэй у Менску. Дык мо варта і астатнія экспанаты перадаць у Беларусь, у Музэй песьняра?”
Гардзіенка: “У Архіве Беларускага інстытуту навукі і мастацтва захоўваецца нямала дакумэнтаў і рэчаў, зьвязаных з гісторыяй беларускай літаратуры. Прыкладам, разразны нож Янкі Купалы, перададзены ў БІНіМ паэтам Міхасём Кавылём. Ёсьць меркаваньне, што менавіта гэтым нажом Купала зрабіў сабе харакіры. Кажуць, існуе адзін з партрэтаў Купалы, на якім гэты нож ляжыць на ягоным пісьмовым стале… Што да мэтазгоднасьці перадачы гэтых рарытэтаў на радзіму… Архівы БІНіМу перададзеныя на захаваньне ў Нью-Ёрскую Публічную бібліятэку і будуць зьберагацца там. Такім чынам Інстытут, верагодна, хоча пазьбегнуць доступу да гэтых дакумэнтаў тае ўлады, што пануе ў мэтраполіі. Наколькі гэта разумна – пакажа час”.
Скобла: “Асобная публікацыя ў “Запісах” прысьвечаная Архіву БНР, які перахоўваўся ў Міколы Абрамчыка. Вось што пісала пра яго Ларыса Геніюш у лісьце да Аляксея Пяткевіча 6 кастрычніка 1969 году: “Там былі вартасныя для народу рэчы. Была копія апошняга ліста кс. Гадлеўскага перад расстрэлам яго гестапаўцамі, былі апошнія, абрызганыя крывёю (кроў – горлам!) паштоўкі дзядзькі Васіля Захаркі, дзе ён мяне выклікаў, каб радзіцца, што яму рабіць перад сьмерцю з паўнамоцтвамі Ўраду… Былі дзясяткі фатаграфіяў Ураду”. Пра гэты архіў апошнім часам шмат пісалася. Дык які ягоны лёс? Ён існуе як цэласьць у нейкай сховані, ці расьцярушаны па розных прыватных зборах?”
Гардзіенка: “Архіў Міколы Абрамчыка – адзін з найбольш міталягізаваных архіўных збораў на эміграцыі. Вядома, што ў ягоны склад уваходзілі некалькі скрыняў архіваў БНР, аднак знаходжаньне іх пасьля сьмерці Абрамчыка застаецца нявысьветленым. У Янкі Запрудніка захоўвалася адна тэчка з дакумэнтамі гэтага архіву, і апісаньне яе зьмешчанае ў гэтым нумары “Запісаў”. Нельга сказаць, што яна адлюстроўвае цалкам характар архіву Міколы Абрамчыка, але пра нешта ўсё ж сьведчыць. На жаль, мы не змаглі цалкам раскрыць таямніцу зьнікненьня архіву, але намагаліся выдрукаваць сьведчаньні пра тое, як лёс архіву спрабавалі вырашыць на эміграцыі адразу пасьля сьмерці прэзыдэнта, у тым ліку і праз ініцыяваньне судовага зыску супраць ягонай удавы Ніны Абрамчык. Тым ня менш, архіў так і ня быў перададзены Радзе БНР, і сёньняшняе яго месцазнаходжаньне застаецца невядомым”.
Скобла: “Запісы” шторазу таўсьцеюць, у гэтым нумары – 600 старонак. Вы – рэдактар гэтага нумару. Хто дапамагае вам у выданьні гэтага аўтарытэтнага гадавіка?”
Гардзіенка: “Карыстаючыся нагодаю, выказваю падзяку ўсім аўтарам гэтага нумару, у тым ліку Навуму Гальляшэвічу, гісторыкам Алесю Пашкевічу, Генадзю Сагановічу, Аляксандру Адзінцу, Юрыю Грыбоўскаму, мовазнаўцу Зьмітру Саўку і ўсім тым, хто спрычыніўся да зьяўленьня на сьвет гэтага выданьня. Наступны нумар “Запісаў” будзе прысьвечаны ня менш важнай тэме – эпісталярнай спадчыне беларускіх эмігрантаў, і там таксама будзе шмат цікавых тэкстаў”.