Што для вас свабода?
Свабода для мяне – гэта магчымасьць рэалізоўваць усе свае задумы.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Час і грошы.
Што для вас шчасьце?
Здароўе блізкіх.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Баюся страты блізкіх людзей. І баюся не пасьпець ажыцьцявіць усе свае задумы.
Які талент вы хацелі б мець?
Талент фатографа – фіксаваць важныя імгненьні навакольнага жыцьця.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Не магу сказаць, што кімсьці захапляюся. Ёсьць шэраг асобаў, якія зьяўляюцца для мяне аўтарытэтамі. Сярод іх: Юры Туронак, айцец Аляксандар Надсан, Вітаўт Кіпель.
Што Вы найбольш любіце рабіць?
Чытаць старыя дакумэнты і пэрыядычныя выданьні мінулых часоў.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б Вы зьмянілі?
Бадай што – нічога.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Цані тое, што маеш.
Які Ваш улюбёны дэвіз?
Хутчэй – правіла: “Праблемы трэба вырашаць па меры іх зьяўленьня”.
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
У дэмакратычнай.
У якой краіне Вы хацелі б жыць?
У Беларусі.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
Мяне цалкам задавальняе той час, у якім я жыву.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Мне ня хочацца стаць кіраўніком Беларусі.
Якія адносіны павінна мець Беларусь з Эўразьвязам?
Такія ж, як і зь іншымі краінамі: як роўная з роўнымі.
Якія адносіны Беларусь павіна мець з Расеяй?
Раўнапраўныя.
Некаторыя думаюць так: “Няхай дыктатура, абы свая?” А Вы?
Не люблю выбіраць лепшае з дрэннага. Я – супраць дыктатуры, і сваёй, і чужой.
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Калі існуючая ўлада будзе нявыгадная народу, народ яе скіне.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Калі ўсьвядомяць сябе асобнай свабоднай і раўнапраўнай нацыяй.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Нічога ня зьменіцца. Усё будзе так, як сёньня.