Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чакаецца палітычны землятрус у Вялікабрытаніі


Заўтра ў Вялікабрытаніі адбудуцца выбары ў ніжнюю палату парлямэнту, гэтак званую Палату абшчын (House of Commons). Паводле апытаньняў грамадзкай думкі выглядае, што ні Партыя працы, ні Кансэрватыўнай партыя, якія зьмянялі адна адну ў брытанскім урадзе цягам апошніх 80 гадоў, не атрымаюць большасьці ў Палаце абшчын, у якой 650 месцаў.


Ну і што? — запытаеце. Дык партыя, якая атрымае найбольшую колькасьць галасоў, створыць урадавую кааліцыю зь нейкай іншай партыяй, і ўсё. Так наогул паступаюць у іншых эўрапейскіх краінах.

Праблема аднак у тым, што ў Вялікабрытаніі не паступаюць так, як у іншых эўрапейскіх краінах. У Вялікабрытаніі няма канстытуцыі, а таму няма ясных і ўсім зразумелых правілаў, як паступаць у такіх выпадках, калі ні лейбарысты (Партыя працы), ні кансэрватары ня выйграюць выбараў. Калі выйграюць, дык усё ясна — лідэр пераможнай партыі становіцца прэм’ер-міністрам і фармуе ўрад. А цяпер можа здарыцца так, што нават ня будзе вядома, хто з палітычных лідэраў мае выступіць зь ініцыятывай фармаваньня новага ўраду.

У брытанцаў няма канстытуцыі, але ёсьць каралева. Калі не вядома, што рабіць, дык брытанцы зробяць так, як скажа каралева. Аднак большасьць брытанскіх палітычных назіральнікаў мяркуе, што каралева ня будзе мяшацца ў такую "дробязную" справу, як партыйныя спрэчкі наконт фармаваньня новага ўраду. Брытанцы ганарацца тым, што іхняя каралева ня брудзіць сваіх рук палітыкай.

Краінай цяпер кіруе лідэр Партыі працы Гордан Браўн. Апытаньні паказваюць, што ні ягоная партыя, ні кансэрватары пад кіраўніцтвам Дэйвіда Кэмэрана ня маюць падтрымкі больш за паловы выбарцаў. Аказваецца, што Лібэральныя дэмакраты, кіраваныя Нікам Клэгам, маюць цяпер рэйтынг параўнальны з кансэрватарамі і лейбарыстамі.

Апытаньні, аднак, цяжка перакласьці на колькасьць мандатаў у Палаце абшчын, бо ў Вялікабрытаніі не прапарцыянальная, а мажарытарная выбарчая сыстэма. Значыць, колькасьць здабытых мандатаў не залежыць ад колькасьці атрыманых галасоў па ўсёй краіне, а ад колькасьці перамогаў у паасобных выбарчых акругах. Пры такой сыстэме могуць быць самыя розныя раскладкі галасоў і мандатаў. Магчыма, хоць і малаімаверна, што ўсё ж такі нейкая партыя здабудзе 326 мандатаў, патрэбных для кіраваньня краінай.

Лібэральныя дэмакраты набралі ачкоў сярод выбарцаў дзякуючы тэлевізійным дэбатам паміж Браўнам, Кэмэранам і Клэгам. Такія дэбаты паміж лідэрамі найбольшых партыяў былі арганізаваныя ў гэтым годзе ў Вялікабрытаніі ўпершыню.

Раней здаралася, што Лібэральныя дэмакраты здабывалі нават 50 мандатаў у Палаце абшчын, але гэта ня мела ніякага значэньня, бо заўсёды перамагалі або лейбарысты, або кансэрватары. Цяпер выглядае на тое, што Лібэральныя дэмакраты могуць набраць прыблізна столькі ж галасоў, што і гэтыя дзьве партыі.

Сытуацыя ўскладняецца яшчэ і тым, што ў Вялікабрытаніі ёсьць меншыя партыя, якія, паводле апытаньняў, сёлета могуць набраць 15 адсоткаў галасоў. Раней гэтыя меншыя партыі набіралі агулам 2-3 адсоткі галасоў, а таму ніхто на іх не зьвяртаў сур’ёзнай увагі. А таму, відаць, мала хто ў Эўропе і ведае, што ў Вялікабрытаніі, акрамя партыяў валійскіх і шатляндзкіх нацыяналістаў, дзейнічае і ўдзельнічае ў выбарах і партыя з фашысцкай ідэалёгіяй — Брытанская нацыянальная партыя.

Зусім магчыма, што без умяшаньня каралевы, якой нядаўна споўнілася 84 гады, брытанцы і не разьбяруцца, як ім быць пасьля выбараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG