Паводле афіцыйнай інфармацыі, стан мастоў ацэньваецца пракуратурай як блізкі да аварыйнага.
“Намі атрыманы адказ, што гарвыканкам зьбіраецца ініцыяваць пытаньні атрыманьня грашовых сродкаў як з крэдытных крыніцаў, так і з абласнога бюджэту для рамонту мастоў. Пытаньне, што будуць шукацца сродкі, не задавальняе пракуратуру. Калі выканаўчая ўлада паставіць пытаньне, што грошы патрэбныя тэрмінова, тады нешта скранецца зь месца”, — цытуюць афіцыйныя крыніцы першага намесьніка пракурора вобласьці Алега Пімашкова.
Масты патрабуюць рамонту ня першы год. Адзін зь іх, што злучае прамысловы раён цэнтру Магілёва з праспэктам Шміта ў Задняпроўі, пачаў дзейнічаць з тэхналягічнымі хібамі. Яго неаднойчы ўжо рамантавалі, аднак рады праблемам да канца не далі.
Другі, самы стары магілёўскі мост, злучае гістарычную частку горада з праспэктам Пушкіна. Палатно моста пасеклі трэшчыны. Найбольш дагледжанай на мосьце выглядае шыльда савецкаму герою Мікалаю Яшыну, які загінуў у 1944 годзе.
Гісторыкі сьцьвярджаюць, што пры ўзьвядзеньні моста выкарыстоўваліся падмуркі разбуранай Траецкай царквы.