ВЯЛІКАЯ БЕРАСТАВІЦА
25 базавых штрафу за агітацыйную кампанію
У Вялікай Бераставіцы сёньня рашэньнем суду на 25 базавых велічынь аштрафаваны былы кандыдат у дэпутаты, сябра партыі БСДП (Грамада) Алег Рамашкевіч. Яго зьвінавацілі ў расклейваньні агітацыйных улётак на сьценах дамоў. Ён вінаватым сябе не прызнаў.
Суд над Алегам Рамашкевічам пачаўся яшчэ ў аўторак, але быў адкладзены, паколькі ў судзе не было сьведак.
Сёньня супраць Алега Рамашкевіча сьведчылі старшыня сельскага савету з Малой Бераставіцы Аляксей Грынюк і тры жанчыны.
Калі Алег Рамашкевіч запытаўся ў старшыні сельсавету, чаму ў іх вёсцы не былі падрыхтаваныя месцы для расклейваньня агітацыйных улётак на час выбараў, той адказаў, што ўлёткі можна было разьвешваць у крамах і калгасных майстэрнях.
Адна з жанчын даводзіла, што нібыта пад’ехала дадому на машыне, калі ён клеіў улёткі, і нібыта спадар Рамашкевіч нават хацеў зь ёй загаварыць, але яна адмовілася. Сам жа Рамашкевіч адказаў, што ня бачыў наагул ні яе, ні яе аўтамабіля.
Другая жанчына засьведчыла, што ішла дадому і бачыла, што Рамашкевіч стаяў побач з улёткай і чытаў яе, а раней, відаць, і сам наклеіў. Трэцяя жанчына даводзіла, што бачыла, нібыта Алег Рамашкевіч клеіў улёткі, праўда, на суседнім пад’езьдзе.
Алег Рамашкевіч, зь яго слоў, назваў суду гэтыя паказаньні хлусьнёй і запытаўся ў сьведак толькі пра тое, дзе яны працуюць, каб давесьці суду, што на гэтых людзей націснулі ўлады. Ён заявіў у судзе:
«Пра гэтых сьведак я думаю толькі адно, што яны імкнуцца падтрымліваць добрыя адносіны з участковым, зь мясцовай уладай. Ён іх папрасіў, угаварыў, магчыма, ім нешта паабяцалі. Думаю, галоўную ролю адыгрываюць інтарэсы гэтых людзей».
Алег Рамашкевіч лічыць, што рашэньне суду — гэта помста яму ад мясцовых уладаў за скаргі ў ЦВК і ўвогуле грамадзкую актыўнасьць.
Штраф у памеры 25 базавых велічынь на сёньняшні дзень — гэта каля 900 тысяч рублёў. Судзьдзя Сяргей Пракопік ня ўзяў пад увагу ні таго, што ў Алега Рамашкевіча трое непаўналетніх дзяцей, ні таго, што ён ня мае працы.
МАГІЛЁЎ
Пра парушэньні даведаецца міжнародная супольнасьць
Магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель лічыць, што галоўнае — зафіксаваць самі факты парушэньняў, каб яны засталіся ў архівах. Акрамя таго, важна, каб міжнародная супольнасьць ведала, што актывісты не прамаўчалі.
Сябра Партыі свабоды й прагрэсу, студэнт Юры Стукалаў перамог на двух выбарчых участках. Ён, аднак, патрабуе ад абласной тэрытарыяльнай камісіі, каб тая прызнала, што выбары па ягонай акрузе не адбыліся.
«Мяне як будучага сацыёляга засмучаюць агучаныя ўчастковымі камісіямі вынікі галасаваньня. Напрыклад, на адным участку я перамог, а на суседнім з тым жа кантынгентам выбарцаў, студэнтамі, я заняў апошняе месца. Акрамя таго, на трох участках пераможца атрымліваў падазрона аднолькавыя галасы падтрымкі. На трох участках за яго галасавалі па 800 чалавек. За мяне таксама падазрона аднолькава — па 250 чалавек. Я перакананы, што гэта ня проста супадзеньне. Я буду намагацца дайсьці да міжнародных структураў, каб апратэставаць вынікі выбараў па маіх акругах», — заяўляе Юры Стукалаў.
ЧЭРЫКАЎ
Ужо месяц няма адказу
Амаль месяц чакае адказу з пракуратуры Чэрыкаўскага раёну вылучэнец ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Царкоў. Ён патрабаваў, каб газэта райвыканкаму «Веснік Чэрыкаўшчыны» апублікавала зьвесткі пра даходы і маёмасьць кандыдатаў у дэпутаты:
«Я даслаў дзьве скаргі. Першую 14 красавіка, а потым праз тыдзень. Адказу няма. І я разумею, чаму няма. Што яны мне адкажуць? Прызнаюць, што выканаўчая ўлада распарадзілася не публікаваць? За час выбараў я напісаў чатыры скаргі ў пракуратуру. Дзьве першыя далі вынік. Зьнялі з выбараў мэтадыстку з нашага дома піянэраў. Затое замест яе паставілі начальніка мясцовага аддзелу міліцыі. Ён перамог на выбарах».
Акрамя Чэрыкаўшчыны, утоенымі засталіся зьвесткі пра даходы й маёмасьць кандыдатаў у дэпутаты на Шклоўшчыне. Іх не апублікавала мясцовая раёнка «Ўдарны фронт».
БЕРАСЬЦЕ
Намесьнік старшыні БСДП (Грамада) Ігар Маслоўскі балятаваўся кандыдатам у дэпутаты Берасьцейскага гарсавету. Ён лічыць, што ня стаў дэпутатам толькі з прычыны фальшаваньня вынікаў галасаваньня. Таму ў скарзе ў Берасьцейскую тэрытарыяльную выбарчую камісію патрабуе прызнаць вынікі выбараў 25 красавіка несапраўднымі.
Перакананыя, што іх таксама ашукалі, экс-кандыдаты ў дэпутаты Берасьцейскага гарсавету Сьвятлана Лісюк, Ганна Канюс, Валянцін Лазарэнкаў і Аляксандар Салдатаў. У сваіх скаргах яны называюць канкрэтныя падзеі, калі назіральнікам не дазвалялі кантраляваць галасаваньне 25 красавіка. Супраць усіх кандыдатаў ад БСДП (Грамада) былі выраблены і расклеены на сьценах будынкаў улёткі ганебнага зьместу.
Пісьмовы пратэст накіраваў і сябра ўчастковай камісіі Леанід Піўнюк. Ён даводзіць, што яму не дазволілі пазнаёміцца з пратаколам падліку галасоў. Спадар Піўнюк заяўляе пра фальшаваньне зьвестак і патрабуе правесьці паўторнае галасаваньне.