Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кадырава зноў падазраюць у арганізацыі забойства


Рамзан Кадыраў
Рамзан Кадыраў

Аўстрыйскія ўлады лічаць, што прэзыдэнт Чачні Рамзан Кадыраў можа быць зьвязаны з забойствам чачэнскага ўцекача Ўмара Ісраілава.


Ісраілава забілі ў Вене ў леташнім студзені. Пры канцы 2006 году ён падаў у Эўрапейскі суд у правох чалавека пазоў супраць Расеі, у якім вінаваціў Рамзана Кадырава ў сыстэматычным выкарыстаньні катаваньняў і выкраданьняў для ўціхамірваньня нязгодных зь яго палітыкай. У прэс-службе Кадырава адмаўляюць дачыненьне прэзыдэнта Чачні да забойства яго былога целаахоўніка.

Расьсьледаваньнем забойства Ўмара Ісраілава займаецца аўстрыйскае дзяржаўнае ўпраўленьне для абароны канстытуцыі і барацьбы з тэрарызмам. Вывучыўшы даклад гэтага ведамства, афіцыйны прадстаўнік венскай пракуратуры Вальтэр Гергард Яраш заявіў:

“Даклад дае падставы меркаваць, што Кадыраў стаіць за забойствам Ісраілава і што ён загадаў яго выкрасьці”.

Прадстаўнікі аўстрыйскіх уладаў прызнаюць, што ў іх ёсьць толькі ўскосныя доказы.

Умар Ісраілаў – былы ўдзельнік чачэнскага супраціву, ён быў затрыманы, але пазьней амніставаны. Ісраілаў стаў целаахоўнікам Рамзана Кадырава, але пазьней уцёк у Заходнюю Эўропу, атрымаў палітычны прытулак у Аўстрыі і падаў пазоў у Эўрапейскі суд у правох чалавека, у якім абвінаваціў Рамзана Кадырава ў катаваньнях і выкраданьнях людзей. Яшчэ пры жыцьці Ўмар Ісраілаў сьцьвярджаў, што пасьля яго ад'езду ў Аўстрыю Кадыраў нібыта 10 месяцаў утрымліваў пад вартаю ягонага бацьку, спрабуючы прымусіць былога целаахоўніка вярнуцца ў Чачню. Умара Ісраілава застрэлілі ў студзені 2009 году ў Вене, калі ён выходзіў з крамы. Сьледзтва падазрае, што яго хацелі выкрасьці, а не забіць, але апэрацыя сарвалася.

Вось як пракамэнтаваў абвінавачаньні аўстрыйскай паліцыі прэс-сакратар Рамзана Кадырава Альві Карымаў:
Нейкімі сіламі ці групамі вядзецца мэтанакіраваная інфармацыйная вайна супраць Рамзана Кадырава...


“Магу адназначна заявіць, што ўсе гэтыя паведамленьні не адпавядаюць сапраўднасьці. Прэзыдэнт Чачэнскай Рэспублікі Рамзан Кадыраў ня мае ніякага дачыненьня да падзеяў у Вене, у выніку якіх загінуў Ісраілаў. Тут спрабуюць выдаць жаданае за сапраўднае, прыцягнуць за вушы падзею да нейкага канкрэтнага чалавека. З неўразуменьнем чытаю паведамленьні аб тым, што нібыта Кадыраў даў загад выкрасьці Ісраілава. Нашто Кадыраву выкрадаць Ісраілава? Гэта першае. Другое: Ісраілаў – гэта не іголка, гэта чалавек. І як, на думку аўстрыйскіх уладаў, выкрадзенага можна было даставіць у Расею, абмінаючы шматлікія мяжы, лётнішчы і гэтак далей? Лічу, што нейкімі сіламі ці групамі вядзецца мэтанакіраваная інфармацыйная вайна супраць прэзыдэнта Чачэнскай Рэспублікі Рамзана Кадырава”.

Карэспандэнтцы расейскай службы нашага радыё Любові Чыжовай удалося зьвязацца з бацькам Умара Ісраілава Алі Ісраілавым, які цяпер жыве за межамі Расеі. Вось што ён думае аб расьсьледаваньні забойства свайго сына:
У Ўмара была інфармацыя, ён асабіста быў сьведкам шматлікіх злачынстваў Кадырава...

“Я страціў сына і цяпер сам вымушаны хавацца. Мы з сынам вырашылі, калі гэта пачыналася, што будзем падаваць пазоў у Страсбурскі суд. У Ўмара была інфармацыя, ён асабіста быў сьведкам шматлікіх злачынстваў Кадырава. А потым, калі яго забілі ў Вене, мы з адвакатам пастанавілі зноў падаць гэтыя дакумэнты. Прыходзіцца вельмі доўга чакаць”.

Аб пэрспэктывах расьсьледаваньня забойства былога целаахоўніка Кадырава гаворыць супрацоўнік праваабарончага цэнтру “Мэмарыял” Аляксандар Чаркас:
Аўстрыйская паліцыя называла прычынным да гэтай справы і хацела дапытаць іншага чалавека – Шаа Турлаева, дарадцу Рамзана Кадырава...

“Я зьдзіўлены тым, што назвалі імя Рамзана Кадырава. У траўні ў Вене мелі пачацца судовыя слуханьні ў справе аб забойстве Ўмара Ісраілава. Рэч у тым, што аўстрыйская паліцыя называла прычынным да гэтай справы і хацела дапытаць іншага чалавека – Шаа Турлаева, дарадцу Рамзана Кадырава. Ён якраз тады, у студзені 2009 году, знаходзіўся ў Вене. Праўда, цьвердзіў, што знаходзіўся там выключна ў сувязі з праблемамі са здароўем. Але тады аб абвінавачаньні на ягоны адрас гаворка не ішла.

Зрэшты, ужо ў найбліжэйшы час мы зможам больш уважліва азнаёміцца з тымі доказамі, якія сабрала аўстрыйская паліцыя. І заразом ацаніць адрозьненьні ў рабоце праваахоўчых органаў у Вене і Маскве. Раней гэтыя адрозьненьні былі заўважаныя паміж Масквой і Дубаем. Бо пасьля таго як быў арыштаваны падазраваны ў забойстве Руслана Ямадаева, пра якое гаварылася, што ніці ад яго вядуць у атачэньне Рамзана Кадырава, суд у Маскве гэтага чалавека апраўдаў. А вось у Дубаі два чалавекі былі засуджаныя на пажыцьцёвае зьняволеньне. Паглядзім, параўнаем, як будуць разьвівацца дзьве іншыя судовыя справы – венская і маскоўская, дзе гаворка ідзе аб спробе забойства Ісы Ямадаева”.

Прэзыдэнта Чачні Рамзана Кадырава зьвязваюць ня толькі з забойствам Умара Ісраілава. Чачэнскі бізнэсовец Іса Ямадаеў сьцьвярджае, што Кадыраў мае дачыненьне да забойства ягоных братоў Суліма і Руслана Ямадаевых. У лістападзе 2006 году ў Маскве быў забіты былы камандзір спэцыяльнай баявой групы “Горац” Маўладзі Байсараў, які адкрыта выступаў супраць Рамзана Кадырава. Сам прэзыдэнт Чачні адмаўляе сваю прычыннасьць да гучных злачынстваў, сьцьвярджаючы, што ягоныя праціўнікі вядуць супраць яго інфармацыйную вайну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG