Аднак гэтага недастаткова, адзначае спадар Пачобут:
"Перш за ўсё павінны быць беларускі "катыньскі сьпіс". Справа ў тым, што на падставе сумна вядомага рашэньня Палітбюро ад сакавіка 1940 году ў Катыні і іншых лягерах былі расстраляны ня толькі афіцэры, але і людзі, якія знаходзіліся ў турмах на тэрыторыі БССР і ЎССР. Ва Ўкраіне гэты сьпіс вядомы, у тым ліку і польскаму боку. А вось больш за 3800 прозьвішчаў з беларускага сьпіску застаюцца невядомымі. Таксама невядома і месца расстрэлу. Ёсьць пэўныя сьведчаньні, што гэта маглі быць Курапаты альбо нейкае іншае месца пад Менскам. Таму што апошнія дакумэнтальныя сьведчаньні, якія ўдалося знайсьці дасьледчыкам, гэта дадзеныя аб этапіраваньні вязьняў з Баранавічаў, Берасьця, Беластоку ды іншых месцаў у Менск. І гэтыя дадзеныя павінны быць у беларускіх архівах".